«Развітвацца вельмі цяжка». Гісторыі беларускіх уцекачоў, якія праз гады сустрэліся з бацькамі

Рэжым, час і абставіны ствараюць усё больш перашкод для таго, каб блізкія людзі па розныя бакі мяжы маглі ўбачыць адно аднаго. «Медыязона» сабралі гісторыі людзей, якім гэта ўдалося.

Праз гады расстання ў сустрэчах бацькоў і дзяцей шмат любові. Ілюстрацыйная выява: «Midjourney»

Праз гады расстання ў сустрэчах бацькоў і дзяцей шмат любові. Ілюстрацыйная выява: «Midjourney»

Беларусы, якія не могуць вярнуцца дадому і жыць там, цяжка перажываюць расстанне з блізкімі. Сустракацца складана: візы атрымаць цяжка, стаяць на мяжы доўга, туры ў Еўропу ці квіткі ў Грузію — дорага. Чацвёра беларусаў расказалі «Медыязоне», як упершыню сустрэліся з мамамі праз гады расстання з-за вымушанай эміграцыі.

З бацькам не размаўлялі год. Мікіта

У 2020 годзе Мікіту з-за пратэстаў адлічылі з пятага курса медыцынскага ўніверсітэта. Праз гэтую сітуацыю перад ад'ездам з Беларусі Мікіта пасварыўся з бацькам — той не паехаў яго праводзіць. Яны не размаўлялі год.

Мікіта з'ехаў у Маскву, а адтуль паляцеў у Славакію, дзе працягнуў вучыцца па «калямедыцынскай» спецыяльнасці.

 З боку бацькоў я тады разумення не сустрэў: яны гаварылі, што засмучаны праз мяне, што ўсе мае аднакурснікі стануць лекарамі, а я цяпер дурань без адукацыі, і незразумела, чым буду займацца, — згадвае ён.

Пасля пераезду ў Еўропу стасункі з мамай у Мікіты сталі наладжвацца: яна цікавілася, як справы, прапаноўвала дапамогу. Бацька ведаў пра справы Мікіты толькі са слоў жонкі.

Глядзіце таксама

Першая сустрэча ў сям'і атрымалася ў Літве — толькі ў жніўні 2022 года. Пасля сустрэчы пра крыўды было забыта.

— Мы правялі тыдзень на Балтыйскім моры. Расставацца было цяжка і сумна, таму што хацелася дадому. Пачынае з'яўляцца адчуванне, што не так усё і дрэнна ў краіне, з'яўляецца адчуванне бяспекі. Але бацькі выцвярэжвалі сваімі аповедамі пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

Пабачыўшыся з бацькамі, Мікіта стаў задумвацца, што ім варта было б з'ехаць з Беларусі. Ён баіцца за іх бяспеку і за тое, што ў нейкі момант межы проста закрыюцца або ў краіне забароняць атрымліваць візы ў Еўропу.

 Я кажу ім часта, што перспектыў у Беларусі асабліва ніякіх, што хутка новыя выбары і будзе яшчэ горш, што мною могуць зацікавіцца і пачаць прыходзіць да іх, што мае сябры некаторыя адбываюць тэрміны. Але ў адказ толькі: «А кім мы там будзем, а як жа мова, і гэтак далей». Увогуле — чакаем ля мора пагоды.

Час, які можна правесці разам, бяжыць вельмі хутка. Алена

Алена з'ехала з Беларусі ў Грузію ў 2021 годзе. Улетку 2022 года да яе ў госці ўпершыню прыляцела яе сястра. Нядаўна ў іх зноў атрымалася сустрэцца. Першы раз сястра ляцела з Мінска на самалёце, а цяпер давялося ехаць на аўтобусе.

«У Беларусі сталі проста нерэальна дарагімі квіткі на самалёт. Таму яна ехала праз Расію тры дні на аўтобусе. Са сваімі ўражаннямі, канешне. Як яна кажа — проста нейкі вялікі вар’яцкі дом, а не краіна. І гэтыя літары «Z», і вайсковая тэхніка. Хапіла ўражанняў».

Мама Алены хварэе, таму не можа прыехаць у госці да дачкі. З гэтай прычыны яе сястра не пераязджае з Беларусі — маці патрэбны дапамога і клопат.

Рэдкія сустрэчы з сястрой — вялікая эмацыйная разгрузка для Алены: «Я так рада, калі яна прыязджае! Мы абдымаемся, гутарым пра ўсё, што адбываецца, што адбылося за два гады маёй эміграцыі. Нейкія ўспаміны, сумесныя прыколы, пра тое, што было, пра планы на жыццё. Шмат гуляем, ходзім па розных месцах».

Глядзіце таксама

«Развітвацца вельмі цяжка, я загадзя пра гэта думаю. Час, які можна правесці разам, бяжыць вельмі хутка. Невядома, калі наступным разам пабачымся. Ёсць страхі, што яна не зможа больш прыехаць, што межы Беларусі закрыюць канчаткова, што ў сілавікоў узнікнуць прэтэнзіі і па яе прыйдуць».

Стала ясна, што мама не маладзее. Каця

Каця з'ехала з Беларусі ў 2021 годзе. Нядаўна яна змагла сустрэцца з маці пасля больш чым двухгадовага расстання.

