У Грузіі кіруючая партыя хоча зладзіць імпічмент прэзідэнту
Кіруючая партыя «Грузінская мара» запускае працэдуру імпічменту прэзідэнтцы Грузіі Саламэ Зурабішвілі.
Прычынай названы візіты яе ў Еўропу, якія не былі няўзгодненыя з урадам. Пра гэта абвясціў лідар кіруючай партыі Іраклій Кабахідзэ.
Для імпічменту прэзідэнта неабходныя галасы 100 дэпутатаў парламента. У кіруючай партыі няма такога рэсурсу, піша Эхо Кавказа.
«Учора і пазаўчора мы неаднаразова паказвалі, што, нягледзячы на грубае парушэнне Канстытуцыі, у цяперашняй палітычнай сітуацыі імпічмент не можа быць ажыццёўлены. Для завяршэння імпічменту неабходная падтрымка 100 парламентарыяў, і таму без галасоў радыкальнай апазіцыі ў яго няма перспектывы выканання. Нягледзячы на гэта, на пасяджэнні палітрады партыі мы прынялі рашэнне ініцыяваць працэдуру імпічменту прэзідэнта Грузіі. Перш за ўсё, гэта наша адказнасць перад Канстытуцыяй Грузіі. Ігнараванне абуральных парушэнняў Канстытуцыі падрывае вяршэнства закона і дэмакратычную канстытуцыйную сістэму, чаго мы не можам дапусціць», – адзначыў Кабахідзэ.
Ён сцвярджае, што візіты прэзідэнта з'яўляюцца «контрпрадуктыўнымі» і могуць перашкодзіць атрыманню Грузіяй статусу кандыдата на ўступленне ў ЕС.
Грузінскі ўрад не ўхваліў замежныя візіты Саламэ Зурабішвілі ў 10 краін, у тым ліку ва Украіну. Нягледзячы на гэта, яна адправілася ў Берлін на сустрэчу з прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. Сустрэча, мяркуючы па кадрах пратакольнай здымкі, прайшла ў добразычлівым фармаце. Штайнмаер, як адзначаюць назіральнікі, аказаў Зурабішвілі годны прыём – з чырвонай дарожкай, сустрэчай на ганку прэзідэнцкага палаца і іншымі нюансамі дыпламатычнага этыкету, якія гавораць пра візіт высокага ўзроўню.
Сёння ў Саламэ Зурабішвілі ў Бруселі запланаваная сустрэча з прэзідэнтам Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем.
У адміністрацыі ўрада Грузіі заявілі, што не ўхвалілі паездкі прэзідэнткі ў Германію, Украіну, Швейцарыю, Польшчу, Бельгію, Данію, ААЭ, Балгарыю, Чэхію і Ізраіль.
Сама грузінская прэзідэнтка ўпэўненая: яе еўрапейскае турнэ, якое Зурабішвілі запланавала на восень і якое адмовілася пацвярджаць «Грузінская мара», дапаможа Грузіі на шляху інтэграцыі ў ЕС, асабліва ў святле нядаўняга паслання прэзідэнта Еўрапейскай рады Шарля Мішэля, які ўпершыню назваў канкрэтныя тэрміны верагоднага пашырэння Еўрасаюза.
Згодна з Канстытуцыяй Грузіі, прэзідэнт краіны ажыццяўляе прадстаўнічыя паўнамоцтвы ў знешніх зносінах са згоды ўрада.
Саламэ Зурабішвілі стала прэзідэнтам Грузіі ў 2018 годзе дзякуючы падтрымцы прарасійскай «Грузінскай мары» і яе заснавальніка, мільярдэра Бідзіны Іванішвілі. Адносіны прэзідэнта і ўрада сталі пагаршацца пасля пачатку вайны ва Украіне. Тэрмін яе паўнамоцтваў заканчваецца восенню 2024 года.