Лаўрухін: Сутаргавыя спробы ўлады спыніць уцёкі моладзі з краіны робяць страты незваротнымі
Падаецца, дзяржава пачала ўсведамляць маштабы чорнай дзіркі, якая ўтвараецца на месцы краіны дзякуючы яе дзеянням. Але спыніць гэты працэс улады, зноў жа, спрабуюць рэпрэсіямі.
![Улады спрабуюць рэпрэсіямі спыніць адток моладзі за мяжу. Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Улады спрабуюць рэпрэсіямі спыніць адток моладзі за мяжу. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_belarus_universitet_mdlu_studenty_2023_fota_novy_czas_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Улады спрабуюць рэпрэсіямі спыніць адток моладзі за мяжу. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
На нарадзе з міністрам адукацыі 21 верасня Лукашэнка з паказной горыччу канстатаваў: «Вы не сказалі пра галоўнае. Што хвалюе сёння дзяржаву. Мяне інфармуюць, што самыя-самыя прасунутыя, класныя спецыялісты з краіны з'язджаюць». Сапраўды, сярод соцень тысяч грамадзян, вымушаных праз рэпрэсіі пакінуць краіну, нямала самых прасунутых і класных спецыялістаў. Больш за тое, як паказвае апытанне «Беларускага нацыянальнага савета РАДА», ужо з'ехалі (1,3%), плануюць (11,0%) і хацелі б з'ехаць з краіны (28,3%) больш за 40% маладых грамадзян і грамадзянак Беларусі ва ўзросце ад 14 да 31 года.
Пра тое, што чакае беларускую адукацыю, для «Deutsche Welle» расказвае акадэмічны дырэктар «Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы» Андрэй Лаўрухін.
Акадэмічная эміграцыя
Заўважны ўсплёск акадэмічнай эміграцыі адбыўся пасля запуску машыны дзяржаўнага тэрору ў дачыненні да нелаяльных навучэнцаў і выкладчыкаў. Паводле даных партала «Честный университет», з 2020 па 2023 гады 1639 студэнтаў і выкладчыкаў сталі ахвярамі рэпрэсій або сутыкнуліся з ціскам унутры універсітэтаў, 287 навучэнцаў былі адлічаны і 201 выкладчык звольнены па палітычных прычынах, 53 навучэнцы і 3 выкладчыкі прызнаны палітвязнямі і адбываюць у турмах крымінальныя тэрміны пакарання ад 1,5 да 4,5 гадоў.
На дзяржаўны тэрор моладзь адрэагавала нагамі: па выніках прыёмнай кампаніі ў 2021 годзе вакантнымі засталося 937 бюджэтных месцаў, а летам 2022 года стала зразумела, што не менш за 5 тысяч абітурыентаў і студэнтаў палічылі за лепшае вучыцца ў іншых краінах.
Глядзіце таксама
![Рэжым Лукашэнкі прымае самаразбуральныя рашэнні Пашпарты, адпрацоўка, англійская. Як рэжым Лукашэнкі пачаў рабіць самаразбуральныя крокі](/img/v1/images/screenshot_from_2023_09_25_19_09_35.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Улетку 2023 года, каб пазбегнуць скандалу, план прыёму быў скарочаны на 900 месцаў, а ўмовы паступлення значна спрошчаны дзякуючы ўвядзенню цэнтралізаванага экзамену, які істотна павысіў «прапускную здольнасць» у ВНУ краіны. Але нават гэтыя надзвычайныя меры і ўжо традыцыйны дадатковы набор не змаглі схаваць праблему цалкам: толькі паводле афіцыйных даных, недабралі 2% першакурснікаў.
Сутаргавыя спробы ўлад спыніць уцёкі моладзі з краіны толькі разганяюць эміграцыю і робяць страты незваротнымі. Калі раней ва ўсіх студэнтаў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю за мяжой, была магчымасць вярнуцца ў краіну, то пасля ўведзенай у красавіку 2023 года забароны на адтэрміноўку ад войска для студэнтаў, якія паступілі ў замежныя ВНУ без афіцыйнага мэтавага накіравання, вяртанне «маладых спецыялістаў» стала звязана з рызыкай узбуджэння супраць іх адміністрацыйных (ці нават крымінальных) спраў і абавязкам адслужыць у войску.
А ці варта яно таго?
Атрыманне беларускімі грамадзянамі вышэйшай адукацыі ў Беларусі становіцца ўсё больш дарагім і рызыкоўным прадпрыемствам. Агучаная Лукашэнкам ініцыятыва — прымушаць студэнтаў-платнікаў адпрацоўваць па абавязковым размеркаванні альбо аплачваць поўны кошт адукацыі — нават на фоне ўсіх папярэдніх «інавацый» шакіруе сваёй адыёзнасцю. Па сутнасці, гаворка ідзе пра ўвядзенне «адукацыйнага прыгоннага права» з паншчынай (прымусовай адпрацоўкай на працягу 7 гадоў для «мэтавікоў» і 5 гадоў — для ўсіх астатніх) і чыншам (неабходнасцю кампенсацыі дзяржаве фінансавых сродкаў, выдаткаваных на навучанне нават тымі, хто вучыўся на платнай аснове).
