«Перад кожным спектаклем выступаў з бліскучай лекцыяй пра беларускую гісторыю і культуру». У гэты дзень расстралялі Уладзіслава Галубка
Галубка з яго тэатральнымі «галубянятамі» абвінавачвалі і ў нацыяналізме, і ў агітацыі за савецкую ўладу. Ён нёс беларушчыну ў самыя глухія куткі нашай Бацькаўшчыны. 28 верасня 1937 года Уладзіслаў Іосіфавіч Галубок быў расстраляны бальшавіцкімі катамі.
—
Дзед Уладзіслава Галубка браў удзел у паўстанні
Уладзіслаў Галубок нарадзіўся 3 (15) мая 1882 года на чыгуначнай станцыі Лясная, што ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці.
«Уладзіслаў быў першанцам Аліны Рэвут і Іосіфа Голуба, радавод якога ішоў з Барысаўшчыны.
Тамаш Голуб, дзед Уладзіслава, разам ca сваімі братамі прымаў удзел у паўстанні 1863–64 гг. Для ўдзелу ў
паўстанні яны выправіліся з вёскі Неманіца, але назад ніхто сюды не вярнуўся.
Хаваючыся ад пераследу жандараў Мураўёва, разляцеліся Голубы ў розныя куткі.
Неўзабаве пасля нараджэння Уладзіслава сям'я
пераехала на сталае жыхарства ў Мінск», — пісаў гісторык Анатоль Валахановіч у
кнізе «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры».
Друкаваўся ў «Нашай Ніве»
Уладзіслаў Галубок не меў бліскучай адукацыі — скончыў царкоўна-прыходскую школу і два класы Мінскага гарадскога вучылішча. Пазней браў прыватныя ўрокі музыкі і жывапісу.
У 1906 годзе 24-гадовы Галубок пачаў друкаваць свае вершы ў «Нашай Ніве».
«А ўжо ў 1913 годзе музыказнавец-фалькларыст і выдавец у Пецярбургу Антон Грыневіч выпускае ў свет асобным зборнікам апавяданні У. Галубка, пазначаныя добрым веданнем народнага жыцця, псіхалогіі, беларускага слова», — адзначае даследчык Арсень Ліс.
У 1920 годзе стварыў і ўзначаліў уласны вандроўны тэатр
Першапачатковая назва тэатра — «Трупа Галубка». Як піша Анатоль Валахановіч, «у задачу яго ўваходзіла мастацкае абслугоўванне сельскага гледача ва ўсіх раёнах БССР. Пазней ён быў названы Беларускі вандроўны тэатр (1926–1932 гг.), а ў 1932 годзе пераўтвораны ў Трэці беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-III; 1932–1937 гг.)».
Толькі за адзін 1922 год трупа Галубка паказала сельскаму гледачу ў розных кутках Беларусі 122 спектаклі
«Вандроўнаму тэатру самім лёсам, здавалася, была наканавана высокая місія несці беларускае мастацкае слова ў самыя глухія куткі нашай Бацькаўшчыны. На сялянскіх фурманках, не раз проста несучы на сабе сціплы тэатральны рэквізіт, дабіраліся галубкоўцы туды, куды ніколі не заглядаў тэатр. Выступалі, дзе толькі можна было змайстраваць падмосткі», — заўважыў Арсень Ліс.
Ад’язджаючы, абавязкова пакідаў надпіс: «Тут быў Галубок з галубянятамі»
З успамінаў актрысы БДТ-III Таццяны Шашалевіч, якая шмат гадоў працавала ў Вандроўным тэатры:
«Ад’язджаючы, абавязкова пакідаў надпіс: «Тут быў Галубок з галубянятамі». Да калектыву ён ставіўся клапатліва. Такі прыклад. Скончыўся тэатральны сезон. Трэба адпраўляць людзей у адпачынак. У адных пуцёўкі на руках, другія спяшаюцца да сваіх семяў, а грошай няма, не перавёў банк. Але і тут Галубок знаходзіць выйсце. Заручаецца гарантыяй банка, грошы пераводзяць у ашчадную касу, угаворвае выдаць кожнаму працаўніку тэатра акрэдытыў і адпускае ўсіх, хто куды хоча, ведаючы, што кожны атрымае свае грошы нават у самай маленькай ашчаднай касе, дзе яна ёсць. Так па-сапраўднаму клапаціўся ён аб людзях.
