Не толькі за Лукашэнку, але і за вайну. «Прэзідэнцкі народ» у спорце

Прапусціць буйныя турніры і Алімпіяду шкада будзе, мабыць, толькі самім праўладным спартсменам і групцы лаяльных рэжыму прыхільнікаў — астатнія наўрад ці паспачуваюць тым, хто застаўся на баку акупантаў.
Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


На мінулым тыдні так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук далажыў, што спаборніцтваў сусветнага ўзроўню для прадстаўнікоў Беларусі засталося на шэсць відаў (два з іх — інтэлектуальныя: шахматы і шашкі). Усё з-за татальных санкцый у адказ на вайну, якую з 24 лютага працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Толькі напрыканцы 2022-га ў МАК пачалі абмяркоўваць магчымы допуск прадстаўнікоў краін-агрэсараў да лакальных спаборніцтваў і да Алімпійскіх гульняў-2024 пад нейтральным сцягам, піша «Тр*буна».

Дазвол на ўдзел Беларусі і Расіі ў АГ-2024 можа пацягнуць за сабой чараду байкотаў — асабліва калі допуск будзе аформлены агульны (а на дзіўныя абагульненні ўжо не раз скардзіліся). Бо сярод «перадавых» спартсменаў у Беларусі (а ўжо тым больш у Расіі) ёсць такія, хто падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, які дазволіў уцягнуць краіну ў вайну, і нават саму вайну наўпрост. Прапусціць буйныя турніры і Алімпіяду шкада будзе, мабыць, толькі ім самім і групцы лаяльных рэжыму прыхільнікаў — астатнія наўрад ці паспачуваюць тым, хто застаўся на баку акупантаў.

Алімбекава, Смольскі і іншыя біятланісты

У пачатку 2021-га прарэжымны ліст падпісала амаль уся біятлонная зборная — выключэннем стала адна Ганна Сола, якая праз гэта была на мяжы вылету са складу. Зрэшты, яна і так прапускае сезон 2022/23 — спартсменка на днях упершыню стала мамай.


У цяперашнім складзе ёсць яшчэ некалькі чалавек без подпісу за рэжым, але яны далёка не на першых ролях. Вынікі ў расійскіх і сумесных з Расіяй спаборніцтвах паказваюць ранейшыя члены асновы — сёстры Кручынкіны, Дзмітрый Лазоўскі, Мікіта Лабастаў. А лідарамі застаюцца сямейная пара Дынара Алімбекава  Антон Смольскі, якія пацвердзілі лаяльнасць прыходам на выступленне Лукашэнкі 3 ліпеня. Калісьці яны недарэчна намякалі на несправядлівасць свайго адхілення, але потым ва ўсёй зборнай сталі гаварыць, што Расія — гэта цалкам сабе варыянт. Сам Смольскі зусім нядаўна пацвердзіў за ўсю зборную: «У добрым настроі трэніруемся дома, у нас усё добра». Навошта парушаць такую ідылію, сапраўды.

Мастацкая гімнастыка

Прадстаўніцы гэтага віду спорту падтрымалі ліст за Лукашэнку ў першых шэрагах — самыя «заслужаныя» ў спісе падпісантаў маюць «ганаровыя» двухзначныя нумары, як і іх галоўная трэнерка Ірына Ляпарская. Былая лідарка каманды Кацярына Галкіна, якая раней крычала, што «па-за палітыкай», цяпер працуе на рэжым у маскоўскай амбасадзе і пасля пачатку вайны наязджала на ўкраінцаў. Цяперашняя «прыма» Аліна Гарнасько некалькі разоў ціснула Лукашэнку руку, а ў жніўні абедзве разам радаваліся таму, што рэжым не ўводзіў антыкавідных абмежаванняў, хаця ад віруса толькі паводле дзяржстатыстыкі памерла больш за сем тысяч чалавек (рэальныя лічбы могуць быць і на парадак вышэйшымі).

