Хто і як дапамагае Беларусі абыходзіць санкцыі на ўвоз драўніны ў Еўразвяз

«Беларускі расследавальніцкі цэнтр» выпусціў новае расследаванне. Гэтым разам — пра тое, як Беларусь абыходзіць санкцыі і прадае драўніну ў краіны ЕЗ.

  • У сакавіку 2022 года Еўразвяз увёў забарону на імпарт беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі пад кодам 44. Як толькі санкцыі пачалі дзейнічаць, экспарт з Казахстана ў ЕЗ вырас у 74 разы, а з Кыргызстана — амаль у 18 тысяч разоў.
  • Кыргызстанскія фірмы з беларускімі каранямі наўпрост прапануюць пастаўляць у ЕЗ падсанкцыйную прадукцыю па фальшывых дакументах. «БРЦ» даведаўся аб трох такіх кампаніях. Адна з іх мае намер вазіць пялеты ў Еўропу «вагонамі».
  • Польскі дылер драўніны «БЛК Трэйдынг» пасля ўвядзення санкцый працягвае наўпрост разлічвацца са сваім галаўным беларускім дзяржпрадпрыемствам. Пры гэтым кампанія сцвярджае, што будзе займацца пастаўкамі лесу з Казахстана.
  • Па падліках «БРЦ», схемы ўскоснага рээкспарту беларускай драўніны ў ЕЗ праз Кыргызстан і Казахстан прынеслі сваім арганізатарам каля 16 мільёнаў еўра. Гэтым бізнесам займаюцца ў тым ліку былыя беларускія чыноўнікі.
Гэты матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з «Siena» (Літва), «Kloop» (Кыргызстан), «Власть» (Казахстан), «Re:Baltica» (Латвія), «Fundacja Reporterów» (Польшча).

Лес сякуць — санкцыі ляцяць

У апошнія гады значную частку беларускага экспарту складалі пастаўкі драўніны. Паралельна з гэтым у краіне скарачаліся лясныя плошчы. Па ацэнцы «Global Forest Watch», лясістасць Беларусі за апошнія 11 гадоў зменшылася на 11%. Пік высечкі прыпаў на 2016 год, калі ўпалі сусветныя кошты на нафту і Аляксандр Лукашэнка пачаў шукаць іншыя шляхі папаўнення бюджэту.

Ужо да 2020 года Беларусь выйшла на 9-е месца ў рэйтынгу найбуйнейшых пастаўшчыкоў драўніны і вырабаў з яе ў краіны ЕЗ. У 202-м сусветныя кошты на драўніну пачалі актыўна расці, а ўвесну і зусім дасягнулі рэкордных паказчыкаў. Па выніках года наша краіна паставіла на экспарт драўніны і вырабаў з яе на $2,3 мільярда.

Дзве трэці гэтага экспарту ішлі ў ЕЗ пад мытным кодам 44.

Фота: літоўская мытня

Фота: літоўская мытня

У яго ўваходзяць пілаваны брус і дошкі, фанера і ДСП, драўняныя пялеты і брыкеты. У Еўразвязе асноўнымі пакупнікамі гэтых тавараў беларускай вытворчасці былі Польшча, Літва, Латвія, Германія і Нідэрланды.

У сакавіку 2022 года ЕЗ увёў новы пакет санкцый супраць афіцыйнага Мінска за падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну. Экспарт у Еўропу прадукцыі пад кодам 44 апынуўся пад поўнай забаронай. Рэгулятары далі пастаўшчыкам адтэрміноўку да 4 чэрвеня, каб яны маглі дапрадаць аб'ёмы, закантрактаваныя да аб'яўлення санкцый.

У выніку з чэрвеня 2022 года пастаўкі драўніны ў ЕЗ з Беларусі абваліліся больш чым у 30 разоў, што вынікае са звестак Еўрастата.


