Вайцюшкевіч: «Будучыня» Галубка — аповед пра нашыя беларускія мары (+аўдыё)
Зміцер Вайцюшкевіч прэзентуе ў межах праекту «(Не)расстраляная паэзія» парталу TuzinFM нечаканы трэк, напісаны на словы Уладзіслава Галубка, заснавальніка беларускага сучаснага тэатру і першага Народнага артыста краіны.
![20_1_1.jpg 20_1_1.jpg](/img/v1/images/20_1_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Уладзіслаў Галубок увайшоў у гісторыю як паэт, празаік, драматург, рэжысёр, актор, мастак. Ён пачаў друкавацца ў «Нашай Ніве» ў 1908 годзе, стварыў каля 40 п’есаў, на пачатку 1920-х стварыў беларускі вандроўны тэатар, які праз некалькі год атрымае статус дзяржаўнага. Менавіта Галубок першым у гісторыі краіны атрымае званне Народнага артыста Беларусі (1928), праўда практычна пасля гэтага пачнецца ягоны пераслед. Галубка расстраляюць у 1937-м, трохі раней чым большасць ягоных калегаў, 28 верасня (па іншых звестках ён памёр у турме). Разам з тым арыштаваныя і рэпрэсаваныя ўсе, хто граў у ягоным тэатры (БДТ-3). Падрабязней пра жыццё і творчасць Уладзіслава Галубка распавядзе Васіль Дранько-Майсюк на лекцыі ў кнігарні «Логвінаў» 3 лістапада.
Менавіта на верш Уладзіслава Галубка стварыў сваю песню ў межах праекту «(Не)расстраляная паэзія» Зміцер Вайцюшкевіч: «Я ведаў, што ён стваральнік беларускага тэатру, але акром гэтага факту хіба што нічога. Сярод тых вершаў, якія дайшлі да нас, я шукаў нешта пазітыўнае. І на шчасце знайшоў! Будучыню!».
Верш Галубка «Будучыня» датаваны 1912 годам. Вайцюшкевіч называе гэты твор аповедам пра нашыя беларускія мары. «Тут усё супала – і заклік Галубка адбудаваць свой сапраўдны дом, і маё зацікаўленне кампутарнымі тэхналогіямі ды сімфанічнай музыкай, пагатоў я маю класічную адукацыю», – кажа Зміцер. У запісе песні на студыі Everest паўдзельнічалі таксама Алесь-Францішак Мышкевіч (бас) і Павал Мамонаў (бубны).
Ужывую Вайцюшкевічу хочацца яе выконваць з відэашэрагам, інсталяцыямі і перформансамі. І каб заля падпявала: «Будуем новы дом!».
Зміцер Вайцюшкевіч – Будучыня (музыка Змітра Вайцюшкевіча, словы Уладзіслава Галубка).
TuzinFM
Кіпіць работа, плыве пот,І крык і гул, як гром;
Туды, сюды снуе народ.
Будуюць новы дом.
Лапаты рэжуць глыб зямлі, Зьвініць сталёвы лом;
На месцы даўняй старыны
Будуюць новы дом.
Штодзень угору сьцены йдуць,Ушыр і ўдоўж кругом;
Баліць мазоль, і рвецца грудзь,
А ўсё ж будуюць дом!
Настане дзень, надойдзе час, Мы крэпку столь зьвядзём,
І лепшай прышласьцю для нас
Быць мусіць новы дом!
Працуйма, брацьця! Хай хутчэйНаш льецца пот цурком:
Прыжджэм і мы сьвятлейшых дней,
Як скончым строіць дом!..
(1912)