Варшава не будзе перадаваць сваю зброю Украіне: Прэм'ер Польшчы растлумачыў, што здарылася

Польскі прэм'ер Матэвуш Маравецкі сказаў, што Польшча больш не аддае Украіне сваю зброю, бо ўзбройваецца сама, але будзе працягваць дапамагаць іншымі спосабамі.

Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Фота тэлеканала «Polsat»

Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Фота тэлеканала «Polsat»

Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі сказаў у сераду, 20 верасня, што Польшча больш не аддае Украіне сваю зброю, таму што сама паскорана ўзбройвае ўласнае войска.

Пра гэта Маравецкі заявіў у эфіры тэлеканала «Polsat,» калі распавядаў, што можа прапанаваць яго партыя пасля 8 гадоў кіравання.

Журналіст Пётр Вітвіцкі закрануў у размове з прэм'ер-міністрам тэму стасункаў з Украінай. «Я б ахарактарызаваў іх як мінімум як тыя, што знаходзяцца ў цяжкім стане пасля апошніх заяў вышэйшых службовых асоб і прэзідэнта Украіны. Мы катэгарычна не згодны з такімі заявамі», — падкрэсліў кіраўнік польскага ўрада.

Але ў сераду ўвечары па сацсетках і прэсе разляцелася іншае выказванне прэм’ера: пра тое, што Польшча не будзе перадаваць сваю зброю Украіне. І ў некаторых кароткіх пераказах словы Маравецкага — на фоне цяперашняй спрэчкі Польшчы і Украіны з-за экспарту збожжа — выглядалі так, быццам польскі прэм'ер толькі што наогул абвясціў пра спыненне паставак зброі.

Аднак з паведамлення Польскага агенцтва PAP пра гэта інтэрв'ю ніяк не вынікае, што Польшча менавіта цяпер вырашыла спыніць пастаўкі зброі.

Інтэрв'ю ў асноўным было прысвечана менавіта «збожжаваму скандалу», і на пытанне, ці будзе Польшча і далей аказваць ваенную дапамогу Украіне, Маравецкі сказаў: «Мы цяпер больш не перадаём зброю Украіне, мы цяпер самі ўзбройваемся найноўшай зброяй».«Хочаш сябе абараняць — трэба мець чым абараняцца. Гэта наш прынцып, таму мы павялічылі закупкі (узбраення. — Рэд.)», — дадаў ён.

Маравецкі таксама нагадаў пра свае нядаўнія візіты на зброевыя заводы, дзе вырабляецца польская тэхніка — самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Krab» і бронетранспарцёры «Rosomaka». 

«Тут мы засяроджваемся галоўным чынам на мадэрнізацыі і хуткім узбраенні польскай арміі, каб яна стала адной з наймацнейшых армій Еўропы. І гэта ў вельмі кароткі час», — растлумачыў польскі прэм'ер. 

У той жа час прэм'ер запэўніў, што рашэнне Польшчы не даваць Украіне сваю зброю не паставіць пад пагрозу бяспеку Украіны, таму што хаб у польскім Жэшуве, праз які ідуць пастаўкі заходняй зброі ва Украіну, «увесь час выконвае тую ж ролю, што і выконваў, і будзе выконваць».

Глядзіце таксама

Паводле польскага боку, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Варшава аказала Кіеву вайсковую дапамогу на суму большую за тры мільярды еўра. Гэта боепрыпасы, бронетэхніка і цяжкая тэхніка, а таксама савецкія знішчальнікі, якія Польшча вырашыла перадаць адной з першых.

Заявы Маравецкага прагучалі на фоне напружанасці ў адносінах паміж Варшавай і Кіевам, звязанай з аднабаковымі абмежаваннямі Польшчы на ўкраінскую сельскагаспадарчую прадукцыю і дзеяннямі Украіны ў адказ.

Так, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы ў аўторак у ААН, заявіў, што «некаторыя ў Еўропе ператвараюць салідарнасць у палітычны тэатр і ладзяць трылер са збожжа». Ён меў на ўвазе эмбарга на імпарт украінскай сельгаспрадукцыі, якое, абараняючы свой унутраны рынак, увялі суседзі Украіны, у тым ліку Польшча.

Адносна галоўнай тэмы інтэрв'ю — спрэчкі аб транзіце ўкраінскай сельгаспрадукцыі — Маравецкі паўтарыў, што лічыць словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб «палітычным тэатры» вельмі несправядлівымі, і адзначыў, што яны граюць на руку расійскай прапагандзе.

«Мы прынцыпова не прымаем такія словы. У той жа час мы паслалі Кіеву папярэджанне, каб ён не граў такія ноты, якія тут жа падхопліваюць так званыя рускія тролі, усякія правакатары, якія радуюцца таму, што паміж нашымі краінамі пасеяна насенне разладу», — сказаў Маравецкі.

Паводле ВВСwww.eurointegration.com.uawww.polsatnews.pl