Мацукевіч: Перакрыць мяжу можа і Лукашэнка

Старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» і былы дыпламат Павел Мацукевіч у новым выпуску свайго блога «Пульс Леніна-19» разважае над працягам крызісу на мяжы Беларусі і ЕС.

border_belarus_4016faad_0b28_4b68_94d8_1bdc4e643b50.png

На нядаўняй сустрэчы ў Варшаве міністры ўнутраных спраў Польшчы і краін Балтыі звялі прычыны, па якіх можа цалкам закрыцца мяжа, да дзвюх падстаў: значны ўзброены інцыдэнт або масавы прарыў мяжы нелегаламі. 

Цікава, што і адно, і другое можа адбыцца па незалежных ад афіцыйнага Мінска абставінах. Прыкладна гэтак жа, як абстрэлы Украіны Расіяй з тэрыторыі Беларусі, якія здараліся раней і ў тэорыі могуць аднавіцца зноў, незалежна ад волі рэжыму. Калі Крэмль так вырашыць.

На згаданай сустрэчы міністраў унутраных спраў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі акрамя вызначэння падстаў і выпрацоўкі механізма закрыцця мяжы была прынята заява, якую кабінет Святланы Ціханоўскай назваў «фактычна ўльтыматумам» рэжыму. 

На ўльтыматум заява не цягне. Паводле тэксту няма патрабаванняў, а толькі заклік да афіцыйнага Мінска вывесці з тэрыторыі Беларусі наймітаў ПВК «Вагнер» і адаслаць па дамах нелегальных мігрантаў, якія штурмуюць мяжу. І тое, і іншае, зноў жа, наогул ўжо не з'яўляецца вотчынай рэжыму. «Вагнер» — наравістая цацка Крамля, а не Мінска, якая перастала радаваць свайго гаспадара. Што ж тычыцца нелегальнай міграцыі, то заслон на яе шляху трэба ставіць ужо ў Расіі.


Глядзіце таксама

Лукашэнка адрэагаваў на навіны з Варшавы правядзеннем пасяджэння Рады бяспекі, што гаворыць пра сур'ёзнасць моманту. На Радзе бяспекі, праўда, ён у звыклай манеры перавёў стрэлкі на краіны NATO, выгароджваючы сябе гатоўнасцю да аднаўлення добрасуседскіх адносін. У якасці пацвярджэння сваіх мірных намераў Лукашэнка паведаміў пра накіраванне запрашэння Польшчы паназіраць за вучэннямі АДКБ «Баявое братэрства-2023», якія стартуюць у Брэсцкай вобласці.

Запрашэнне — гэта нядрэнна, але зусім міма ўсяго таго, што чакаюць ад Беларусі суседзі, калі пагражаюць поўным блакіраваннем мяжы на польскай, літоўскай і латвійскай мовах. 

Нягледзячы на паказальнае закрыццё Літвой некалькіх памежных пераходаў і супярэчлівыя анонсы ў дачыненні да яшчэ двух у паводзінах афіцыйнага Мінска пакуль не адбылося нічога, што агаляе гатоўнасць да саступак. Мэтавай аўдыторыяй рэверансаў Лукашэнкі ў бок Польшчы, якія гучалі на Радзе бяспекі і раней, з'яўляецца ўласны электарат, якога гэта павінна пераканаць у тым, што іх важак ні ў чым не вінаваты. Інакш рыторыка падмацоўвалася б дзеяннямі ў рэчышчы чаканняў суседзяў.

Напрыклад, рэжым мог пайсці хаця б на непублічныя, хай нават касметычныя, змякчэнні ва ўмовах утрымання Анджэя Пачобута. Грамадскасць іх наўрад ці б заўважыла, а таму не палічыла б за прагін улады. Аднак такія жэсты дакладна змаглі б ацаніць у Варшаве і змясціць на чашу вагаў, якая за тое, каб пакінуць мяжу адкрытай, і пачаць неяк прадметна камунікаваць. 

Тым не менш, рэжым дзейнічае з дакладнасцю да наадварот. Сітуацыя з Пачобутам, праз прысуд якому Польшча закрыла памежны пераход, толькі пагаршаецца. Пра яго даўно няма дакладнай інфармацыі, рэжым не пускае да яго адваката, адмаўляе ў лістах, леках і кантактах з роднымі.

