«Трэба паказаць, што Польшча вінаватая». Кіроўца аўтобуса — пра чэргі на мяжы

18 жніўня Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Пасля гэтага чэргі на выезд з нашай краіны моцна выраслі — людзі праводзілі ў іх больш за суткі. Прыкметна павялічыўся час чакання і на мяжы з Польшчай, дзе з лютага 2023 года працуе толькі адзін пагранпераход для пасажырскага транспарту. Нязвыкла доўга на беларуска-польскай мяжы стаяць рэйсавыя і турыстычныя аўтобусы, якія раней праязджалі значна хутчэй. Кіроўца аднаго з іх распавёў «Люстэрку» пра сітуацыю на заходняй мяжы і падзяліўся версіяй пра прычыны чэргаў.

horad__transpart__praezd__autobus_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_1_logo.jpg.webp

Алег (імя зменена) ездзіць праз мяжу амаль кожны дзень. Яго аўтобус курсіруе па маршруце Брэст — Варшава — Брэст.

— Рэйсавыя аўтобусы цяпер перасякаюць мяжу ў сярэднім за 16 гадзін, — апісвае сітуацыю кіроўца. — Гэта поўны шлях ад памежнага шлагбаўма на беларускім баку да шлагбаўма на польскім. Аднойчы я ўправіўся за 10 гадзін — гэта пакуль рэкорд. Звычайна шлях ад Брэста да Варшавы займае гадзін 20, амаль суткі. Турыстычныя аўтобусы едуць значна даўжэй. Рэйсавыя аўтобусы загадзя зацвярджаюць графік перасячэння мяжы, а турыстычныя — не. Таму памежнікі прапускаюць праз пераход адразу тры рэйсавыя аўтобусы і адзін турыстычны.

Паводле слоў суразмоўцы, пасля закрыцця літоўскіх пагранпунктаў на польскай мяжы аўтобусаў не дадалося. Асноўную прычыну затрымак Алег бачыць у дзеяннях беларускіх памежнікаў.

— Яны проста не выпускаюць аўтобусы на польскі бок, — кажа мужчына і тлумачыць «тэхналогію пропуску» праз пункт Брэст — Цярэспаль. — Аўтобус прыбывае на мяжу. Яго запускаюць на пагранпераход. Мытнікі і памежнікі правяраюць пасажыраў і афармляюць дакументы на выезд. Затым ён спыняецца ў зоне чакання каля крамы duty free і чакае дазволу рухацца да нейтральнай паласе на мосце праз Буг. І вось дазволу апошні час можна чакаць дзве-тры гадзіны. Апошні раз я каля гэтай крамы прастаяў чатыры з паловай гадзіны — з усімі аформленымі дакументамі на руках. У палякаў жа афармленне праходзіць досыць хутка — у сярэднім, гадзіну на адзін аўтобус.


Глядзіце таксама

Паводле слоў Алега, польскія памежнікі часта нават і не ведаюць, што на беларускім баку сабралася чарга з дзясяткаў аўтобусаў:

— Заязджаеш — паляк пытаецца: што ў вас там дзеецца, чаму не едзе ніхто? Кажаш: на беларускім баку 30 аўтобусаў. Ён робіць квадратныя вочы: чаго ж іх сюды не пускаюць? А на польскім баку ў гэты час усяго адзін аўтобус стаіць.

Тым часам у Дзяржпагранкамітэце ў чэргах на мяжы вінавацяць менавіта польскі бок. Алег з гэтым не згодны:

— Так, палякі ўзмацнілі праверкі пасажыраў апошнім часам. Больш старанна правяраюць рабочыя і студэнцкія візы, часцей задаюць пытанні аб мэтах паездкі. На іх баку мяжы з'явіліся вайскоўцы, нават бронетранспарцёр прыгналі. Але на часе праходжання мяжы гэта адбілася не вельмі. З боку можа падацца, што гэта палякі доўга не пускаюць машыны на сваю частку мяжы. Але гэта не так. Палякі заўсёды адкрываюць дадатковыя каналы і прыцягваюць больш памежнікаў, калі бачаць чаргу з трох-чатырох аўтобусаў. Затрымліваюць плынь адназначна беларускія памежнікі.

— Чаму яны гэта робяць? — задаецца пытаннем кіроўца. — Гэта ваенная таямніца, ніхто нічога не ведае. Мая версія: так адбываецца з-за бардака ў сістэме. І гэты бардак навязаны памежнікам зверху: каб людзі павольней перасякалі мяжу — і трэба паказаць, што ў гэтым Польшча вінаватая.

Алег таксама адзначыў, што допыты і праверкі тэлефонаў на мяжы адбываюцца цяпер нашмат радзей:

— На выезд з Беларусі праверкі тэлефонаў і допыты людзей амаль спыніліся. Вельмі рэдка могуць дадаткова праверыць чалавека, які прыцягваўся ў 2020 годзе. Але нават размовы з людзьмі ў цывільным цяпер праходзяць значна хутчэй. На ўездзе ў Беларусь па-ранейшаму дапытваюць усіх грамадзян Украіны. І там шанцы пяцьдзесят на пяцьдзесят: ці вернецца пасажыр у аўтобус, ці не.

Асноўная парада кіроўцы беларусам, якія збіраюцца ехаць у Польшчу: закладваць на дарогу ад Брэста да Варшавы 24 гадзіны.

— Ні адзін аўтобус цяпер не ідзе па графіку, — заключае ён.