Заўсёды ў добрым настроі, падцягнуты, добразычлівы, заўсёды гатовы дапамагчы ў цяжкую хвіліну. Вось яшчэ прыклад. У мяне сур'ёзна захварэў сын. Увечары адказны спектакль. Дзіця не было з кім пакінуць. Уладзіслаў Іосіфавіч неадкладна звязваецца з бальніцай, i адтуль прысылаюць медсястру, якая дзяжурыла, пакуль я не прыйшла ca спектакля. А ў час спектакля неаднаразова пасылаў дамоў даведацца пра стан дзіцяці. Рэдкая чалавечнасць i чуласць!»
Уладзіслаў Галубок і Алесь Дудар былі суседзямі
Галубок і Дудар жылі ў Мінску на вуліцы Правадной у доме №15А.
«Галубок узяў Дудара ў склад свайго вандроўнага тэатра, разам яны паўтара года ездзілі па ўсёй Беларусі», — распавядала Ганна Севярынец.
Галубка абвінавачвалі і ў нацыяналізме, і ў агітацыі за савецкую ўладу
«У Беларусі ніколі не зводзіліся праціўнікі адраджэння яе гісторыі, культуры, мастацтва, і стане нам зразумелым, чаму ў адрас трупы Галубка прыходзілі абвінавачанні рознага кірунку: у патуранні густам гледачоў, аднастайнасці рэпертуару, адсутнасці прафесійнага мастацтва. Потым пачаліся папрокі Галубку за нацыяналізм, у чым яго і абвінавацілі», — піша спадар Валахановіч і ў той жа час адзначае:
Беларускія камуністычныя ўлады у часы беларусізацыі адносіліся да Уладзіслава Галубка лаяльна, бо гэтак жа адносіўся да ўлады і сам Галубок. Нездарма яго ў той час празвалі «вандроўным трыбунам», агітатарам за савецкую ўладу, за сацыялістычны лад. Галубка так празвалі таму, што ён у беларускай глыбінцы, куды не хацелі ехаць савецкія чынушы, перад пачаткам кожнага спектакля звычайна праводзіў гутаркі (правобраз палітінфармацый), тлумачыў сялянам палітыку савецкай улады ў галіне культуры. Яна супадала тады з творчай праграмай яго тэатральнага калектыву: асвятліць розум і душу працоўнага селяніна-беларуса, разбудзіць яго творчыя сілы, выхаваць усвядомленае пачуццё патрыятызму».
У 1927 годзе першым у нашай рэспубліцы атрымаў званне «народнага артыста Беларусі»
Але самога Уладзіслава Галубка гэта не надта радавала.
«Вось бягу прасіць, каб перарабілі на заслужанага. Ты разумееш, я заўсёды ў народзе, сярод простых людзей, а яны кажуць: "Народны артыст? Ніякая гэта не заслуга. Вось заслужаны — іншая справа..."», — казаў спадар Уладзіслаў тэатральнаму дзеячу Яўгену Рамановічу.
У 1932 годзе тэатр Галубка зрабілі аседлым
Гісторык Уладзімір Арлоў адзначаў:
«Уладзе не спадабаліся гэтыя вандраванні, якія цяжка трымаць пад пільным вокам, асабліва ва ўмовах абвастрэння класавай барацьбы. Тым больш, перад кожным спектаклем Галубок выступаў з бліскучай лекцыяй пра беларускую гісторыю і культуру».
Тэатр зрабілі «аседлым» і загадалі як мага хутчэй ўвесці ў рэпертуар п'есы пра класавае змаганне.
Галубка арыштавалі ў жніўні 1937 года і прысудзілі да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу
Уладзіслаў Іосіфавіч быў расстраляны 28 верасня 1937 года.
«Даведаўшыся пра арышт мужа, жонка спрабавала скончыць жыццё самагубствам, але яе выратавалі. Яна дажыла да рэабілітацыі мужа. А ўжо пасля яе смерці, у 1982 годзе, у Траецкім прадмесці ў Мінску была адкрыта гасцёўня Уладзіслава Галубка», — распавядае гісторык Анатоль Валахановіч.