Пагоршыліся адносіны паміж Украінай і Польшчай. Ці адаб’ецца гэта на беларусах?
Апошнімі днямі адносіны паміж Украінай і Польшчай прыкметна абвастрыліся. Пачалося ўсё з таго, што Варшава падоўжыла эмбарга на ўвоз украінскага збожжа. У адказ Кіеў падаў пазоў у Сусветную гандлёвую арганізацыю, пасля чаго ў Польшчы заявілі пра гатоўнасць знізіць падтрымку Украіны. «Люстэрка» папрасіла растлумачыць, што адбываецца паміж Кіевам і Варшавай, намесніка галоўнага рэдактара польскай «Газеты Выборчай» Рамана Імельскага. Таксама яго спыталі, ці не закране гэты канфлікт беларусаў, якія вымушана жывуць у Польшчы.
— Спачатку Польшча адмовілася зняць забарону на імпарт і
транзіт украінскага збожжа, пазней прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі прыгразіў
перастаць пастаўляць Украіне ўзбраенні. Ці могуць быць прычынай пагаршэння
адносін блізкія парламенцкія выбары ў Польшчы?
— Выбары ў Польшчы адбудуцца 15 кастрычніка, і ў кіроўнай парыі «Права і справядлівасць» («ПіС») вельмі вялікія праблемы з мабілізацыяй сваіх прыхільнікаў, гэта па-першае. А па-другое, для «ПіС» важныя дзве групы выбаршчыкаў: адна — гэта пажылыя людзі, пенсіянеры, а другая — фермеры. І ў «ПіС» цяпер велізарныя праблемы з ростам цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю, гаворка не толькі пра зерне, але і пра гародніну, садавіну і г.д.
Каб лепш растлумачыць, што сёння адбываецца паміж Кіевам і Варшавай, варта сказаць, што ўрад «Права і справядлівасці» на ўзроўні прэм’ер-міністра і міністраў пасля выйграных у 2015 годзе выбараў практычна замарозіў адносіны з Украінай. Напрыклад, пачалася моцная падтрымка сіл, для якіх было вельмі важнае пытанне Валынскай разні (масавае знішчэнне польскага насельніцтва ў Заходняй Украіне ў 1943 годзе). Прэм’ер-міністр Польшчы пасля перамогі «ПіС» у 2015 годзе ўпершыню наведаў Кіеў толькі ў пачатку 2022 года. Такога раней ніколі не было. Адзіным цэнтрам, які падтрымліваў дастаткова добрыя адносіны з ключавымі ўкраінскімі палітыкамі, такімі, як Пётр Парашэнка, а затым і Уладзімір Зяленскі, быў прэзідэнт Анджэй Дуда.
Пазней, бачачы настроі польскіх грамадзян яшчэ ўвосень 2021 года, калі Пуцін пачаў ужо адкрыта пагражаць Украіне, прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі і старшыня «ПіС» Яраслаў Качыньскі хутка зарыентаваліся і зразумелі, што больш нельга стаяць убаку і трэба падтрымаць Украіну. Гэта супадала з іх палітычнымі інтарэсамі, бо ўсе сацыялагічныя апытанні паказвалі, што палякі падтрымліваюць Украіну і абсалютна не згодныя з намерамі Пуціна.
Нарэшце, мы бачылі, што здарылася пасля 24 лютага 2022 года, калі польскае грамадства падтрымала Украіну, а дзяржава з гэтым не да канца спраўлялася. Вядома, пачаліся пастаўкі зброі, Матэвуш Маравецкі і Яраслаў Качыньскі прыехалі ў Кіеў, але гэта быў палітычны разлік. Вядома, у інтарэсах Польшчы як краіны.
Наогул, палітыка ў дачыненні да Украіны была ў Польшчы кансэнсусам пачынаючы з 1991 года і распаду Савецкага Саюза. Гэты кансэнсус выразна вызначаў, што адна з найважнейшых мэтаў польскай міжнароднай палітыкі — моцныя дэмакратычныя незалежныя краіны Балтыі, Беларусь і Украіна, якая мае ключавое значэнне як найбуйнейшая дзяржава.
Цяпер давайце вернемся да пытання пра польскіх фермераў і сітуацыі на збожжавым рынку. Партыя «Права і справядлівасць» пайшла вельмі правільным шляхам, адкрыўшы ў 2022 годзе польскі рынак для ўкраінскага збожжа. Мы дапамагалі Украіне экспартаваць збожжа, бо гэта было вельмі важна для краіны, якая вядзе смяротную бітву з Расіяй.
На жаль, выявілася, што значная частка гэтага збожжа засталася ў Польшчы. Яшчэ ў 2022 годзе польская апазіцыя і эксперты папярэджвалі, што можа з’явіцца такая праблема, што гэта ўдарыць па польскіх фермерах. Але Яраслаў Качыньскі і Матэвуш Маравецкі адказвалі, што ўсё будзе ў парадку, што гэта прапаганда, якая ідзе рука аб руку з пуцінскай рыторыкай.
Сёння мы бачым, чым гэта скончылася: большая частка ўкраінскага збожжа засталася ў нас. Мы дагэтуль не ведаем, хто на гэтым зарабіў, але незалежныя СМІ, у тым ліку «Газета Выборча», паведамлялі, што зарабілі кампаніі і людзі, звязаныя з лагерам улады. Мы ўжо даўно патрабуем ад урада назваць спіс кампаній, якія зарабілі на гэтым грошы. Але замест гэтага ён раскрывае вельмі адчувальныя дакументы часоў сваіх папярэднікаў да 2015 года па абароне Польшчы.
