Кантрабанда і яе складаныя шляхі. Як на літоўскай мяжы шукаюць нелегальныя тавары з Беларусі

Акрамя нелегальных мігрантаў і пагрозы з боку ПВК «Вагнер» Беларусь для нашых суседзяў з'яўляецца надзейнай і самай вялікай крыніцай кантрабанды. Прычым аніякія праверкі і арышты яе не спыняюць.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Колькасць кантрабандных цыгарэт, якія ўвозяцца ў Літву, не скарачаецца: кожная пятая выкураная ў Літве цыгарэта — нелегальная. Больш за ўсё кантрабанды вязуць па зямлі з Беларусі. Каля 50% кантрабанды затрымліваюць на мяжы. Больш і часцей за ўсё — на КПП «Прывалка» (з літоўскага боку — «Райгардас»), «Катлоўка» («Лаворышкес») і «Беняконі» («Шальчынінкай»), а таксама на чыгуначным пункце «Гудагай» («Кяна»). Каб скараціць паток кантрабанды, літоўскія мытнікі распрацавалі спецыяльную схему надгляду, піша «Delfi».

У звычайны працоўны дзень праз КПП у Катлоўцы праязджае няшмат машын. Жадаючыя трапіць у Літву павінны прайсці пільны дагляд. Ён пачынаецца з праверкі дакументаў, пазней аглядаюць транспартны сродак і рэчы, якія вязуць людзі. Рэчы абнюхваюць службовыя сабакі. Адзін з іх — Ёга. «Мы спачатку аглядаем кузаў звонку. Я паказваю Ёгу, дзе шукаць. Калі бачу, што ён кідаецца, паказваю канкрэтнае месца. Калі ён абыходзіць кузаў, аглядаем салон. Я адчыняю дзверцы машыны, даю панюхаць, звяртаю ўвагу на месцы, дзе сабака не нюхаў. Калі бачу, што нешта прапусціў, паўтараю каманду. Потым пераходжу да іншых дзвярэй. Напрыканцы аглядаем багажнік, прашу чалавека дастаць рэчы і даць іх сабаку абнюхаць», — расказвае супрацоўніца літоўскай мытні Рамена Баўрэне.


Глядзіце таксама

На пытанне, як сабака паказвае наяўнасць нелегальных тавараў, мытніца ўдакладняе: «Калі знаходзіць, спыняецца, замірае». Калі сабака знаходзіць кантрабанду, то радуецца: за гэта яму належыць пачастунак і гульня. «Базавы курс навучання сабакі складае 180 гадзін, пасля гэтага ідуць пастаянныя трэніроўкі, нагадванні, матывацыя — або мячык, або цацка. Праверку можа ўскладніць спякота, часам пасажыры вязуць з сабой котак — гэта таксама перашкода, трэба прасіць прыбраць жывёлу з машыны. Усякае бывае. Сабакі — жывыя істоты, на іх уплываюць розныя фактары. Часам можа быць праблема са здароўем.

Працягласць праверкі залежыць ад таго, як працуе сабака. Важна, каб ён не ператаміўся. Вось цяпер я бачу, што сабака нічым не зацікавіўся, а нюхае старанна. Ён сама радуецца, калі нешта знаходзіць, таму пасля знаходак матывацыя ў яго павышаецца», — сказала Баўрэне.

Колькасць кантрабанды залежыць ад тыпу транспартнага сродку і спосабу перавозкі. Паводле даных Мытнага дэпартамента Літвы, калі яе хаваюць у канструкцыі паўпрычэпа (часцей за ўсё, у падлозе або столі), то гаворка ідзе пра дзясяткі або сотні тысяч пачкаў.

Да дзёрзкіх спосабаў перавозкі адносяцца такія выпадкі, калі кантрабанду вязуць, толькі злёгку прыкрыўшы яе афіцыйным грузам — напрыклад, агуркамі, торфам і г.д. Падчас такіх знаходак налічваюць да 1000 каробак з цыгарэтамі (каля 0,5 млн пачкаў). Для ўважлівага кантролю мытня выкарыстоўвае рэнтген — на ім праглядаюць і легкавыя, і грузавыя аўтамабілі.


Глядзіце таксама

Рэнтгенаўская праверка пачынаецца з таго, што супрацоўнікі мытні ацэньваюць рызыку і накіроўваюць машыну на праверку, расказаў інспектар-рэнтгенолаг Дар'юшас Дзякявічус. Спецыялісты запускаюць транспартны сродак у спецыяльны ангар, кіроўцу запрашаюць у асобнае памяшканне, інфармуюць пра шкоду радыяцыі для чалавека. Пакуль тэхніку скануюць, кіроўца знаходзіцца ў асобным памяшканні і чакае. «Вынікі аналізуюць крыміналісты і даюць далейшыя распараджэнні. Працэс доўжыцца 10-15 хвілін. Калі заўважаюць нешта падазронае, то машына едзе ў іншы ангар, там яе разгружаюць і г. д.», — сказаў Дзякявічус.

Паводле яго, кантрабандысты імкнуцца выдумляць усё больш дасканалыя спосабы перавозкі кантрабанды. На пытанне, якую самую вялікую кантрабанду ўдалося затрымаць яму асабіста, Дзякявічус адказаў: «2000 скрынь, у грошах гэта 3 млн еўра. Гэта было напрыканцы сакавіка».