Хронікі рэпрэсій. Адну жанчыну-педагога адправілі ў калонію, другую — на «хатнюю хімію»
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 28 верасня.
Брэсцкі абласны суд абвясціў прысуд
псіхалагіні-кансультантцы і выкладчыцы псіхалогіі Алесі Лянцэвіч, абвінавачанай
у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса), абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК)
і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання (арт. 361-2 КК). Справу
разглядала суддзя Руслана Сянько, дзяржабвінаваўца — Марыя Бялт.
Псіхалагіню абвінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе яна зрабіла некалькі данатаў у «BySOL» і «ByHelp». Агульная сума данатаў склала каля 97$. Таксама жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна абразіла Карпянкова («яшчэ адзін псіхапат») і Лукашэнку («фашыст», «тэрарыст», «псіхапат»).
У Алесі падазрэнне на цяжкае захворванне, аднак суд пастанавіў пакараць яе пазбаўленнем волі тэрмінам на 3 гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 19 верасня асудзілі Ірыну
Мажарскую паводле ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі
парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Прысуд вынес суддзя Андрэй Млечка.
Ірына — цяпер ужо былая настаўніца геаграфіі мінскай гімназіі № 25 імя Рымы Шаршнёвай. Яна рыхтавала вучняў да ўдзелу ў Рэспубліканскай алімпіядзе, была кіраўніцай каманды горада Мінска па геаграфіі. Летась адзін з яе вучняў на алімпіядзе па геаграфіі атрымаў дыплом трэцяй ступені, а адміністрацыя гімназіі выказвала Ірыне словы падзякі за добрую працу.
Як паведаміла прэс-служба пракуратуры, настаўніца нібы «супрацьпраўнымі паводзінамі падала маладым людзям негатыўны прыклад».
11 верасня ў судзе Партызанскага раёна Мінска вынесены прысуд шасці чалавекам паводле арт. 342 КК. Прысуд агучыў суддзя Міхаіл Макарэвіч.
Усіх асудзілі да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ —
«хатняй хіміі». Віктара Суторміна і Марыю Валадковіч — да 2 гадоў і 3 месяцаў,
Дзмітрыя Абдульманава і Антона Беліча — да 2,5 гадоў, Аляксандру Беліч і Галіну
Гародка — да 2 гадоў. Усе, акрамя Галіны Гародка і Аляксандры Беліч, знаходзіліся пад вартай да вынясення прысуду. Іх вызвалілі ў зале суда.
Вядома, што яны разам удзельнічалі ў адным з Маршаў у 2020 годзе: «сумесна стаялі на праезнай частцы дарогі, сярод іншых удзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрыемства».
У судзе Ленінскага раёна Мінска 15 верасня паводле ч.1 арт.
342 КК да 2,5 гадоў «хатняй
хіміі» асудзілі мінчука Станіслава Сяліцкага. Такі прысуд прызначыла Марына
Клімчук за ўдзел мужчыны ў «Маршы міру і незалежнасці» 30 жніўня 2020 года. Да
суда Станіслаў утрымліваўся пад вартай.
Згодна з версіяй абвінавачання, Станіслаў, «публічна выкрыкваючы лозунгі, рухаўся па праезных частках дарог у Мінску, блакіраваў і заступаў шлях транспартным сродкам».
У прысудзе асобна прапісалі, што «сцяг бел-чырвона-белага колеру і майка з эмблемай герба «Пагоня», як прадметы, якія не ўяўляюць каштоўнасці, падлягаюць знішчэнню».
Суд у Баранавічах
вынес прысуд мясцоваму пенсіянеру Івану Норку, абвінаваціўшы яго ў
паклёпе на Лукашэнку паводле ч.2 арт. 367 КК. Судовы працэс адбыўся яшчэ 22
жніўня і праходзіў у выязным пасяджэнні ў будынку аднаго з масцовых ЖЭСаў.
Паводле матэрыялаў абвінавачання, Норка ў «Аднакласніках» адзначыў падабайкай нейкую публікацыю. Аднак экспертыза выявіла ў ёй нібыта непраўдзівыя даныя аб тым, што Аляксандр Лукашэнка датычны да злачынстваў трох відаў («акт тэрарызму», «забойства», «перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»).
Суддзя Мікалай Кміта прысудзіў пенсіянеру з інваліднасцю паўтара года «хатняй хіміі».
У судзе Наваполацка вынесены прысуд 53-гадоваму работніку
«Нафтана» Іллю Двойрыну, які 1 ліпеня абліў фарбай аўтамабіль з крымскімі
нумарамі і літарай «Z». Мужчыну абвінавацілі паводле ч.1 арт. 339 КК
(«Хуліганства»).
Іллю затрымалі 4 ліпеня разам з сынам Дзмітрыем і нявесткай Вікторыяй, а таксама іншымі сваякамі. Па месцы жыхарства правялі ператрус. Пазней Двойрына змясцілі ў віцебскі ІЧУ.
На Іллю спачатку склалі адміністрацыйны пратакол і арыштавалі на 15 сутак. Паводле пратакола, раніцай 16 траўня на аўтобусным прыпынку мужчына расклеіў улёткі з выявай Пуціна і тэкстам на палітычную тэматыку. Пасля гэтага супраць Двойрына ўзбудзілі крымінальную справу за хуліганства.