Цяпер «Права і справядлівасць» змагаецца за частку электарату «Канфедэрацыі» (трэцяй па папулярнасці палітычнай сілы ў Польшчы) і адначасова спрабуе мабілізаваць і вярнуць сабе прыхільнікаў з вясковай мясцовасці. Вядома, нейкая частка польскага грамадства ўжо стамілася ад вайны ва Украіне, але, як паказваюць апытанні, гэта частка нязначная.
Вядома, палітыкі ў Кіеве таксама мусяць часам стрымлівацца і не казаць словаў, якія былі вымаўленыя. Але, на жаль, віна ляжыць на Варшаве і на тым, якую міжнародную палітыку праводзіць Польшча. Я лічу, што сёння ў нас вельмі слабая дыпламатыя, мы варагуем з самымі важнымі еўрапейскімі сталіцамі.
Нарэшце, пытанне паставак украінскага збожжа мусіла вырашацца на ўзроўні Еўрапейскай камісіі. Але, на жаль, польскі ўрад кожны дзень атакуе Берлін, Парыж, Брусэль, апазіцыю і г.д. У ЕС Польшчу ўжо проста ніхто не слухае. Сёння ў дачыненні да Украіны мы шмат у чым ідзём шляхам Віктара Орбана і Венгрыі, і я баюся, што перад выбарамі 15 кастрычніка гэта будзе толькі нарастаць.
— Як гэты канфлікт можа быць вырашаны пасля выбараў у выпадку, напрыклад, перамогі «Права і справядлівасці» — або наадварот, калі да ўлады прыйдзе апазіцыя?
— Гэта будуць два цалкам розныя сцэнары. Калі «ПіС» пераможа ці працягне кіраваць у складзе нейкай кааліцыі (бо перамагчы самастойна ў «ПіС» няма ніякіх шанцаў, ёсць варыянт, што яны створаць кааліцыю з «Канфедэрацыяй»), то нашыя адносіны з Украінай будуць толькі пагаршацца. Тыя словы, якія сёння гучаць, не будуць забытыя, як не будзе забытае тое, што цяпер адбываецца па лініі Кіеў — Варшава.
Усе спрэчныя пытанні можна было вырашыць за зачыненымі дзвярыма, але партыя «ПіС» клапацілася толькі пра тое, каб даць выразны сігнал грамадству: «Мы цвёрда стаім на абароне польскіх фермераў і рынку збожжа».
Заявы, зробленыя палітыкамі «Права і справядлівасці», напрыклад, пра тое, што трэба спыніць дапамогу ўкраінскім уцекачам або скандальныя словы прэм’ер-міністра Маравецкага пра тое, што мы не будзем пастаўляць зброю ва Украіну, азначаюць, што такія чырвоныя лініі ў міжнароднай палітыцы былі перасечаныя.
З іншага боку, калі да ўлады прыйдзе апазіцыя, гэтае пытанне, вядома, адразу не знікне, але больш не будзе тых эмоцый, якія мы бачым цяпер. Я перакананы, што тэма імпарту і транзіту ўкраінскага збожжа будзе хутка вырашанае, у тым ліку што да супрацоўніцтва з Еўрапейскай камісіяй.
— Беларусы, якія цяпер жывуць у Польшчы і назіраюць за канфліктам, могуць падумаць, што калі галоўны саюзнік Кіева цяпер дапускае на ягоны адрас такую недружалюбную рыторыку, то ці не перастане Варшава падтрымліваць і іх, людзей, вымушаных прыехаць у Польшчу, ратуючыся ад рэпрэсій у Беларусі?
— На маю думку, адно з важных пытанняў, звязаных з канфліктам па лініі польскіх і ўкраінскіх уладаў, — гэта тое, як ён адбіваецца на міжасобасных адносінах. Напэўна, будуць нейкія праблемы і напружанасць. Колькасць беларускіх імігрантаў у Польшчы цяпер ацэньваецца прыкладна ў трыста тысяч чалавек. На жаль, можа здарыцца так, што ў любы дзень сітуацыя канфлікту з Украінай закране гэтых людзей, як кажуць, па датычнай. Я спадзяюся, што да гэтага не дойдзе і што польскія ўлады ўсё ж не будуць перад выбарамі парушаць правілы ЕС, якія кажуць пра неабходнасць дапамогі ўкраінцам. Але калі гэта здарыцца, то, на жаль, беларусы таксама могуць пацярпець.
Важна і тое, што беларускае пытанне сёння наогул не разглядаецца польскімі ўладамі належным чынам. Гэта сапраўды так. Для мяне як для сябра Анджэя Пачобута гэта нешта неверагоднае. Польскія ўлады да 2020 года фактычна перамяншалі праблему Беларусі. Самыя важныя палітыкі, уключаючы Матэвуша Маравецкага, ездзілі туды і сустракаліся з Лукашэнкам. Яны запрашалі беларускія дзяржаўныя кампаніі і бізнес інвеставаць у Польшчу, наладжвалі адносіны з так званым беларускім парламентам, які ніхто ў Еўропе не прызнае.
Цяпер беларусаў настолькі мала ў Польшчы, што іх не
выкарыстоўваюць у палітычнай барацьбе. Але гэта цалкам можа адбыцца пасля
чарговага абвастрэння польска-беларускага канфлікту.