«Тое, што звязвае з Радзімай». Што беларусы бяруць з сабой у эміграцыю
Наталля марыла пра ўласную кватэру, у якой будуць вісець карціны з любімага фільма. У кватэры яна так і не паспела пажыць, але забрала ў эміграцыю карціны. Дар'я некалькі гадоў збірала кранальны падарунак да 18-годдзя сына. А Аляксандра не магла расстацца з Бібліяй — так яна пазбавілася б Бога. «MOST» распавёў пра рэчы, якія беларусы ўзялі з сабой у эміграцыю, бо не маглі з імі расстацца. І таму што яны нагадваюць пра дом.
«Дзякуючы гэтым карцінам я на імгненне пераношуся ў сваё мінулае жыццё»
Шмат гадоў таму Наталля ўбачыла французскі фільм «Амелі» (ён выйшаў на экраны ў 2001 годзе) і вельмі яго палюбіла. Дыялогі з яго яна цытуе на памяць, але больш за ўсё ёй запомніліся карціны, якія віселі над ложкам галоўнай гераіні — партрэты сабакі і гускі.
— Яны проста запалі мне ў душу. Ужо будучы падлеткам, я ведала, што аднойчы такія карціны будуць вісець у маёй уласнай кватэры, — успамінае Наталля.
Пазней яна даведалася, што аўтарам сюррэалістычных работ быў нямецкі мастак Міхаэль Сава, крытыкі празвалі яго «майстрам бязгучнага гумару».
Павесіць яго рэпрадукцыі доўгі час было няма дзе: сям'я Наталлі мяняла здымныя кватэры ў Беларусі. Але набыўшы ўласную кватэру, дзяўчына нарэшце ажыццявіла даўнюю мару: купіла копіі работ.
— Я не падладжвала дызайн кватэры пад карціны, але ўлічвала, што яны там будуць вісець. У інтэр'ер яны цалкам упісаліся, — кажа яна.
Праўда, у кватэры мары Наталля не пражыла ні дня. Калі ўсё было гатова да пераезду, ёй давялося эміграваць. Разам з дзецьмі і коткай жанчына пераехала ў Польшчу, а кватэру здала.
— Мы з'язджалі зімой на машыне, у якой не так шмат месца. Таму лагічна было б узяць цёплыя рэчы і дзіцячыя цацкі. Але першым, што я паклала ў машыну, былі карціны. Партрэты, якія віселі ў маёй кватэры, я пакінула на старым месцы. Але замовіла новыя копіі і павезла іх.
Цяпер карціны вісяць у польскай кватэры, і Наталля ўпэўнена, што яны і гэтым разам цудоўным чынам упісаліся ў інтэр'ер.
— Працы Міхаэля Савы былі маёй дзіцячай марай. Яны такія ўтульныя і цёплыя. Дзякуючы ім я на імгненне пераношуся ў сваё мінулае жыццё.
«Гэты латок быў такі страшны, але кошка аддавала перавагу яму»
Калі ў Наталлі з’явілася шэрае брытанскае кацяня, яна адразу назвала яго Амелі — як гераіню любімага фільма.
— Гэта была любоў з першага погляду. Я адразу накупляла ўсялякіх цацак, місачак і туалет, каб Амелі было камфортна на новым месцы. Гаспадыня казала, што кацяня прывучаны да латка, але чамусьці Амелі адмаўлялася ў яго хадзіць. Мабыць, прывыкла да туалета, якім вучыла карыстацца мама-котка. Тады гаспадыня аддала мне стары латок. Ён быў такі страшны — вялізнага памеру, глыбокі, з высокімі бартамі і крамянага чырвонага колеру. Але Амелі сапраўды пачала хадзіць куды трэба.
З тых часоў Наталля з сям'ёй змяніла пяць здымных кватэр у Беларусі, а пластмасавы латок за гады агрубеў настолькі, што пакрыццё проста крышылася ў руках. Але Амелі аддавала перавагу яму. Таму эміграваць без яго сям'я не адважылася.
— Цяпер у Амелі ёсць новыя латкі — зручнейшыя. Але я гляджу на стары і разумею, што мне патрэбны час, каб усвядоміць, што пара яго выкідаць. Здавалася б — каціны туалет. Мабыць, дасягнула таго ўзросту, калі цяжка адмовіцца ад старых і непатрэбных рэчаў, якія захоўваюць памяць.
«Усё самае памятнае, каб пакласці гэта ў скрынку і падарыць на 18-годдзе»
Дар’я пераехала за мяжу ў 2021 годзе. Амаль усё, што яны з мужам нажылі за тры гады шлюбу, прыйшлося пакінуць у бацькоў: змясціць жыццё сям’і трэба было ў дзве валізы. Але былі рэчы, без якіх Дар’я не змагла б з’ехаць.
— Гэта маленечкія рэчы і некаторыя цацкі сына. Яшчэ да яго нараджэння я вырашыла, што цягам усяго яго жыцця буду па крупінках збіраць усё самае памятнае, каб пакласці гэта ў скрынку і падарыць на 18-годдзе. Я лічу вельмі важнай сувязь дарослага чалавека з дзяцінствам: калі чалавек адчувае сябе значным з самага маленства, у дарослым жыцці ён будзе ўпэўненым у сабе.
На момант ад’езду сярод рэчаў былі тры бразготкі: адну Дар’я набывала на ранніх тэрмінах цяжарнасці, другую падарыла лепшая сяброўка, а ў трэцяй таксама ёсць важная гісторыя, якую дзяўчына не можа раскрыць.
— Яшчэ ў скрыні ляжаць першыя брэндавыя красоўкі Nike, белы джынсавы камбінезон і кашуля, у якіх сын зрабіў свае першыя крокі. Муслінавая пялюшка, у якую я спавівала яго зусім крохай, і першы трэнч.
Усё гэта не проста рэчы. Гэта ўспаміны пра наша бестурботнае жыццё ў Беларусі, пра нашы планы і мары. Кожная рэч нагадвае месца, у якім мы з мужам нарадзіліся, жылі, працавалі і будавалі сям’ю. Але самае важнае — гэта рэчы, якія хаця б крышачку звязваюць сына з Радзімай, на якую, спадзяемся, мы вернемся пасля перамен.
«Вазьмі з сабой Бога ў дарогу»
Аляксандры (імя зменена) было важна ўзяць у эміграцыю дзве рэчы: ноўтбук і Біблію.
— Усё проста: ноўтбук, каб зарабіць на хлеб, а
Біблія — каб было штосьці акрамя хлеба, — тлумачыць Аляксандра. — Вазьмі з
сабой Бога ў дарогу — і ты ніколі не будзеш адзін.