27 верасня абвінавачанне запрасіла пакараць Двойрына пазбаўленннем волі тэрмінам на 1 год умоўна. Менавіта такі прысуд вынес суддзя Віталь Лапко.
У Мінскім
гарадскім судзе 29 верасня пачнуць судзіць 57-гадовую грамадзянку Латвіі Алу
Сакаленка. Яе абвінавачваюць у агентурнай дзейнасці паводле арт. 358-1 КК. Гэты
артыкул прадугледжвае пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў. Справу ў
закрытым рэжыме будзе разглядаць Анастасія Папко.
У прапагандысцкім фільме паведамлялася, што «Сакаленка па заданні латвійскіх спецслужбаў рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў, збірала даныя, стварала кампраментуючыя сітуацыі, якія потым і служаць падставай для вярбоўкі замежнікамі».
Грамадзянка Латвіі ўтрымліваецца пад вартай у беларускім СІЗА. Прэс-сакратар МЗС зазначыў, што амбасада Латвіі ў Віцебску аказвае ёй консульскую дапамогу ў межах магчымасцей.
Працягваецца
хапун у Ваўкавыску. На зманціраваным
сілавікамі відэа людзі «прызнаюцца» ў распаўсюджанні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, а
таксама ў рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога». Сярод затрыманых
супрацоўнікі кампаніі «Белакт» і намеснік галоўнага лекара санаторыя
«Пралеска». Вядомы імёны некаторых затрыманых — гэта Андрэй Тарасевіч, Аксана
Шырынга, Дзяніс Арцістаў.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, актыўнасць сілавікоў у Ваўкавыску звязана з інцыдэнтам, які адбыўся днямі ў горадзе: на адным з выклікаў (бытавая сітуацыя, не звязаная з палітычным пераследам) быў збіты супрацоўнік міліцыі. Пасля гэтага ў горад з мэтай адпомсціць адправілі сілавікоў з Мінска і Гродна, якія і пачалі «зачыстку».
Затрымалі намесніцу
выканаўчага дырэктара «ЮрСпектра» — за ўдзел у жаночых маршах.
Жанчыну прымусілі назваць свой заробак і расказаць, што яна мінімум двойчы прымала ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, а таксама выходзіла на жаночыя маршы.
У Гомелі
затрымалі маладога чалавека. Сцвярджаецца, што ён нібыта вырабіў і распаўсюдзіў
у «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналах улётку, якая змяшчае абразы і паклёп у
дачыненні да Лукашэнкі, супрацоўнікаў міліцыі, прадстаўнікоў улады.
Вярхоўны суд 29
верасня разгледзіць апеляцыйныя скаргі палітвязняў, асуджаных па справе аб
падпале дома лукашэнкаўскага дэпутата Гайдукевіча.
Прысуд быў агучаны 21 чэрвеня ў Мінгарсудзе. Сяргей Хрыпач прызначыў вязням тэрміны ад двух да 25 гадоў калоніі. Сяргей Лісоўскі атрымаў 20 гадоў калоніі, Пётр Юркевіч і Дзяніс Філончык — па 9, Віталь Вайцяховіч — 19, Уладзіслаў Вайцяховіч (сын) — 21, Анастасія Вайцяховіч (жонка сына) і Вольга Вайцяховіч (жонка Віталя), Дзмітрый Невяркевіч — па 11, Уладзімір Савянкоў — 16, Вольга Пётух — 10, Мікалай Рой — 12, Сяргей Сакалоў — 14, Эдуард Пястрак — 3,5.
Мінгарвыканкам
падаў у суд пазоў аб ліквідацыі царквы «Новае жыццё». Пазоў пададзены 15
верасня. Выканкам настойвае на ліквідацыі царквы, прыпісваючы ёй экстрэмісцкую
дзейнасць і, адпаведна, парушэнне закона «Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных
арганізацый».
Царква «Новае жыццё» — гэта рэлігійная абшчына хрысціян поўнага Евангелля. У пачатку 2021 года ўлады горада абвінавацілі суполку ў нямэтавым выкарыстанні ўчастка, на што вернікі сцвярджалі, што іх незаконна пазбавілі права на зямлю.
Чарговае папаўненне
спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго дадаліся тэлеграм-каналы «Цэнтр новых iдэй»,
«Паспалітае рушэньне», «LITVANIA (ЛІТВАНІЯ)», ютуб-каналы «Буднi калгаснiкаў»,
«Прамой атвет», «Рудабелка прававая», «Беларуская паказуха», старонка ў
фэйсбуку «Беларуская праваабарончая школа», інстаграм-старонка гурта «Дай
Дарогу!», цікток-профіль «Андрей Belarus Lithuania».
Былы кіраўнік
таварыства беларускай культуры ў Іркуцку Алег Рудакоў і ягоная жонка Вольга
выйшлі на волю пасля 30 сутак арышту. Іх вызвалілі, але сказалі рыхтавацца да
суда па экстрадыцыі ў Расію.
Алег нарадзіўся ў Беларусі. Больш за 30 гадоў пражыў у Расіі, стварыў і на працягу 17 гадоў узначальваў у Іркуцку Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.
У 2020 годзе канчаткова вярнуўся ў Беларусь. Яго жонка
Вольга вядзе майстар-класы па традыцыйным беларускім гафце ў полацкім Музеі
традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я.