Суаднесці іх звесткі з беларускай статыстыкай немагчыма: Белстат засакрэціў свае даныя па экспарце, прычым не толькі ў ЕЗ, але і ў краіны СНД. «БРЦ» высветліў, навошта гэта магло спатрэбіцца.

Попыт нараджае прапанову

Забарона на імпарт беларускага лесу прывяла да дэфіцыту ў некаторых краінах ЕЗ. Менш чым праз тыдзень пасля пачатку дзеяння санкцый намеснік міністра навакольнага асяроддзя Літвы заявіў аб вострым недахопе драўніны ў краіне. Падобная сітуацыя склалася на імпартных рынках Эстоніі і Польшчы.

Варшава частку драўніны купляла праз фірму «БЛК Трэйдынг», абрэвіятура якой расшыфроўваецца як «Беларуская Лясная Кампанія». Яна зарэгістравана ў Польшчы як прыватная юрыдычная асоба, але яе ўладальнік — беларускае дзяржаўнае прадпрыемства дрэваапрацоўкі «Мастадрэў».


«БЛК» пастаўляла ў Польшчу прадукцыю 9 беларускіх вытворцаў, а сярод яе кліентаў былі пастаўшчыкі «IKEA», пра што «БРЦ» распавёў супрацоўнік трэйдара. Характэрна, што кампанія гандлявала выключна вырабамі пад санкцыйным кодам 44. У 2021 годзе аб'ёмы паставак дасягнулі прыкладна $34 мільёнаў, але сёлета павінны былі істотна знізіцца з-за санкцый.

Каб праверыць гэта, «БРЦ» атрымаў дакументы ўзаемных разлікаў паміж «БЛК» і «Мастадрэвам» за 2022 год. На канец верасня трэйдар пералічыў свайму ўладальніку амаль $17 мільёнаў.

Гэта ўсяго ўдвая менш, чым за цэлы 2021 год. У «Мастадрэве» «БРЦ» патлумачылі, што не атрымліваюць ад «БЛК» грошай за прадукцыю, якая патрапіла пад санкцыі ЕЗ. Аднак на сайце польскага трэйдара пазначана, што яны гандлююць выключна таварамі пад забароненым кодам 44. У «Мастадрэве» адмовіліся каментаваць дадатковыя пытанні. Мы даслалі ім запыт і чакаем адказ. У «БЛК» нам паведамілі, што кампанія не правяла ніводнай пастаўкі і ніводнага плацяжу, якія б парушалі законы.

У верасні дырэктар аддзела продажаў «БЛК Трэйдынг» па Еўропе стварыў у Польшчы новую кампанію «3S Trading». Яна аформлена на яго асабіста і яго партнёра, але зарэгістравана па тым жа адрасе, што і беларускі дзяржтрэйдар «БЛК». Профіль кампаніі — таксама продаж драўніны і вытворчасць вырабаў з дрэва.



Пад выглядам польскага пастаўшчыка журналісты «БРЦ» патэлефанавалі ў «БЛК Трэйдынг» і паспрабавалі купіць беларускую прадукцыю дрэваапрацоўкі. Менеджарка па продажах пацвердзіла: дрэва з Беларусі ў кампаніі сапраўды ёсць, але хутка скончыцца — распрадаюць рэшткі на складах. Таксама яна ўдакладніла, што зараз фірма працуе з новымі пастаўшчыкамі з Украіны і з Казахстана.

Падобная сітуацыя і ў Літве. Да ўвядзення еўрапейскіх санкцый краіна была буйным пакупніком беларускай драўніны, а зараз актыўна імпартуе яе з Казахстана і Кыргызстана. Тэрыторыя першага ўсяго на 5% пакрыта дрэвамі, другога — на 6%. Для параўнання, лясістасць Беларусі — 40%, па даных Мінлясгаса.

