Паэтка Юля Цімафеева — пра тое, як гэта: гаварыць на чужой мове пра сваё, беларускае

Пасля 2020 года шмат дзеячаў культуры і мастацтва вымушаны былі з'ехаць з краіны ў пошуках больш вольнай прасторы для выказвання. Юля Цімафеева разам са сваім мужам Альгердам Бахарэвічам на сёння з'яўляюцца аднымі з найбольш вядомых беларускіх літаратараў у свеце — і яны шмат гавораць з замежным чытачом пра Беларусь.

Юля Цімафеева. Фота Альгерда Бахарэвіча. Крыніца: facebook.com

Юля Цімафеева. Фота Альгерда Бахарэвіча. Крыніца: facebook.com

Беларуская паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева падчас Першага кангрэса беларускай культуры ў эміграцыі ў Варшаве ўдзельнічала ў дыскусіях, ладзіла літаратурныя чытанні, а самае галоўнае — сустрэлася са сваімі свежанадрукаванымі кніжкамі. Гэта «Менскі дзённік» і пераклад «Рэспублікі глухіх» Іллі Камінскага, што выйшлі ў лонданскім выдавецтве «Skaryna Press». «Будзьма» паразмаўляла з паэткай пра новыя кнігі і досвед эміграцыі.

Гарады, краіны, кантыненты 

— Што адчувае паэт, які жыве ў іншай краіне, але працягвае пісаць на сваёй мове? Як уплывае месца на змест, і што такое Беларусь з перспектывы Аўстрыі, Германіі ці нават Аўстраліі?

— З аднаго боку, адчуваецца пэўная адарванасць ад свайго чытача. З другога, жыццё ў далёкім замежжы дае нам магчымасць паглядзець на свет зусім з іншай перспектывы, і гэта страшна цікава. Мы жылі з Альгердам (Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік, муж Юлі Цімафеевай.Заўв. рэд.) у Аўстрыі, жылі ў Германіі, у самым правым яе горадзе. Мы былі ў Аўстраліі, дзе «блізка» — гэта Японія, а Беларусь — як маленькая пляма на мапе.

Я адчуваю абагачэнне майго светапогляду, майго матэрыялу.

Аднак я не магу сказаць, што пішу пра гарады, у якіх жыву. Я нават адчуваю пэўную віну перад тымі месцамі, дзе мы застаёмся. Але ў маю паэзію ўсё больш і больш прасочваецца тэма эміграцыі, адарванасці.


Глядзіце таксама

Інтымны дзённік

— Мой «Менскі дзённік» ад пачатку быў напісаны па-англійску, на чужой мове. І менавіта гэтая чужая мова дала мне магчымасць гаварыць пра інтымную штодзённасць, якая была ў Мінску ў 2020 годзе і ў Аўстрыі ў 2021-м. 

Я пішу не толькі пра 2020-ты ў Беларусі, але і пра пачатак нашага жыцця за мяжой, пра тое, што мы з Альгердам адчувалі. І магчыма, толькі на замежнай мове я і змагла б гэта зрабіць.

Мне падаецца, што Юля Цімафеева як гераіня ўласных твораў у паэзіі і дзённіках — гэта розныя асобы. Уласна, як і Альгерд Бахарэвіч — таксама крыху прыдуманы персанаж. Гэтыя героі, безумоўна, натхнёныя мной. У кнізе мы робім тое, што мы рабілі ў жыцці, але, так ці інакш, усё прайшло праз прызму замежнай мовы, а пасля — праз прызму перакладу на беларускую мову. Часткова я перапісвала, перастварала гэты дзённік, каб не нашкодзіць людзям у Беларусі, рэдагавала яго. То-бок гэта розныя «я» розных формаў творчасці.


Глядзіце таксама

«Motherfield» і намінацыя на прэмію Дэрэка Уолката

— Безумоўна, мне прыемна. Гэта адзнака амерыканскай творчай паэтычнай супольнасцю маёй кнігі, якая летась выйшла ў ЗША. Уручэнне прэміі будзе ў лістападзе. Я не спадзяюся, што я яе атрымаю, там будзе шмат вартых кніг.

Але мне вельмі прыемна, што маю паэзію чытаюць, перакладаюць, рэцэнзуюць, што да яе звяртаюцца, што яна нешта кажа.

І цікавая дэталь: гэтая кніга выйшла на дзвюх мовах — па-беларуску і па-англійску.

Таму я вельмі ганаруся, што нясу нашу беларушчыну, нашу мову да амерыканскай публікі.