Галоўная канкурэнтка Гарнасько ў цяперашняй зборнай Анастасія Салас нарадзілася і вырасла ў Расіі (і зусім нядаўна атрымала грамадзянства Беларусі, хаця некалькі гадоў прадстаўляе беларускую зборную), а гатовая пазмагацца юніёрка Лізавета Зоркіна — у Данецку, які паспела прадставіць быццам бы асобна ад Украіны (частка тэрыторыі Данецкай вобласці Украіны з 2014-га акупавана прарасійскімі сепаратыстамі, з 2022-га — непасрэдна Расіяй). Пра вайну ўсе маўчаць — затое Гарнасько спадзяецца на вяртанне ў «вялікі свет» хаця б пад нейтральным сцягам і верыць, што яе каманды «вельмі-вельмі не хапае на міжнароднай арэне». Толькі вось ўкраінскія гімнасткі відавочна не пагодзяцца з такой заявай.

Хакей

Від спорту, у якім за Лукашэнку падпісваліся цэлымі камандамі, а Дзмітрыя Баскава, які кіраваў федэрацыяй, забанілі на пяць гадоў за палітычны ціск, пасля ўвядзення санкцый яшчэ і па поўнай інтэграваўся ў Расію: юніёры цяпер гуляюць з федэральнымі акругамі суседняй краіны, нацзборная — з Расіяй і Расіяй-2. Чыноўнікі ад хакея толькі радаваліся: маўляў, злучыцца з Усходняй дзяржавай у турнірах і спарынгах даўно марылі, толькі да бану Расіі гэта не было трэба, а пасля ўсё змянілася.


Цяпер усё працягваецца ў ранейшым духу: адданы адэпт Лукашэнкі, кіраўнік ФХБ Аляксандр Багдановіч радуецца, што юніёры «атрымліваюць досвед», гуляючы з расійскімі акругамі ўжо ў Мінску, трэнер зборнай Беларусі і мінскага «Дынама» Крэйг Вудкрафт, які абдымаўся з Лукашэнкам, расказвае, што Расія дасягнула «недасяжных перамен», і ўсім белхакейным светам радуюцца ад перамогі на турніры ў Расіі (з удзелам прыкладна трэцяга складу зборнай Расіі і Казахстана), верачы, што «ўпісалі сябе ў гісторыю» і прымусілі «ганарыцца ўсю краіну».

А вось пра вяртанне на ЧС апошнім часам асабліва і не гавораць — відаць, абодвум бакам цалкам нармальна адно без аднаго.

Рашысты з пяцібор'я

Падтрымка Лукашэнкі ў пяцібор'і даўно вядомая — і не толькі подпісамі. Лідары жаночай зборнай Анастасія Пракапенка і Вольга Сілкіна (на дваіх 13 залатых медалёў чэмпіянатаў свету і Еўропы) стараліся і да выбараў-2020, і пасля, адным з ключавых аргументаў робячы тое, што Беларусь — «мірная краіна», а «вайна нам не патрэбная». Аднак калі па тэрыторыі Беларусі пайшлі расійскія салдаты і тэхніка, напаўшы на Украіну, ні слова супраць у пяцібор'і не сказалі. Больш за тое, падчас спаборніцтваў у Маскве тыя, хто паехаў туды ад беларускай федэрацыі (якую ўзначальвае яшчэ адзін аматар Лукашэнкі, муж Анастасіі Пракапенка Міхаіл) у якасці суддзяў, трэнеры Серафіма Татур і Алена Нырцова, сфатаграфаваліся ў майках з літарай «Z», сімвалам расійскай агрэсіі, ды яшчэ і выклалі гэта ў Інтэрнэт.

Пасля ўвядзення міжнароднага бану ў пентатлоне спрабавалі гаварыць пра палітыку ў спорце і таму падобнае, але потым загаварылі пра тое, што свет быццам бы страціць больш, чым беларуская каманда. Хаця, думаецца, паглядзеўшы на яе паводзіны, у сусветным пяцібор'і такой «страце» могуць яшчэ і парадавацца.

Недасекаў, Мірончык-Іванова і іншыя лёгкаатлеты

Беларуская лёгкая атлетыка не адрозніваецца ўсеагульным шанаваннем рэжыму. Сярод вялікай колькасці атлетаў у розных дысцыплінах знаходзяцца і нязгодныя.

