«Гэта ўжо пагроза». Літоўскія памежнікі — пра кантрабанду з Беларусі
Памежная служба Літвы ўпэўненая, што беларускія службовыя асобы спрыяюць нелегальнай міграцыі і правозу кантрабанды.
Беларускія памежнікі часта дапамагаюць нелегальным імігрантам перасячы мяжу, сцвярджаюць у Памежнай службе Літвы. Намеснік кіраўніка памежнай службы Літвы Рымантас Пятраўскас у эфіры літоўскага тэлеканала LNK расказаў, дзе сітуацыя найбольш складаная.
«Даныя, сабраныя пагранслужбай сёлета, дазваляюць зрабіць выснову, што патокі кантрабанды ў Літву павялічыліся. І ёсць пэўныя тэндэнцыі: павялічыліся і аб'ёмы кантрабанды цыгарэт, і колькасць выпадкаў. Гэты рост быў выкліканы тым, што колькасць кантрабанды меншая, аднак спробаў стала больш», — сказаў Пятраўскас.
Кантрабанда з Беларусі ў Літву перапраўляецца дронамі, воднымі шляхамі і праз памежныя пераходы. «Колькасць цыгарэт, што перавозяцца, зменшылася, але колькасць такіх выпадкаў павялічылася. Характэрна, што беларускія памежнікі займаюць нейтральную пазіцыю, і гэта для літоўскага боку з'яўляецца негатыўным момантам.
Гэта ўжо як нейкая пагроза. Што тычыцца нелегальнай міграцыі, то ў нас ёсць звесткі, што службовыя асобы дапамагаюць як разбурэннем плота, так і фарміраваннем груп мігрантаў, перакідкай іх на літоўскі бок», — сказаў намеснік кіраўніка Памежнай службы Літвы.
Пятраўскас сцвярджае, што спробы пашкоджання плота звычайна фіксуюцца ў месцах, дзе яшчэ няма камер відэаназірання. Паводле слоў Пятраўскаса, «агрэсіўная палітыка Беларусі ў дачыненні да Літвы і Еўрапейскага Саюза не дае аніякай надзеі, магчымасці расслабіцца». Прагнозы на наступны год у літоўскіх памежнікаў несуцяшальныя:
«Мы лічым, што палітыка з боку Беларусі ў наступным годзе аніяк не зменіцца — як у плане кантрабанды, так і ў плане нелегальнай міграцыі. І тыя выклікі, што былі ў гэтым годзе, застануцца і ў наступным».