«Грамадзянства — гэта не проста слова з падручнікаў паліталогіі і права»

Кацярына Дзекайла для «Deutsche Welle» разважае над праблемай беларускага пашпарта і расказвае, ці былі аналагічныя кейсы ў мінулым.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Пасля рэвалюцыі 1917 года расійская белая эміграцыя апынулася за мяжой з несапраўднымі пашпартамі: дзяржавы, якая выдала іх, больш не існавала. Рашэннем стаў «пашпарт Нансена», які выдавала Ліга Нацый — з яго пачалася сістэма міжнароднай абароны бежанцаў. Можна згадаць і пашпарт Беларускай Народнай Рэспублікі, які БНР працягнула выдаваць за мяжой ужо як урад у выгнанні, — яго прызнавалі яшчэ некаторы час. У абодвух выпадках краіны, якія выдалі пашпарты, юрыдычна пераставалі існаваць, а іх грамадзяне не хацелі ці не маглі атрымаць дакументы дзяржаў, якія ўзніклі на іх месцы.

У сучаснай жа Беларусі сітуацыя цікавейшая: прызнаная і дзеючая дзяржава нікуды не дзелася, а проста адмовілася ад абароны часткі сваіх грамадзян.

Без пашпарта: што гаворыць міжнароднае права

Пашпарт — адно са сведчанняў юрысдыкцыі дзяржавы, следства яго суверэнітэту. У чужой краіне прыезджыя знаходзяцца ў больш уразлівым становішчы, чым яе грамадзяне — і юрыдычна, і псіхалагічна. І сутнасць інстытута грамадзянства якраз у тым, што наша дзяржава нас абараняе, дзе б мы ні знаходзіліся, — гэта нават напісана ў беларускім пашпарце на першым развароце.

Адсюль выраслі і консульскія функцыі — яны прапісаны ў Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах 1963 года, якую падпісала Беларусь. Але шэраг важных функцый беларускіх замежных устаноў цяпер альбо цалкам скасаваны, альбо немагчымы ў поўнай меры.


Глядзіце таксама

Консульскія функцыі нездарма ўзгодненыя на міждзяржаўным узроўні — такім чынам краіны дамовіліся не ствараць адна адной праблем. Таму што, калі дзяржава не хоча вырашаць праблемы свайго грамадзяніна за мяжой (і, тым больш, сама яму іх і стварае), гэта становіцца праблемай краіны яго знаходжання. Гэта як дзве злучаныя пасудзіны: чым менш у адной, тым больш у другой.

Зразумела, што ў беларусаў замежжа розныя тэрміны дзеяння пашпарта, і камусьці яны цалкам могуць дазволіць перажыць рэжым. Але калі нічога не зменіцца, то паступова ў рэгіёнах з найбольшай канцэнтрацыяй палітычных эмігрантаў з Беларусі апынецца велізарная колькасць людзей з несапраўднымі дакументамі. І разбірацца з гэтым давядзецца краінам іх знаходжання. Ну а там, дзе такіх беларусаў няшмат, будзе менш праблем у дзяржаў, але не ў гэтых людзей.

Дыскрымінацыя часткі беларусаў як асобнае парушэнне правоў чалавека

Пералічыць усе парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да грамадзян Беларусі, якія пацягне за сабой указ Лукашэнкі, немагчыма. Многае будзе залежаць ад практыкі прымянення і ад таго, наколькі краіны знаходжання беларусаў змогуць вырашыць іх праблемы. Нейкія дзяржавы будуць выдаваць «пашпарт замежніка», з якім можна перасякаць мяжу, або прызнаваць нелегалізаваныя арыгіналы дакументаў для паступлення ва ўніверсітэт. Але, да прыкладу, не патрабаваць пры заключэнні шлюбу даведку, што чалавек не жанаты ці не замужам, яны наўрад ці змогуць.

Сам факт неабгрунтаванага няроўнага абыходжання з часткай беларуса — само па сабе парушэнне, тым больш калі гаворка ідзе пра замацаваную ў заканадаўстве дыскрымінацыю.