«Візу для мамы было зрабіць цяжка. Мы ўвесь час шукалі магчымасці, але былі прычыны і сямейныя, і фінансавыя. Не толькі тое, што немагчыма запісацца».

Улетку 2023 года сям'я купіла аўтобусны тур у адну з краін Еўропы — дабірацца туды, каб сустрэцца з мамай, давялося і самой Каці. Паводле слоў дзяўчыны, яе мама за два гады адчувальна змянілася.

«Калі ты асабіста не бачыш чалавека столькі часу, не можаш яго абняць, дакрануцца, бачыш яго толькі па відэасувязі, то потым разумееш — так, мама не маладзее. Так, яна пастарэла. Мне заўсёды здавалася, што мы з ёй аднаго росту — ну, можа я на пару сантыметраў вышэйшая. А вось мы пабачыліся, і я разумею — мама стала проста ніжэйшая за мяне. Такая маленькая, такая далікатная, але такая ж актыўная, вясёлая і жывая».

Разам маці і дачка пабылі толькі паўтара дня. Паўтара дня Каця з мамай гулялі па горадзе і размаўлялі «наогул пра ўсё».

«Мне здаецца, мы наогул не гаварылі пра тое, колькі мы не бачыліся. Проста абмяркоўвалі горад, ежу, людзей, мінулае. Напэўна, гэта такая штука ў эміграцыі: ты пачынаеш настальгаваць, згадваць, як у дзяцінстве збіраў сена або карміў курэй, ці нешта яшчэ. Успаміналі моманты з майго дзяцінства смешныя, сумныя. Атрымалася цалкам адключыцца, здавалася, што ў свеце існуём толькі мы ўдзвюх».

Акрамя мамы Каці ў аўтобусе было яшчэ некалькі чалавек, якія спецыяльна куплялі тур, каб сустрэцца з блізкімі.

«Там быў дзядуля гадоў 70, ён расказваў, што сустрэўся з унукам у Польшчы — яны заязджалі на экскурсію ў адзін горад. І ў іх было літаральна некалькі гадзін на сустрэчу. Яны таксама не бачыліся некалькі гадоў, і вось дзядуля сказаў, што апошні раз убачыў унука».

Глядзіце таксама

Калі Каця развітвалася з мамай, да іх падышла незнаёмая жанчына з аўтобуса. Яна папрасіла дазволу абняць Кацю і сказала: «Можа, я свайго таксама калі-небудзь убачу». Верагодна, яна гаварыла пра свайго сына.

«Гэта, канешне, вельмі эмацыйна. Людзі купляюць такія дарагія туры — прыкладна 400 еўра, каб проста пабачыцца са сваімі роднымі. Нам пашанцавала, таму што мама атрымала шматразовую візу».

Расставацца было сумна. Каця кажа, што нават не думала плакаць да таго моманту, пакуль яе не абняла тая жанчына з аўтобуса. Пры гэтым у дзяўчыны з'явілася лёгкасць: атрымалася ўбачыць маму, і мама была ў парадку.

«У нас з мамай у дзяцінстве былі цяжкія адносіны. Яны палепшыліся пасля таго, як я паступіла ва ўніверсітэт і з'ехала з роднага горада. Пасля майго ад'езду з Беларусі мы сталі яшчэ больш блізкімі».

Абвастрылася патрэба адна ў адной. Марго

Марго з'ехала з Беларусі ў 2021 годзе. Спачатку ў Грузію, а пазней — у Літву. Некалькі месяцаў таму яна сустрэлася з маці: той удалося зрабіць візу, і яна прыехала да дачкі ў Вільню.

«Наша сустрэча была вельмі эмацыйнай, у ёй было вельмі шмат любові. Я рада была ўбачыць яе пасля такога доўгага расстання».

Як і ў Каці, стасункі Марго з мамай пасля эміграцыі сталі больш блізкімі.

«Раней у нас не было такой блізкай сувязі, а цяпер у нас з ёй як быццам бы абвастрылася патрэба адна ў адной і ўсе пачуцці сталі ярчэйшымі».

Глядзіце таксама

Марго правяла з маці каля тыдня. Спачатку яны былі ў Вільні, там мама дзяўчыны ўдзельнічала ў кірмашы рамеснікаў са сваімі працамі з эпаксіднай смалы. Такое хобі ў яе з'явілася пасля ад'езду дачкі. Тыя некалькі дзён, што засталіся, яны правялі на моры — у Паланзе і Клайпедзе.

«Яна параўноўвала цэны на прадукты, параўноўвала менталітэт. Першае, што яна сказала — як спакойна яна сябе адчула, як стала менш трывогі, страху перад паліцэйскімі, якія людзі гасцінныя, усмешлівыя. Крэмы свае любімыя ад «Nivea» купіла, таму што ў Беларусі яны не прадаюцца».

«Плакалі мы, вядома, абедзве. Стаялі доўга, абдымаліся — з надзеяй на тое, што хутка зможам сустрэцца зноў. Так, страшна, што межы могуць закрыць, і разам з тым ёсць упэўненасць, што ў нас будзе магчымасць бачыцца, калі не цяпер, то праз месяц, праз пару месяцаў ці нават гадоў. З'явілася вера, што ўсё гэта магчыма. І гэта вельмі вялікае шчасце, таму што пасля такой сустрэчы ўжо наогул не так страшна».