Чаму ў закручвання гаек у Беларусі не відаць межаў?
Калі шукаць межы закручвання гаек у Беларусі ці таго моманту, калі ўлады сарвуць разьбу, — дык прыходзіш да сумнай высновы, што не прадбачыцца ні таго, ні другога. Гэта не азначае, што вайна рэжыму з народам будзе ісці зусім без перапынку, але для яго павінны скласціся ўмовы, калі ў рэжыму ўзнікне патрэба ў такім перапынку. Цяпер — на гэты момант — такіх умоў няма, але яны цалкам могуць з'явіцца.
Дыпламат і палітолаг Павел Мацукевіч у сваім тэлеграм-канале «Пульса Леніна-19» разважае над тым, што будзе далей.
Эліксір жыцця ад «Таты Дока»
У кнізе «Дзяржаўны пераварот. Практычны дапаможнік», напісанай былым дарадцам прэзідэнта Рэйгана Эдвардам Лютвакам яшчэ ў канцы 1960-х, выведзены эліксір выжывання ўлады ў доўгатэрміновай перспектыве.
Рэцэпт складаецца з трох інгрэдыентаў:
- эфектыўныя рэпрэсіі
- масіраваная прапаганда
- нулявое эканамічнае развіццё
У якасці паспяховага прыкладу Лютвак прыводзіць досвед «Таты Дока» — кіраўніка Гаіці Франсуа Дзювалье, які пабудаваў сваё кіраванне на гэтай рэцэптуры.
Можа здацца парадаксальным, што паспяховае эканамічнае развіццё з'яўляецца праблемай для ўзурпатара ўлады, але таму ёсць простае тлумачэнне: эканамічнае развіццё ў канчатковым выніку прыводзіць да росту палітычнага свядомасці ў насельніцтва, а таму супярэчыць палітычнай стабільнасці, якая з'яўляецца найпершым клопатам любога тырана.
Людзі на фоне росту дабрабыту пачынаюць цікавіцца сваімі палітычнымі правамі і на іх настойваць. Пратэсты 2020 года ў Беларусі доказ гэтаму.
Не тое, каб рэжым у Беларусі не заклапочаны эканамічным развіццём, але ў значна меншай ступені, чым захаваннем улады, дзеля якой пайшоў на істотнае абмежаванне магчымасцяў для развіцця краіны. І калі спатрэбіцца — пойдзе на поўнае спыненне.
Па частцы рэпрэсій і прапаганды лінія паводзін Лукашэнкі паўтарае рэцэпт выжывання «Таты Дока», адрозніваючыся ў дэталях і саступаючы па ўзроўні гвалту.
Рэпрэсіўнай машыне дыктатараў таксама трэба паліва, прапагандай яе бак не заправіш. Спонсарам Франсуа Дзювалье быў Вашынгтон, сацыяльна-палітычныя эксперыменты Аляксандра Лукашэнкі падтрымлівае і фінансуе Масква, і пакуль яе рэсурс з пункту гледжання патрэбаў Мінска невычарпальны.
У дзяржавы, якая развіваецца ў назад, адваротны бок — мінулае становіцца будучыняй. Лукашэнка не хавае сваіх сімпатый да Савецкага Саюза і многае са сваіх палітычных, эканамічных і рэпрэсіўных практык запазычвае адтуль. Таму адказ на пытанне, што будзе ці што можа быць, збольшага крыецца ў СССР.
СССР быў закрытай дзяржавай, савецкія грамадзяне не маглі проста так выехаць за мяжу. У савецкім сэнсе патэнцыял ізаляванасці Беларусі яшчэ наогул не вычарпаны. Наадварот, улады як быццам дэманструюць адкрытасць Беларусі свету і суседзям па частцы ўмоў уезду.
Ёсць палітычная і эканамічная ізаляцыя Беларусі з боку заходніх краін, але і яна яшчэ не носіць абсалютнага характару. Аднак жалезную заслону цалкам могуць, апярэдзіўшы суседзяў (Польшчу, Літву і Латвію), апусціць і беларускія ўлады, прызнаўшы, напрыклад, несанкцыянаваны выезд за мяжу крымінальным злачынствам, што будзе карацца турэмным тэрмінам і канфіскацыяй маёмасці ў якасці пакарання.
Навелы ў частцы абавязковага размеркавання для платнікаў і бясплатнікаў і павелічэння тэрмінаў адпрацоўкі — крокі ў гэтым кірунку. І яны не адзіныя.
Якімі б жудаснымі ні здаваліся рэпрэсіўныя рэаліі, апісваныя ў пастах Ягора Марціновіча і іншых палітычных вязняў, якія прайшлі праз беларускія турмы, але ўспаміны пра сталінскія рэпрэсіі Тамары Пяткевіч («Жизнь — сапожок непарный»), Яўгеніі Гінзбург («Круты маршрут») або Варлама Шаламава («Калымскія апавяданні») пераконваюць, што патэнцыял для развіцця гвалту ў Беларусі яшчэ вялікі.
Таму межы закручвання гаек не праглядаюцца, нават калі здаецца, што далей няма куды.