Калі за свабоднае працаўладкаванне выпускнікоў пасля навучання ў ВНУ РБ давядзецца заплаціць 3-4 тысячы еўра на год і ёсць рызыка скончыць навучанне ў турме (новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі дапускае такую магчымасць), нават самыя патрыятычныя бацькі пачнуць задавацца пытаннем: «А ці варта яно таго?»
Глядзіце таксама
![Студэнты бягуць з Беларусі: 7 тысяч за тры гады Лаўрухін: Каля 7 тысяч студэнтаў за тры гады ўцяклі з беларускіх універсітэтаў](/img/v1/images/imgl0539__1__logo.jpg_logo_1.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Думку пра акадэмічную эміграцыю падштурхнуць простыя параўнанні: у Расіі пакуль яшчэ (!) няма абавязковага размеркавання, а ў многіх краінах кантынентальнай Еўропы (Польшчы, Літве, Германіі, Францыі і інш.) навучанне бясплатнае або з сімвалічнай аплатай (напрыклад, у Германіі кошт семестравага ўзносу ў залежнасці ад федэральнай зямлі вар'іруецца ад 100 да 300 еўра). Пры гэтым і ў РФ, і ў краінах Заходняй Еўропы ёсць магчымасці атрымаць бясплатную адукацыю са стыпендыяй.
З краіны выгналі еўрапейскія інстытуты
Сістэма адукацыі Беларусі паслядоўна ізалюецца і самаізалюецца ад адукацыйных прастор развітых еўрапейскіх краін і міжнародных праграм фінансавай падтрымкі.
Да 2022 года ўлады выгналі з краіны амаль усе еўрапейскія адукацыйныя інстытуты і прадстаўніцтвы (Інстытут Гётэ, DAAD і інш.). Пасля 2022 года Беларусь выключылі з міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў школ (PISA), з моладзевага прафесійнага руху WorldSkills International і WorldSkills Belarus і прыпынілі прадстаўніцтва Беларусі ў Балонскім працэсе.
Прыпынены міжнародныя праграмы фінансавай падтрымкі рэформаў адукацыі (напрыклад, праграма Сусветнага банка «Праект мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі Беларусі 2020-2025» на 109 мільёнаў долараў).
Глядзіце таксама
![Студэнты з Беларусі ва ўніверсітэтах ЕС: Іх шмат? Сарбона таннейшая за БДУ. Ці шмат беларусаў навучаецца ва ўніверсітэтах ЕС](/img/v1/images/bgu_minsk_universitet_logo.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пагроза асіміляцыі ў адукацыйную прастору РФ
Ва ўмовах (сама)ізаляцыі сістэмы адукацыі Беларусі ў дачыненні да заходніх краін з развітай дэмакратыяй «інтэрнацыяналізацыя на Усход» становіцца безальтэрнатыўнай і дамінуючай. Гэтаму спрыяе праактыўная адукацыйная палітыка РФ, нацэленая на фінансавую, тэхнічную і інфраструктурную падтрымку сістэмы адукацыі Беларусі (на ўсіх узроўнях), яе сінхранізацыю і ўніфікацыю з расійскай сістэмай адукацыі, а таксама заахвочванне акадэмічнай эміграцыі ў РФ.
Паказальна тут павелічэнне квот расійскага ўрада на бясплатнае навучанне беларусак і беларусаў у ВНУ Расіі. Паводле даных кіраўніка прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі Юрыя Макушына, колькасць месцаў па квоце ўрада РФ за кошт федэральнага бюджэту для абітурыентаў з Беларусі павялічылася ў 18 разоў: з 73 у 2019 годзе да 1300 у 2023-м.
Глядзіце таксама
![Пасля 2020-га колькасць беларусаў у расійскіх ВНУ павялічваецца — гэта адзін з вынікаў ізаляцыі Хто ад гэтага выйграў? Беларусам стала складана паступіць у заходнія ВНУ, і яны мусяць ехаць вучыцца ў РФ](/img/v1/images/licej_adukacyja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas5_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У дадатак да гэтага каля 1000 маладых беларусак і беларусаў штогод паступаюць у ВНУ РФ на платнай аснове. Паводле даных намесніка дырэктара Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Мінадукнавукі РФ Алены Гаражанкінай, па стане на сакавік 2023 года ў ВНУ РФ ужо навучаюцца больш за 12,5 тысяч юных грамадзян і грамадзянак Беларусі.