Аднак на перадавых пазіцыях федэрацыю адэпта Лукашэнкі Івана Ціхана прадстаўляюць звычайна прыхільнікі рэжыму. Напрыклад, Максім Недасекаў і Анастасія Мірончык-Іванова, якія разам былі адразу на некалькіх мерапрыемствах Лукашэнкі пасля жніўня-2020. Калі пачалася вайна, яны таксама адзначыліся: зачапіліся з украінцамі, паабяцалі тым «асаблівае стаўленне» і пажадалі добра даляцець з краіны, якую Расія бамбіла з паветра. Заадно атлеты чамусьці запэўнівалі, што ім адменяць бан ужо летам (прадказальна аказалася, што гэта трызненне).


А ў траўні Недасекаў і Мірончык-Іванова заадно з Анастасіяй Пракапенка (і Марынай Літвінчук — яшчэ адной прыхільніцай Лукашэнкі, у тым ліку праз яе не асабліва шкада і веславанне) падтрымалі ўцягванне ў вайсковую тэматыку з дзіцячага ўзросту ў спецыяльным «клубе», прычым там дзецям убівалі ў галаву, што прэзідэнт павінен быць перш за Радзіму і тым больш за збітых ні за што суайчыннікаў, а расійцаў трэба падтрымліваць, якую б бязглуздзіцу яны ні тварылі.

Ёсць у лёгкай атлетыцы і іншыя яркія прыклады. Так, натуралізаваны расіец Мацвей Волкаў абвінавачваў «заходнія краіны» ў тым, што яны справакавалі Расію на «ваенную аперацыю», а Ірына Жук абуралася, што адхіленнем яе і калег «парушаны правы Алімпійскай Хартыі».

Увогуле, у пытанні вяртання Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі варта добра прадумаць выбарку. Хаця кіраўнік арганізацыі Себасцьян Коу нядаўна і так ясна выказаўся наконт умоў вяртання.

Дзмітрый Талкачоў

Былы в. а. старшыні БФСТ «Дынама», які цяпер мае намер вярнуцца на пасаду кіраўніка Федэрацыі трыятлона Беларусі, адразу пасля выбараў выходзіў на велапрабег за Лукашэнку і ў рамках свайго клуба «Трыстайл» арганізаваў расстанне са спартсменкай Валянцінай Зелянкевіч, якая выступіла супраць гвалту. На спробу пагаварыць адказаў дзяўчыне, што яна «тупая», калі не разумее, чаму з ёю захацелі скасаваць кантракт. Ужо ў верасні 2020-га Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці прапанаваў забараніць Талкачову ўезд у Еўрасаюз.

А цяпер функцыянер, клуб якога арганізоўваў у Мінску спаборніцтвы з палітычнымі затрыманнямі і пра іх маўчаў, раптам здзівіўся, што яго не пусцілі на турнір IRONMAN 70.3 World Championship, што прайшоў у канцы кастрычніка 2022-га ў амерыканскім Сэнт-Джорджы. Бо турнір праводзіць не Міжнародная федэрацыя трыятлона, а прыватная фірма, таму Талкачоў тэарэтычна мог туды трапіць — але ў выніку, як выявілася, толькі дарма браў адпачынак. «На жаль, маёй мары не наканавана было спраўдзіцца праз палітычныя санкцыі, якія распаўсюдзіліся і на спорт», — падзяліўся той, хто дакладна разбіраецца ў тым, як распаўсюджваць на спорт палітычныя санкцыі.


Асноўная ж пасада Талкачова — дырэктар РЦАП па веласпорце. У федэрацыі гэтага віду ён уваходзіць у выканкам, а ўзначальвае арганізацыю прыхільніца Лукашэнкі Наталля Цылінская. Некалькі вядомых беларускіх раварыстаў падпісаліся за рэжым у першай сотні, а ў 2022-м засталіся без міжнародных спаборніцтваў. А яшчэ ў 2021-м у апошні момант быў адменены чэмпіянат Еўропы па велатрэку ў Мінску — Еўрапейскі веласаюз вельмі хацеў пакінуць турнір у рэжымнай Беларусі, але там прымусова пасадзілі самалёт з Раманам Пратасевічам, чым парушылі ўсе планы спартыўных функцыянераў. Цяпер жа за перанос спрабуюць засудзіць раптам БФСС, што толькі ўмацоўвае ў меркаванні, што шкадаваць Талкачова і яму падобных няма за што.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: