«Нельга ўвесь час пакутаваць, трэба жыць далей». Як беларуска ў Вільні ладзіць вечарыны «для сваіх»
Можна плакаць і сумаваць па Беларусі, а можна радавацца жыццю і прыгажосці Вільні, упэўненая гераіня гэтага інтэрв'ю, якой, як і многім іншым, давялося з'ехаць з радзімы.
Яе называюць «кам'юніці-менеджарка ўсяго Вільнюса», а пазітыў і энергія, якую яна выпраменьвае, зараджае многіх людзей. Кацярына Малахоўская ў Літву прыехала з Мінска і цяпер менавіта там арганізоўвае самыя маштабныя вечарынкі і мерапрыемствы для рускамоўных жыхароў Вільні. Пра сваю інтэграцыю ў Літве, тусоўкі і меркаванне пра падзел на літоўцаў і прыезджых Кацярына падзялілася ў інтэрв'ю LRT.lt.
Кацярына Малахоўская прыехала ў Літву паўтара года таму. ІТ-кампанія, дзе працуе яе муж, пераехала з Мінска ў Вільню, і гэта стала выдатнай магчымасцю для сям'і пачаць жыць у новай краіне. І ўжо ў першыя дні пасля вырашэння ўсіх фармальных пытанняў Кацярына стала задумвацца пра тое, чым можа займацца ў Вільні.
Менавіта тады прыйшла ідэя збіраць каля сябе аднадумцаў «не для таго, каб сумаваць», а каб пазнаваць нешта новае, весяліцца, дзяліцца досведам і дапамагаць адно аднаму.
— Кацярына, ці ўдалося вам ужо адаптавацца ў новым грамадстве і інтэгравацца?
— Я вельмі хутка адаптуюся і інтэгруюся ў любыя грамадствы. Я вельмі кампанейская, рухомая і лёгка заводжу знаёмствы. Таму ў мяне з гэтым праблем не было. Тым больш, што беларуская дыяспара ў нас тут вельмі вялікая, і мы пераязджалі з кампаніяй, мой муж працуе ў ІТ, у геймінгу.
То-бок, гэта вялікая кампанія, сюды прыехала больш за 1000 сем'яў, таму, адпаведна, у нас ужо кола зносін было, і далей я яго пачала развіваць вакол сябе, сустракаць новых людзей, хадзіць на экскурсіі, закохвацца ў горад, потым закохваць у яго іншых людзей.
— А што вы ўкладаеце ў слова «інтэграцыя» і як вы разумееце для сябе, што ўжо інтэграваліся ў літоўскае грамадства?
— Ведаеце, мне б хацелася інтэгравацца трошкі больш. Так, я сябе адчуваю вельмі камфортна, свабодна. Мне ўсё падабаецца і, у прынцыпе, для жыцця наогул усяго дастаткова, каб тут добра жыць. Мне ўсяго дастаткова, але мне вельмі хочацца лепей вывучыць літоўскую мову. У прынцыпе, я магу пагутарыць у краме, у кавярні, у паліклініцы на агульныя бытавыя тэмы. Але мне хочацца ведаць мову лепш, каб свабодна размаўляць з мясцовымі жыхарамі, з літоўцамі, і пасябраваць з імі. І каб усё-ткі ў нас не было такога, што беларуская дыяспара асобна і мы класна сабе жывём у Вільні, а каб мы ўсе разам былі, каб мы размаўлялі разам, а не было двух розных грамадстваў у адной дзяржаве.
Вось таму мне вельмі хочацца вучыць мову, і я прыцягваю іншых беларусаў і ўкраінцаў да таго, каб таксама яны пачыналі вучыць мову і каб мы разам усё неяк інтэграваліся.
— Давайце пагаворым пра вашы «тусоўкі». Адкуль узялася гэтая ідэя — ствараць такія мерапрыемствы? Іх вельмі шмат: ад дзявочнікаў да цэлых велізарных тэматычных вечарынак. Для Літвы гэта новая ідэя.
