Літоўскія палітыкі: Роля беларускага народа ў самавызначэнні была недастатковай

«Мы шмат зрабілі, рашучасці не хапіла ў саміх беларусаў. Сітуацыя зменіцца, калі яны будуць пратэставаць, залазячы на лаўкі ў парках, не здымаючы ботаў», — лічаць у Літве.

img_0516_logo.jpg

Партал «Delfi» паразмаўляў з літоўскімі палітыкамі наконт таго, чаму Беларусь не ўдалося адарваць ад Масквы. У шэрагу прычын яны назвалі беларускі народ.

Двухбаковыя адносіны Літвы з Беларуссю заўсёды былі напружанымі. Праўда, былі спробы адагрэць іх у 2008-2009 гадах: у чэрвені 2009 года ў Мінску адбыліся кансультацыі МЗС абедзвюх краін, пасля чаго МЗС Літвы распаўсюдзіла заяву пра тое, што краіны імкнуцца да больш цеснага двухбаковага супрацоўніцтва. Пра больш інтэнсіўныя адносіны з Беларуссю ў 2009 годзе гаварыў і тагачасны спікер літоўскага парламента Арунас Валінскас, у Беларусь з візітам прыязджаў тагачасны прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс. У той час назіралася часовае напружанне ў адносінах Аляксандра Лукашэнкі і Масквы. 

У верасні таго ж года Лукашэнка ўдзельнічаў у Беларускім эканамічным форуме ў Вільні. Пасля гэтага прэзідэнтка Літвы Даля Грыбаўскайтэ наведала Беларусь. Нямала крытыкі выклікалі яе словы, што Аляксандр Лукашэнка — «гарант стабільнасці Беларусі». Праўда, пасля гэтага прэзідэнтка, зразумеўшы, што перазагрузіць адносіны не атрымаецца, не шкадавала крытыкі ў адрас аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі і больш не сустракалася з ім. Нягледзячы на спробы Літвы змякчыць адносіны, побач з яе мяжой з'явілася Беларуская АЭС. Падпісант «Акта аб незалежнасці Літвы», былы амбасадар Пятрас Вайтэкунас сказаў «Delfi», што Літва прыкладна 10 гадоў пасля аднаўлення незалежнасці жыла «пад гіпнозам рамантычнага развалу СССР» — панавалі неабгрунтаваны аптымізм і вера ў тое, што ўсё будзе добра.

«23 гады мы насамрэч жылі пад шатамі д'ябла — да 24 лютага гэтага года. Мы гаворым пра Беларусь. Трэба спытаць сябе: ці ёсць Беларусь? Ці ёсць народ, незалежнасць або толькі Лукашэнка? Гэта асноўнае адрозненне і ў палітыцы, трэба зразумець — пра што мы гаворым? Ці ёсць інтарэсы Беларусі або толькі Лукашэнкі?» — заўважыў дыпламат. 

Іншы суразмоўца, былы міністр замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс, звярнуў увагу на тое, што да 1994 года, пакуль да ўлады не прыйшоў Лукашэнка, адносіны з Беларуссю былі прадуктыўнымі. «Было такое стаўленне, дэманстравалі добразычлівасць Беларусі і ў гістарычных пытаннях, — сказаў ён. — Гэта было і ў часы перабудовы, нягледзячы на тое, што былі і розныя правакатары. Расія, я выдатна памятаю, гуляла на гэтым, спрабуючы ўнесці разлад у адносіны Літвы і Беларусі: заахвочвала меркаванне, што Вільнюс і Гродна — іх гарады, але нічога з гэтага не выйшла, збольшага дзякуючы тагачаснай уладзе, Шушкевічу  і нашаму Вярхоўнаму савету. Пачатак быў добрым, але бачыце, чым усё скончылася».

«Я ж памятаю. Уявіце: спачатку сайт беларускага прэзідэнта на англійскай і рускай мовах. Беларускай мовы не было, хаця ў міністэрствах была беларуская мова, напрыклад, сайт МЗС Беларусі быў на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. А сайт прэзідэнта дэманстратыўна на дзвюх. Ён (Лукашэнка) карыстаўся беларускай мовай, калі хацеў неяк зняважыць апазіцыю. Гэта пра многае гаворыць», — сказаў Вайтэкунас. Ён нагадаў, што былі спробы гаварыць з Беларуссю, але Крэмль у 2014 годзе і сёлета, паводле слоў Вайтэкунаса, прадаставіў нам «доказы неабходнасці каштоўнаснай палітыкі». 

«Калі ў такіх краінах, як Расія і Беларусь, няма дэмакратыі, няма выбараў, няма правоў чалавека — іх парушаюць, то рана ці позна вайна непазбежная. Хто мог прыйсці да такіх высноў? Усе спадзяваліся, што неяк прарвёмся, можа, крыху ўдасца пагаварыць і з Расіяй, і з Беларуссю. А цяпер прадастаўлены страшныя, жорсткія доказы, у аснове якіх ляжаць чалавечыя ахвяры, доказы таго, што, калі няма выбараў, няма правоў чалавека, прыйдзе вайна», — адзначыў дыпламат. Ажубаліс адзначыў, што шэраг кіраўнікоў Літвы спрабавалі наладзіць адносіны з Беларуссю. «І Бразаўскас, і Адамкус, і Грыбаўскайтэ — у іх былі ілюзіі, што з Лукашэнкам можна гаварыць. Калі зірнуць на візіты, Лукашэнка так ці інакш выкарыстаў добразычлівую пазіцыю нашых прэзідэнтаў для сваіх мэт, для ўнутранай палітыкі. Гэта было ясна і падчас апошняга візіту, у ім браў удзел і я — у 2010 годзе, дарэчы, перад выбарамі, якія завяршыліся жорсткай расправай над апазіцыяй», — нагадаў былы кіраўнік МЗС. 