Ствол у Кыргызстане — корань у Беларусі

«БРЦ» прааналізаваў даныя Еўрастата па імпарце прадукцыі з кодам 44: як толькі санкцыі на беларускае дрэва ўступілі ў сілу, экспарт з Казахстана ў ЕЗ вырас у 74 разы, а з Кыргызстана — амаль у 18 тысяч разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года.


У грашах гэта больш за 30 мільёнаў еўра на абедзве краіны.

Пры гэтым урад Казахстана забараніў вываз некаторых вырабаў з драўніны яшчэ ў снежні мінулага года, каб развіваць мясцовую дрэваапрацоўку. Гэта забарона была працягнута яшчэ двойчы — летам і зімой. Аналагічныя меры ўвялі і ўлады Кыргызстана.

Версія таго, якім чынам гэтыя краіны пастаўляюць лес у Еўропу, з'явілася ў «БРЦ» дзякуючы рассылцы, што трапіла ў рэдакцыю. З яе вынікала, што прыватны беларускі цэнтр экспертыз «Стандарт якасці» прапануе паслугі па ўскосным рээкспарце тавараў з ЕЗ у Беларусь праз Кыргызстан.

Пад выглядам патэнцыйных кліентаў журналісты «БРЦ» даведаліся ў менеджара кампаніі, ці можна пайсці зваротным шляхам і перааформіць беларускі лес у кыргызстанскі для паставак у Еўропу.

Праз некалькі дзён «Стандарт якасці» прапанаваў супрацоўніцтва з фірмай «Сертыфікат КейДжы».

Гэтая кампанія дапамагае беларускім вытворцам піламатэрыялаў атрымліваць кыргызстанскія дакументы для сваёй прадукцыі і такім чынам праходзіць мытню ЕЗ.

«БРЦ» высветліў, што адзін з сузаснавальнікаў «Сертыфікат КейДжы» — Алег Нарчук, былы супрацоўнік Дзяржстандарту.

Ён жа раней уваходзіў у лік саўладальнікаў фірмы «Стандарт якасці», якая і прапанавала паслугі па абыходзе санкцый.

Увосень гэтага года Алег Нарчук выступаў на вебінары Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры коштаў, асвятляючы тэму «Імпарт тавараў у Рэспубліку Беларусь ва ўмовах санкцый».

Акрамя «Сертыфікат КейДжы», Алег Нарчук быў звязаны яшчэ з некалькімі кампаніямі ў Кыргызстане: «КСК Альянс», «Выпрабавальны цэнтр КСК Альянс» і «КСК Торг». Нарчук адмаўляе, што гэтыя фірмы дапамагаюць абыходзіць санкцыі.

Вагон санкцыёнкі

Алег Нарчук аказаўся не адзіным прадпрымальнікам, які пачаў выбудоўваць бізнес-адносіны паміж Беларуссю і Кыргызстанам.

«БРЦ» знайшоў яшчэ тры фірмы, якія па фальшывых дакументах пастаўляюць беларускую прадукцыю ў Еўропу — «Агра Кейджы», «СК Гранд» і «Адміт». Пад выглядам кліента журналіст «БРЦ» звязаўся з прадстаўніком першай кампаніі. У размове той прызнаўся, што раней «Агра Кейджы» вазіла пялеты ў Еўропу «фурамі», а цяпер будзе вазіць «вагонамі».

2 жніўня 2022 года ў Бішкеку з'явілася кампанія «Адміт» — праз 5 месяцаў пасля ўвядзення ЕЗ забароны на імпарт беларускага лесу.

Сваім патэнцыйным кліентам фірма прадастаўляе і іншыя даныя: на яе сайце пазначана, што «Адміт», зарэгістраваная 5 месяцаў таму, «кожны год» атрымлівае больш за 40 тысяч тон драўняных адходаў.