— Я ў Беларусі была кіраўніцай самай буйной беларускай страхавой кампаніі, аднаго з падраздзяленняў. І ў мяне была такая задача ў гэтай страхавой кампаніі — аб'яднаць усіх супрацоўнікаў, зрабіць так, каб яны закахаліся ў сваю працу, палюбілі сваю кампанію, справу, якую яны робяць, паверылі ў яе, і я прыдумляла ім нейкія мерапрыемствы (...), гэта значыць, фактычна, я гэтым ужо займалася для сваіх 650 супрацоўнікаў, якія былі ў мяне ў офісе.
І калі я прыехала сюды, я падумала і вырашыла, што, акрамя таго, каб арганізоўваць людзей і неяк рабіць іх жыццё лепшым, я ў прынцыпе нічога рабіць не ўмею. Плюс я вельмі моцна люблю сама кампаніі, «дзвіжуху» нейкую, я разумела, што трэба знаёміцца, трэба аб'ядноўвацца, таму што я бачыла людзей, якія прыехалі сюды, яны былі зусім разгубленыя.
Я прыехала і адразу задумалася, дзе мне шукаць сабе сяброў, пачала з «Беларускага дома» ў Вільні. Пайшоўшы туды, я зразумела, што нейкае гора-горкае там. Там сабраліся жанчыны, і яны амаль плакалі, са слязьмі на вачах расказвалі, як яны гаруюць па Мінску, як у іх там усё было, як яны тужаць, як хочуць вярнуцца, а вярнуцца яны не могуць, і я так думаю: «Божа, які кашмар». Калі я зараз захрасну ў гэтым усім балоце... Бо чалавек — ён як агурок: калі бярэш свежы агурок і кладзеш яго да салёных агуркоў, то ён становіцца салёным вельмі хутка.
І я зразумела, што калі мяне цяпер вось у гэтае балота пакладуць і я туды закапаюся, то нічога добрага не будзе. У мяне будзе дэпрэсія, і трэба неяк усё па-іншаму рабіць. І я зразумела, што мне трэба вакол сябе збіраць людзей не на фоне тугі па Беларусі, а на фоне радасці, што Вільня — прыгожая, што тут усё добра, выдатна, што мужы нашы працуюць.
І калі вакол пачалі гэтыя людзі збірацца, якія таксама хацелі не сумаваць, не ліць слёзы, а якія агулам хацелі задавальненне ад жыцця атрымліваць, я сказала: «Давайце будзем сябраваць». Добра, давайце, а як мы будзем сябраваць? Мы пачалі з экскурсіі па горадзе, я знайшла некалькі экскурсаводаў і сабрала групу, мы хадзілі, глядзелі Вільню, потым іншыя гарады паблізу Вільні.
А потым я зразумела, што мне хочацца яшчэ выкарыстоўваць досвед кожнай дзяўчыны, бо яны ж усе прыехалі сюды, але яны ж кімсьці былі ў Беларусі да гэтага, хтосьці быў лекаркай, хтосьці там быў бухгалтаркай, хтосьці яшчэ кімсьці. І ва ўсіх адно пытанне: «А што нам рабіць у Вільні? Добра, муж працуе, грошы зарабляе, але мы ж таксама хочам рэалізавацца і быць кімсьці тут». Вось так я пачала збіраць тады групу «Мastermind», я гэта называю «нарада па панядзелках».
Я пачала гэтыя «нарады па панядзелках» збіраць як групу «Мastermind» з дзяўчынак, якія сюды пераехалі, і мы з імі разам шукалі, што яны ўмеюць рабіць, акрамя таго, каб быць бухгалтаркай — напрыклад, «я ўмею класна маляваць». — «Супер, давай тады ты паспрабуеш быць ілюстратаркай ці рабіць курсы па маляванні». Ці, напрыклад, «я ўмею добра фатаграфаваць» — «Супер, давай ты будзеш фатографккай, а мы табе знойдзем кліентаў».