Вайтэкунас сказаў, што Літва нібыта хацела больш цеснага супрацоўніцтва з Беларуссю, у нейкі момант нават актывізавала двухбаковы гандаль. «Ці магла Літва дзейнічаць інакш? Грыбаўскайтэ дзейнічаць інакш? Я ўсё ж думаю, што трэба было сустракацца і гаварыць. Ёсць толькі адна заўвага — трэба было больш кансультавацца з партнёрамі: ехаць удваіх-утраіх, дзейнічаць кааліцыяй, каб пазіцыя была  адзінай. Мне шкада, што Грыбаўскайтэ больш не сустракалася і нават апраўдвалася за сваю сустрэчу. Ёй трэба было агрэсіўней даказваць, што яшчэ ёсць магчымасць адарваць Беларусь ад Расіі», — разважае Вайтэкунас.

З яго меркаваннем згодны і Ажубаліс. Вайтэкунас успомніў і вядомую цытату Грыбаўскайтэ пра тое, што «Лукашэнка — гарант стабільнасці Беларусі». «Гэта было стабільным продажам незалежнасці Беларусі за гандлёвыя прыярытэты і асабістую ўладу. Але намаганні Грыбаўскайтэ і Ушацкаса ў справе заахвочвання беларускага народа да самавызначэння былі апраўданымі», — канстатаваў дыпламат. Паводле яго слоў, літоўцы зразумелі, што ўсе гэтыя спробы былі толькі гульнёй, але «гульня» таго каштавала — не дзеля Лукашэнкі, а дзеля беларусаў. Ён сказаў, што разумее і еўрапейцаў, у якіх адносіны з Мінскам заўсёды былі напружанымі з-за інтарэсаў дыктатара Лукашэнкі. 

«Можна сказаць, што важная роля Захаду, ЕС, NATO, АБСЕ і ААН, але яна была недастатковай, аднак у першую чаргу недастатковай была роля беларускага народа, ступені яго самавызначэння ў справе стварэння сваёй дзяржавы, ідэнтычнасці, захавання мовы і культуры. Калі гэтага няма, усе іншыя намаганні і пошукі мне здаюцца бясплоднымі, бо не было дзеянняў з боку самога беларускага народа», — сказаў Вайтэкунас.

Ён лічыць, што Еўропа і літоўцы шмат зрабілі пасля фіктыўных выбараў 2020 года, якія суправаджаліся масавымі пратэстамі. «Мы шмат зрабілі, рашучасці не хапіла ў саміх беларусаў. Сітуацыя зменіцца, калі яны будуць пратэставаць, залазячы на лаўкі ў парках, не здымаючы ботаў», — упэўнены Вайтэкунас. Ён лічыць, што беларусы павінны зразумець, супраць каго і за што змагаюцца — супраць Лукашэнкі і за сваю ідэнтычнасць, за захаванне свайго народа і краіны. 

«Відаць было, што Беларусь адзіным фронтам змагаецца супраць Лукашэнкі, але далей не было аніякіх адказаў», — нагадаў амбасадар. З гэтым згодны і Ажубаліс. «Больш адбілася тое, што камуністычная або савецкая мерзлата аказалася ў гэтым грамадстве глыбейшай і большай, чым мы і нашы заходнія саюзнікі меркавалі, — сказаў экс-міністр. — Грамадства такое, якое ёсць. Гэта сацыяльнае, эканамічнае грамадства, для якога важней за дзяржаўнасць і палітычнае прадстаўніцтва пытанне хлеба і забаў», — заўважыў суразмоўца.

Ажубаліс сказаў, што заўсёды папярэджваў заходніх калег: з Лукашэнкам нельга гуляць, паколькі ён ненадзейны. «Яны ўсе адмянялі санкцыі. Пасля выбараў 2010 года так было і пасля іншых. Яны гаварылі: "О, гэтыя выбары былі лепш, ёсць перспектыва, вось ужо некалькіх палітычных зняволеных адпусцілі!" А ён іх дурыць. Можа, яны гэтага хацелі? Так ці інакш, гэта пэўны рынак. Паглядзіце, якія банкі там працавалі: аўстрыйскія і іншыя», — нагадаў палітык. 

На думку абодвух суразмоўцаў, без сыходу дыктатара перамен не будзе. «Хтосьці кажа, што Лукашэнка вучыўся ў Пуціна. З досведу зносін з беларускай і расійскай апазіцыяй я магу сказаць, што пра гэта гаварылі ў адзін голас: як укараняць сваіх, як уносіць разлад у шэрагі апазіцыі — гэта больш асаблівасць Лукашэнкі. Пуцін вучыўся ў Лукашэнкі, а не наадварот», — выказаўся Ажубаліс. 

«Дыктатары, хунта, тыраны не сыходзяць. Іх прыбіраюць. Цяпер ідзе сапраўдная вайна Пуціна з Захадам, з Еўропай. Пакуль на тэрыторыі Украіны, але гэта вайна з намі. Немагчыма ў два крокі пераскочыць праз прорву. Цяпер, калі ідзе вайна, трэба ваяваць, іншага выйсця няма. Нам трэба з аднаго маху пераскочыць праз прорву», — сказаў Вайтэкунас.