Украіна прыменіць санкцыі да ўсіх расійскіх і беларускіх банкаў

Міжведамасная рабочая група (МРГ) па рэалізацыі санкцыйнай палітыкі рэкамендавала падаць на разгляд Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны прапановы па ўжыванні сектаральных санкцый да ўсіх фінансавых — у тым ліку банкаўскіх — устаноў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь.

_nb___nacbank__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg


Паводле звестак прэс-службы, такім чынам МРГ падтрымала прапановы Нацыянальнага банка Украіны аб сектаральных санкцыях, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на прэс-службу Мінэканомікі.

Згодна з рашэннем МРГ, пасля дапрацоўкі і верыфікацый у РНБА будуць пададзены прапановы па ўвядзенні персанальных санкцый супраць кіраўнікоў найбуйнейшых банкаў РФ.

Нагадаем, 16 снежня Еўрапейскім Саюзам было прынята рашэнне аб увядзенні 9-га пакета санкцый. У прыватнасці, пакет змяшчае санкцыі супраць расійскіх банкаў.

Згодна з законам Украіны «Аб санкцыях», рашэнне аб увядзенні сектаральных санкцый прымаецца Саветам нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, уводзіцца ў дзеянне ўказам прэзідэнта Украіны і зацвярджаецца на працягу 48 гадзін з дня выдання ўказа пастановай Вярхоўнай Рады.

Адпаведнае рашэнне ўступае ў сілу з моманту прыняцця пастановы ВР і з'яўляецца абавязковым для выканання.