Стэфан Эрыксан: Беларусы мяне здзівілі

Стэфан Эрыксан, былы абасадар Швецыі ў Беларусі, чалавек, які шмат зрабіў для развіцця культурных сувязей паміж Швецыяй і Беларуссю, вымушаны быў з'ехаць з нашай краіны больш за дзесяць гадоў таму, але дагэтуль падтрымлівае кантакты з беларусамі і сочыць за тым, што адбываецца ўнутры Беларусі. «Зеркало» паразмаўляла з ім пра гэта.

Былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Фота «НЧ»

Былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Фота «НЧ»

«Плюшавы дэсант» застанецца са мной назаўжды»

— Вы неяк казалі, што гады працы ў Беларусі былі для вас лепшымі ў прафесійным жыцці. Растлумачце, чаму.

— Мабыць, таму, што я тады адчуваў, што тое, што я раблю, мае нейкае значэнне, што тое, што адбывалася ў Беларусі, было вельмі цікавым для мяне. У мяне быў досвед працы ў іншых краінах Усходняй Еўропы, у Расіі, і мне чыста прафесійна было вельмі цікава. Я ўцягнуўся ў беларускі культурны працэс. І да Беларусі, і пасля ў маім прафесійным жыцці было шмат цікавых момантаў, але тое, што было ў Беларусі, калі я там працаваў, пакінула адбітак на мне асабіста. Таму я да гэтага часу кажу, што гэты перыяд быў адзін з лепшых і найцікавых у маім жыцці.

— Вашу акрэдытацыю ў Беларусі не працягнулі пасля так званага «плюшавага дэсанту». Прайшло ўжо больш за дзесяць гадоў з таго часу. Ці можаце вы цяпер расказаць, ці была прычына толькі ў «плюшавым дэсанце» або беларускія ўлады мелі да вас і іншыя прэтэнзіі?

— Гэты «плюшавы дэсант» застанецца са мной на ўсё жыццё (смяецца). Да гэтага пытання заўсёды будуць вяртацца. Сапраўды, прайшло ўжо шмат гадоў. Я б сказаў, што праблемы з маёй акрэдытацыяй былі і да гэтага «дэсанту» на пачатку ліпеня 2012 года. Мабыць, «дэсант» не дапамог гэтаму працэсу. Што было галоўным у рашэнні беларускіх улад, мне цяжка меркаваць нават цяпер.

— Вы сказалі, што ўцягнуліся ў беларускі культурны працэс. Ці не была прычынай ваша актыўнасць у беларускім культурным полі?

— Нават не ведаю. Так, я сапраўды цікавіўся ўсім беларускім, культурай, гісторыяй, меў добрыя адносіны са многімі прадстаўнікамі беларускай культуры. Але я працаваў на развіццё не толькі ў гэтай галіне, былі таксама добрыя адносіны з дзяржаўнымі ўстановамі, мы былі зацікаўлены ў развіцці сувязей паміж Швецыяй і Беларуссю на ўсіх узроўнях.


Глядзіце таксама

— Калі вы пакінулі Беларусь у 2012 годзе, ці думалі, што з'язджаеце на доўгі час?

— Калі стала вядома, што маю акрэдытацыю не падоўжаць, я зразумеў, што ўжо не вярнуся ў якасці амбасадара. Але я прыязджаў, наведваў Беларусь.

— У 2018 годзе, праўда?

— Упершыню, здаецца, нават у 2017-м. Я прыязджаў некалькі разоў ужо адсюль, з Латвіі. Ужо не памятаю, калі апошні раз. Пасля 2020 года дакладна не прыязджаў.

— 2012 год, калі вы з'ехалі, быў часам «закручвання гаек» у Беларусі, у турмах было шмат палітвязняў. Потым вы прыязджалі ў 2017-2018 гадах, калі панавала адліга. Вы яе адчулі?

— Шчыра кажучы, калі я прыязджаў у 2017-2018 гадах, у мяне быў час толькі для сустрэч з сябрамі, знаёмымі. Сітуацыя ў Беларусі змянялася пастаянна, як было менавіта тады — цяпер цяжка згадаць.

— Я жыў у Мінску ў той час, і мне здавалася, што пачаўся рух у правільным кірунку. З'явіліся новыя месцы, актывізавалася гарадское і культурнае жыццё.

— Я прыязджаў на некалькі дзён, таму поўнага адчування сітуацыі ў мяне не было. Вядома, было заўважна, што ў Мінску нешта змянілася, адчувалася гарадское жыццё, з'явіліся новыя культурныя і іншыя ўстановы. Але не магу сказаць, што я заўважыў з'яўленне веры ў будучыню. Магчыма, беларусы сапраўды гэта адчувалі. Але потым прыйшоў 2020 год, гэта ўжо іншая гісторыя.

«Людзі адчулі сябе сапраўднымі беларусамі»

— Вы цяпер працуеце ў Савеце міністраў Паўночных краін у Латвіі. Раскажыце, чым вы займаецеся і ці прысутнічае ў вашым працоўным раскладзе беларускае пытанне?

— У Савеце міністраў Паўночных краін у Рызе мы працуем над развіццём адносінаў паміж Паўночнымі краінамі і Латвіяй. Гэта мая асноўная праца. Беларускае пытанне заўсёды са мной застанецца, але яно ўжо не звязана непасрэдна з маёй прафесійнай дзейнасцю. Савет міністраў Паўночных краін займаецца беларускімі праектамі, але гэта робіць наш офіс у Літве, у Вільні. Гэта не значыць, што Беларусь зусім адсутнічае ў маім жыцці ў Рызе, тут таксама ёсць беларуская дыяспара, я падтрымліваю кантакты з ёю. Летась сюды прыязджала Святлана Ціханоўская, нам удалося разам з дацкім Інстытутам культуры і шведскай амбасадай арганізаваць канцэрт «Вольнага хору» з Беларусі. Гэта хутчэй выключэнне, але мы палічылі важным такі канцэрт падтрымаць.

— Вы бачылі жорсткі разгон пратэстаў у Мінску ў 2010 годзе, многія з палітыкаў і актывістаў апынуліся ў турмах. Якія думкі і пачуцці ў вас былі, калі вы даведаліся пра падзеі 9 жніўня 2020 года і сачылі за тым, што адбывалася пазней?

— Вядома, я сачыў за ўсім гэтым. З аднаго боку, было здзіўленне. Не таму, што ўсё гэта адбылося нечакана, а праз тое, як гэта адбывалася, як беларусы ў Мінску і не толькі мірна выйшлі сказаць, што хочуць перамен. Я гэтага не чакаў. Магчыма, таму што не быў у краіне і чагосьці не ведаў, але думаю, што некаторыя беларусы таксама здзівіліся гэтаму. Гэты рух, калі людзі быццам бы прачнуліся — гэта тое, чаго многія доўга чакалі і не ўсе верылі, што гэта магчыма, але абставіны склаліся так, што гэта адбылося. І я гэтак жа, як многія беларусы, адчуваў пэўную эйфарыю спачатку, гэта давала надзею на тое, што змены магчымыя і што яны адбудуцца.


Глядзіце таксама

— Але потым у большасці беларусаў эйфарыя перайшла ў апатыю. У вас таксама?

— Потым усё развівалася так, як развівалася. Адметна, што ў гэтым руху істотную ролю адыграла менавіта беларускасць, што ён быў па сваёй сутнасці беларускім. Людзі, мабыць, самі таго не чакаючы, адчулі сябе сапраўднымі беларусамі і былі гатовыя гэта паказаць. Але, на жаль, мірныя маніфестацыі, у якіх узялі ўдзел, думаю, мільёны беларусаў, аказаліся недастатковымі для таго, каб наступілі перамены.

— Як вы думаеце, чаму жорсткія паводзіны беларускіх улад сталі магчымымі? Можа, краінам Захаду варта было ў 2010 годзе мацней ціснуць на Лукашэнку, каб пазбегнуць падзей 2020-га?

— Тое, што адбылося, паказвае, што ва ўлад былі сродкі супрацьстаяць мірнаму пратэсту і іх хапіла, каб яго здушыць. Я думаю, што ціск з боку Захаду ў гэтай сітуацыі — пытанне гіпатэтычнае. Я не ўпэўнены, што ў той час гэта дапамагло б. Цяжка сказаць, я сачыў за падзеямі як абывацель і не быў звязаны з тым, што адбывалася, але думаю, што, на жаль, такі ціск наўрад ці змяніў бы нешта. Магчыма, я памыляюся, але не ведаю, які ціск быў бы магчымы ў той сітуацыі, прынамсі, мне не зусім ясна, што звонку змагло б павярнуць падзеі ў іншы бок.

— З кім з беларусаў вы зараз падтрымліваеце самыя цесныя кантакты?

— Кантакты я падтрымліваю са многімі, але сітуацыя такая, што мне не хочацца называць імёны. Выбачайце, не варта лішні раз падстаўляць людзей. Вядома, цяпер я ў асноўным сустракаюся з беларусамі, якія ўжо жывуць не ў Беларусі, а ў Латвіі, Літве, Польшчы, Швецыі. З тымі, хто застаецца ў краіне, даводзіцца падтрымліваць сувязь праз сацыяльныя сеткі або іншыя сродкі камунікацыі.

