Беларускі бізнес галасуе пашпартамі. Быць замежнікам для бізнесменаў — больш камфортна
Сярод беларускіх бізнесменаў з'явіўся першы ўладальнік пашпарта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Ім стаў, як выявіў Plan B у польскім рэестры rejestr.io, заснавальнік найстарэйшай IT-кампаніі Беларусі IBA Group Сяргей Ляўцееў.
Можна толькі здагадвацца, чым абумоўлены выбар экзатычнага грамадзянства вядомым бізнесменам. У першую чаргу ў якасці прычыны бачацца бізнес-інтарэсы. У самую апошнюю чаргу — што гэта краіна з «дружалюбнага» пераліку. І ўжо тым больш, што яна можа стаць стратэгічным саюзнікам Беларусі па БРІКС.
Але ў любым выпадку, выбар Ляўцеева — выключэнне з трэнду. І да лютага 2022-га, рыхтуючы спакойную старасць сабе і будучыню дзецям, беларускія бізнесмены абзаводзіліся пашпартамі (як правіла, з прывязкай да нерухомасці і рахункаў) заходніх дэмакратый. Пасля лютага 2022-га гэты працэс набыў масавы характар.
Пачаты мінскімі ўладамі маніторынг уладальнікаў падвойнага грамадзянства мог бы назваць дакладныя лічбы і маштаб «галасавання пашпартамі». Але, як думаецца, задуманы працэс патрэбны для ўнутранага карыстання. І патрэбны для чагосьці, што наўрад ці будзе прыемным для іх уладальнікаў.
Развітваемся без смутку
Бізнес пра гэта здагадваецца — навучаны, як рэагуюць улады на найменшую праяву нелаяльнасці. Далёка за прыкладамі не трэба хадзіць. Узяць хоць бы нядаўнія дадатковыя абмежаванні для бізнесу з недружалюбных краін. А меры ўздзеяння да сваіх з выяўленымі пашпартамі з такога роду краін, хутчэй за ўсё, не абмяжуюцца толькі штрафамі.
Вось таму ва ўладальнікаў падвойных грамадзянстваў, як правіла, ужо няма сем'яў і бізнесу на радзіме. Або бізнес лічыцца на паперы. І самі яны імкнуцца бываць на радзіме як мага радзей.
І вось у гэтым навапаказаны паўднёваафрыканец Ляўцееў (як і большасць удзельнікаў ніжэйпрыведзенага спісу з rejestr.io) — не выключэнне.
У графе «рэзідэнцыя» ў Ляўцеева значыцца Чэхія. Гэтым летам бізнесовец абвясціў, што згарнуў дзейнасць у Расіі і Беларусі. З Чэхіі ён кіруе бізнесамі ў Польшчы, Славакіі, Балгарыі і іншых, якія сталі з нядаўніх часоў недружалюбнымі ў дачыненні да Беларусі, краінах.
І яшчэ адно назіранне з польскага і іншых замежных рэестраў — многія ўжо не хацелі б, каб Радзіма лічылася нават на паперы. Ізраільцянінам, чарнагорцам, швейцарцам, кіпрыётам быць для іх больш камфортна па амаль усіх параметрах. І галоўнае — больш бяспечна.
Грамадзянства і месцажыхарства некаторых бенефіцыяраў з беларускімі каранямі па даных польскага рэестра rejestr.io.
Сяргей Ляўцееў, IBA Group
РБ/Паўночна-Афрыканская Рэспубліка (грамадзянства) — Чэхія (рэзідэнцыя)
Уладзімір Стаецкі, Е100
РБ/Ізраіль — Польшча
Васіль Бойка, Vention Development
РБ/ЗША — ЗША
Сяргей Гвардзейцаў, Itransition, A1QA
РБ/Мальта — Мальта
Іван Шумскі, Regula
Ізраіль — Ізраіль
Алег Хусаенаў, Zubr Capital
Кіпр — Кіпр
Дзмітрый Хусаінаў, Belka Games
Чарнагорыя — Швейцарыя
Дзмітрый Лагун, AssTra
Швейцарыя — Швейцарыя
Юрый Гурскі, Palta
Кіпр — Кіпр
Віктар Пракапеня, Capital Com
Кіпр — Вялікабрытанія
Сяргей Алісеенка, Aiby
ЗША — ЗША
Андрэй Бахіраў, SaM Solutions
Германія — Латвія