І мы збіраліся і адна адной прыдумлялі нейкі новы занятак, чым бы сябе заняць, каб можна было і рэалізаваць сябе, і зарабіць грошай, і быць карыснымі грамадству. А калі прыйшло лета, я зразумела, што летам ніхто вучыцца не хоча, усе хочуць тусавацца. Окей, вось вам ёга ў квітнеючых садках, вось вам ёга на захадзе, вось вам кіна-дзявочнік, вось дыскатэка 90-х.
Так атрымалася, што гэта жаданне знаходзіцца ў грамадстве людзей, задаволеных жыццём і якім усё падабаецца і самой быць такой жа, яно прывяло да таго, што я пачала працаваць сама, збіраць гэтых людзей, а яны сабраліся вельмі хутка і з задавальненнем. І аказалася, што большасць з тых, якія хадзілі ў гэтыя кампаніі, дзе ўсе плачуць і галосяць, не хацелі плакаць і галасіць, яны насамрэч хацелі весяліцца, проста не ведалі, што гэта можна рабіць, што гэта дарэчы, калі такая сітуацыя ў Беларусі, ва Украіне. Так, дарэчы, бо трэба ж неяк далей жыць, нельга ўвесь час пакутаваць.
— Гэта значыць, тая супольнасць, якую вы стварылі – гэта не проста кам'юніці для таго, каб бавіць час, гэта яшчэ і дапамога адно аднаму, парады, карысная інфармацыя.
— Безумоўна. Гэта проста вельмі класнае кам'юніці, дзе дзяўчаты адна адну падтрымліваюць, развіваюцца, знаходзяць сваю справу і становяцца кімсьці, калі ім здавалася, што яны тут ніхто.
У мяне ёсць шмат яркіх прыкладаў. Напрыклад, дзяўчына была гастраэнтэролагам, а Літва не прызнае беларускія дыпломы, гэта значыць яна 6 гадоў вучылася, працавала ў аддзяленні гастраэнтэралогіі, класная лекарка з чырвоным дыпломам, але яна прыехала і тут яна ніхто. Прыйшла на «Мastermind», і я кажу: «Дык ты ж нутрыцыёлаг!» Такіх прыкладаў вельмі шмат, напэўна, чалавек шэсцьдзясят ужо знайшлі сабе прымяненне, і яны ўсе адчуваюць сябе тут патрэбнымі.
— А дзе бяруцца гэтыя ідэі для мерапрыемстваў, што вас натхняе на іх арганізацыю?
— Гэта атрымліваецца пад запыт. Я проста ўмею слухаць людзей вельмі добра. Напрыклад, абмяркоўваем мы нешта з дзяўчатамі, і яны кажуць, што там зацвілі сады. Я адразу такая думаю: «Так, зацвілі сады, значыць, сады — гэта прыгожа, класныя фота, значыць трэба, напэўна прыдумаць нешта ў садзе. Ага, класна было б зрабіць ёгу, у мяне якраз жа ёсць трэнерка ў групе». Вось так яно ўсё адбываецца, бо ўсё, што я раблю — усё зыходзячы з таго, чаго людзі хочуць.
— Якое самае маштабнае мерапрыемства вам удалося арганізаваць на гэты момант?
— Самае маштабнае, што мы зрабілі з мерапрыемстваў — гэта дыскатэка 90-х, і так выпадкова атрымалася, што гэта мерапрыемства было ў дзень майго нараджэння. Муж смяецца, што я сабе зладзіла вечарыну на 150 чалавек.
Вельмі было класна і грандыёзна, усё выглядала супер. Вядома, мы на гэтым мерапрыемстве нічога не зарабілі, наогул мы яшчэ былі ў мінусе, але гэта таго каштавала. Я на самай справе рэкамендую ўсім хоць бы раз прыйсці і ўбачыць усё на свае вочы. Лепш адзін раз убачыць, выпрабаваць усю гэтую нерэальную энергетыку на сабе. Бо мы плануем яшчэ вельмі шмат новага.