«Ведаю многіх беларусаў, якія цяпер за кратамі»

— Як вы ацэньваеце цяперашні беларускі палітычны працэс? На вашу думку, дэмакратычныя сілы Беларусі цяпер больш аб'яднаныя, чым былі падчас вашай працы ў Беларусі?

— Я назіраў за тым, як дэмакратычныя сілы спрабавалі аб'ядноўвацца ў мінулым, і я ведаю, што гэта было складана рабіць ва ўмовах, якія былі тады ў Беларусі. Людзі розныя, яны, на жаль, не ідэальныя, у іх ёсць амбіцыі, гэта добра, але амбіцыі могуць перашкаджаць працэсу. Мне здаецца, што цяпер супрацоўніцтва вядзецца паспяхова, і я заўсёды лічыў і лічу, што важна, каб людзі, якія знаходзяцца ў складаных умовах (многім давялося з'ехаць з краіны), шукалі агульнае, знаходзілі спосабы разам змагацца за дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь. Поўнага аб'яднання ніколі не адбудзецца, заўсёды будуць людзі, у якіх ёсць свае думкі, і яны маюць на гэта права. Але ў асноўным тое, што я бачу, сведчыць, што працэс аб'яднання ідзе паспяхова, наколькі гэта магчыма.


Глядзіце таксама

— Падчас Кангрэсу беларускай культуры ў эміграцыі вы падтрымалі Алеся Бяляцкага. За лёсам каго яшчэ з беларускіх палітычных зняволеных вы сочыце? Ці падтрымліваеце кантакты з імі, з іх сем'ямі?

— Я ведаю многіх людзей, якія цяпер, на жаль, знаходзяцца за кратамі. Стараюся сачыць за іх лёсамі. Часам мне крыху сорамна, што я не пішу ім лістоў. Камусьці я пісаў, але, вядома, трэба было пісаць больш. Праз сацыяльныя сеткі я падтрымліваю кантакты з сем'ямі некаторых палітычных зняволеных.

— Як вы падтрымліваеце свой узровень беларускай мовы і ўвогуле «Беларусі-ў-сабе»? Што чытаеце, глядзіце?

— Калі я прыехаў працаваць у Латвію, у мяне было заданне вывучыць латышскую мову, таму некаторы час «Беларусь-ува-мне» не вельмі актыўна прысутнічала. Але я сустракаюся з беларусамі тут і ў суседніх краінах, гэта дапамагае. У тых жа сацыяльных сетках у мяне застаецца шмат кантактаў, і мая стужка поўная падзей з Беларусі. Я падтрымліваю сувязі з культурнымі дзеячамі, але трохі і чытаю, вядома. На Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі была магчымасць не толькі сустрэцца з людзьмі, але і набыць новыя кніжкі Альгерда Бахарэвіча, Юлі Цімафеевай, буду з задавальненнем чытаць іх творы і іншыя таксама.

— Сотні тысяч беларусаў апынуліся ў эміграцыі. Як думаеце, ці ёсць у іх шанец неўзабаве вярнуцца дадому і калі гэта можа адбыцца?

— Я добра разумею пачуцці беларусаў і іх жаданне вярнуцца дадому. Я вельмі спадзяюся і веру, што гэта абавязкова адбудзецца. Калі гэта адбудзецца — залежыць ад многага, не толькі ад саміх беларусаў, але і ад працэсаў, якія ідуць у суседніх краінах. Мне не хочацца верыць, што беларусы змогуць вярнуцца дадому праз пакаленне, такія прагнозы я часам чую. Цяпер усё ў свеце развіваецца даволі хутка, таму я веру, што могуць здарыцца нечаканыя падзеі, якія паскораць гэты працэс. А калі канкрэтна — гэтага, на жаль, не ведае ніхто.

— А калі вернецеся ў Беларусь, то што зробіце ў першую чаргу? Куды пойдзеце, з кім сустрэнецеся?

— Думаю, што ў першую чаргу пайду на шпацыр па Мінску. Мае любімыя месцы — гэта захаваны гістарычны цэнтр, я там жыў і працаваў. Я ведаю, што там адбыліся змены, спадзяюся, станоўчыя. Потым я б выехаў з Мінска, паглядзеў бы на іншыя месцы, дзе даўно не быў. Паехаў бы на Палессе, на Браслаўшчыну, у Віцебск. Прыблізна так я ўяўляю сваё вяртанне.