Мінск не толькі не ідзе на саступкі, але імкнецца метадычна адказваць на ўсе крыўды.


Глядзіце таксама

Свежы прыклад з Гродна: там з'явіўся праезд імя Эміля Чэчкі — польскага салдата, які ў снежні 2021 года папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі і ў выніку скончыў жыццё самагубствам. Пікантнасці дадае той факт, што на новым праездзе Эміля Чэчкі якраз знаходзіцца генконсульства Польшчы. Няма патрэбы ўзбройваць вочы біноклем, каб разгледзець у гэтым адказ на нядаўняе перайменаванне ў Беластоку вуліцы, на якой знаходзіцца беларускае генконсульства, у сквер Свабоднай Беларусі.

Ёсць паведамленні пра змяншэнне колькасці спроб нелегальнага перасячэння мяжы Беларусі з краінамі Еўрасаюза, у якіх пры жаданні можна ўбачыць лінію паводзін рэжыму. Аднак з гэтых даных яшчэ не вырасла тэндэнцыя, каб гаварыць пра нешта вызначана. 

Больш за тое, дзень правядзення сустрэчы міністраў унутраных спраў Польшчы і краін Балтыі ў Варшаве адзначыўся сур'ёзным інцыдэнтам на беларуска-польскай мяжы з удзелам 60 нелегальных мігрантаў. Гэта не ўпісваецца ў логіку прымірэння суседзяў, якой быццам бы павінен кіравацца афіцыйны Мінск як прызнаны міжнароднай супольнасцю лялькавод міграцыйнага крызісу, калі хоча знізіць градус напружання ў адносінах з Польшчай і краінамі Балтыі.

Ёсць сумнеў, што рэжым кіруе міграцыйным крызісам як пультам ад брамы або тэлевізара. Прынамсі, з таго моманту, як у Мінск перасталі лётаць іракскія і турэцкія самалёты і канал паступлення нелегальных мігрантаў перамясціўся ў Расію. Мяжа з ёй беларускім бокам не кантралюецца, але справа не толькі ў гэтым.


Глядзіце таксама

Праблема ў тым, што кран, які рэгулюе міграцыйныя патокі, цяпер у Крамля. Калі Расія вырашыць ушчыльную заняцца пастаўкамі мігрантаў у Еўропу, то сённяшні паток, які пакуль не супастаўны з тым, што адбываецца на міжземнаморскіх межах Еўрасаюза, можа ператварыцца ў лавіну. Спыніць яе рэжым наўрад ці зможа, нават калі раптам палічыць для сябе выгадным вярнуцца да выканання сваіх абавязацельстваў па абароне мяжы ад нелегальных перасячэнняў. Хоць было б нядрэнна, калі б палічыў, выйшаўшы тым самым з міграцыйнага шантажу, небяспечнага для Беларусі. Без гэтага ўрэгуляванне міграцыйнага крызісу ў прынцыпе немагчымае.

У сухім астатку бягучага эпізоду «Зорных войнаў» пакуль няма абнадзейлівых перспектыў. Бакі, мяркуючы па ўсім, яшчэ далёкія ад таго, каб шукаць кампраміс нейкім іншым спосабам, акрамя ціску і абмену «ласкамі». Заклікі і патрабаванні аднаго боку ўсё радзей перасякаюцца з магчымасцямі другога.

У сукупнасці ўсё гэта азначае, што «жалезная заслона» можа апусціцца ў любы момант. Прычым як з таго, так, тэарэтычна, і з другога боку. Напрыклад, пад выглядам ваеннай пагрозы з боку Польшчы. Афіцыйны Мінск пакуль не рабіў аніякіх такіх рухаў цела, а наадварот — прасоўвае «бязвіз» і з задавальненнем рэгулярна дзеліцца звесткамі аб колькасці замежнікаў, якія наведалі Беларусь. Аднак наш смутны час і сам характар рэжыму падказваюць улічваць і такую опцыю: закрыць мяжу, перакрыўшы ўезд і выезд, можа і Лукашэнка.