Пад каток трапілі не толькі «палітычныя», але і наогул усе грамадзяне Беларусі, якія жывуць за мяжой. Пры гэтым, у адрозненне ад астатніх, палітэмігранты не змогуць памяняць пашпарт і іншыя дакументы ў Беларусі. Аргумент дзяржавы «усё даступна ў краіне — прыязджайце і карыстайцеся» нерэлевантны. Сітуацыя, калі чалавек можа зрабіць гэта толькі з рызыкай быць пасаджаным у турму, не можа апісвацца словам «даступна».


Глядзіце таксама

Змены ў прынцыпе выключылі людзей, якія часова пражываюць у іншай краіне, з заканадаўства аб дакументах і адміністрацыйных працэдурах. Прыбраныя ўсе фармулёўкі, якія такіх людзей улічвалі. Яны цяпер для Мінска ў шэрай зоне, не бачныя.

Права на свабоду перамяшчэння і іншыя

Часткай свабоды перамяшчэння з'яўляецца права чалавека свабодна пакідаць краіну, дзе ён знаходзіцца. Камітэт ААН па правах чалавека трактуе як парушэнне гэтага права і адмову дзяржавы выдаваць або падаўжаць пашпарт сваім грамадзянам, якія жывуць за мяжой. Падобны выпадак ужо быў: у 1979 годзе уругвайская журналістка забароненай там газеты Сафі Відаль Марцінс, якая пражывала ў Мексіцы, падала ў Камітэт скаргу на Уругвай праз адмову выдаваць ёй пашпарт. Камітэт прызнаў, што права свабодна пакідаць краіну ўскладае абавязацельствы як на дзяржаву пражывання, так і на дзяржаву грамадзянства. Яно не можа прымяняцца толькі да грамадзян, якія пражываюць ва Уругваі.

Недаступныя цяпер беларусам за мяжой консульскія паслугі цесна звязаныя з бытавымі пытаннямі — маёмасцю, адукацыяй, шлюбам. І стварэнне перашкод людзям у гэтым — таксама парушэнне іх правоў.

Указ Лукашэнкі перашкаджае рэалізацыі права на стварэнне сям'і, патэнцыйна можа абмежаваць у праве на адукацыю і працу. Паўстае пытанне і пра выпадкі крымінальнага пераследу беларускіх грамадзян за мяжой: ці будзе дзяржава аказваць консульскую дапамогу? А гэта ж — частка права на справядлівы суд.

Дзеці беларускіх палітэмігрантаў як асабліва ўразлівая група

Дзяржава пакідае без абароны і сваіх непаўналетніх грамадзян. Асабліва ўразлівая група — нованароджаныя дзеці палітычных эмігрантаў, якія больш не змогуць атрымаць пашпарт. Гэта асобнае парушэнне, таму што рэгістрацыя нованароджаных дзяцей і набыццё імі грамадзянства — асобнае абавязацельства дзяржавы. Хоць дзіця грамадзян Беларусі дэ-факта — таксама грамадзянін Беларусі, юрыдычным доказам яго грамадзянства з'яўляецца толькі дзейны беларускі пашпарт.


Глядзіце таксама

Пры гэтым Канвенцыя аб правах дзяцей — таксама падпісаная Беларуссю — абавязвае дзяржавы не дапускаць дыскрымінацыі дзяцей на аснове поглядаў іх бацькоў. А ў гэтай сітуацыі менавіта так і атрымліваецца.

Нягледзячы на тое, што чалавек не пазбаўляецца грамадзянства праз заканчэнне тэрміну дзеяння пашпарта і можа патрабаваць абароны ў сваёй дзяржавы, беларускі кейс дэманструе, што грамадзянства — гэта не проста слова з падручнікаў паліталогіі і права, а дзяржава — не проста тэрыторыя. І тое, і іншае — функцыя, сэрвіс, які павінен забяспечваць людзям магчымасць жыць паўнавартасным жыццём. І менавіта паўнавартаснага жыцця рэжым Лукашэнкі хоча пазбавіць усіх, хто выступіў супраць яго.