Фірма займаецца перапрацоўкай драўняных адходаў і вырабляе пялеты, брыкеты і іншае драўнянае паліва. Пад выглядам кліентаў журналісты «БРЦ» патэлефанавалі ў «Адміт» і папрасілі дапамагчы з пастаўкамі беларускіх пялетаў у Еўропу. У кампаніі пацвердзілі, што могуць гэта зрабіць: у Кыргызстане ў іх ёсць вытворчасць, і разам са сваёй прадукцыяй яны адпраўляюць у Еўропу беларускую, робячы на яе кыргызстанскія сертыфікаты.
Фота: літоўская мытня

Фота: літоўская мытня


«Адміт» гатова была прыняць нашу замову толькі з канца студзеня, таму што да гэтага часу ўсе яе аб'ёмы ўжо былі распісаныя. У кампаніі нас таксама запэўнілі, што праблем на мытні ў іх не было, але папярэдзілі: лепш вазіць грузы праз Польшчу і Латвію, бо літоўскія мытнікі больш прыдзірлівыя.

Сапраўды, літоўская мытня першай звярнула ўвагу на рэзкі рост паставак драўніны з Цэнтральнай Азіі. Паводле іх звестак, пры ўвозе беларускай і расійскай прадукцыі на мытню падаюцца дэкларацыі аб тым, што яна нібыта набыта ў Казахстане або Кыргызстане.

«Бываюць відавочныя і бясспрэчныя прыкметы: гэта маркіроўкі, выяўленыя на ўпакоўках, дадатковыя камплекты дакументаў, якія прама паказваюць на тое, што тавар адгружаны з Беларусі ці Расіі, а не з краін, у якіх зроблена дэклараванне на пачатковым этапе. Такія выпадкі ёсць, мы іх зафіксавалі, і не адзін», — каментуе Вігантас Пайгозінас, намеснік генеральнага дырэктара Літоўскай мытні.

Калі журналісты «БРЦ звярнуліся да «Агра Кейджы» і «Адміт» па афіцыйны каментар, кампаніі пачалі адмаўляць, што возяць забароненую беларускую прадукцыю ў ЕЗ па фальшывых дакументах. Сузаснавальніца кампаніі «СК Гранд» сказала, што не ведала аб пастаўках у абыход санкцый, і паабяцала разабрацца. Мы чакаем яе адказу.

У гандлі кантрабанднай прадукцыяй у Літве можа быць замяшана кампанія «Vivalsa», высветлілі нашы калегі з расследавальніцкага цэнтра «Siena». Раней гэтая фірма прадавала пялеты з Расіі, але пасля ўвядзення санкцый пачала пастаўляць нібыта кыргызстанскую і казахстанскую прадукцыю. Журналісты «Siena» прыйшлі на склад кампаніі пад выглядам кліентаў і знайшлі там прадукцыю «Агра Кейджы». Дырэктар і саўладальнік «Vivalsa» Саўлюс Гірчыс прызнаўся, што гэтыя пялеты — з Беларусі.
Фота: «Siena»

Фота: «Siena»


Гірчыс — літоўскі палітык, удзельнічаў у мясцовых выбарах ад сацыял-дэмакратычнай партыі. У афіцыйным каментары для «Siena» ён заявіў, што толькі меркаваў, быццам яго тавары ідуць з Беларусі. У размове бізнесмен настойваў на тым, што яго кампанія не парушае санкцыі.

Літоўскі эканаміст і намеснік старшыні праўлення нацыянальнага банка Раймандас Куодзіс лічыць, што Расія і Беларусь будуць абыходзіць санкцыі да таго часу, пакуль заходнія дэмакратыі не пакараюць краіны, якія ім у гэтым дапамагаюць:

«Трэба зрабіць так, каб усе, хто сядзіць на двух крэслах, перайшлі на бок добрых хлопцаў. І тады дрэнны хлопец застанецца адзін супраць усіх. Што гэта значыць на практыцы? Напрыклад, Нобелеўскі лаўрэат Уільям Нордхаус прапанаваў увесці санкцыі супраць усіх, хто сядзіць на двух крэслах».




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: