У Вільні прайшоў мітынг, прысвечаны другой гадавіне забойства Андрэя Зельцэра (фотарэпартаж)
28 верасня, у другую гадавіну забойства ў Мінску супрацоўніка ІТ-сферы Андрэя Зельцэра, беларусы сабраліся ў Вільні каля будынка амбасады лукашэнкаўскай Беларусі.
28 верасня 2021 года ў перастрэлцы з сілавікамі, якія спрабавалі трапіць у ягоную кватэру, загінуў мінскі айцішнік Андрэй Зельцэр. Таксама ў той перастрэлцы быў забіты супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк.
Трагедыя справакавала хвалю рэпрэсій — за каментары пра Зельцэра і Федасюка затрымалі больш за сотню чалавек, шмат хто з іх атрымаў турэмныя тэрміны.
За артыкул са станоўчым каментаром пра Зэльцэра закрылі «Камсамольскую праўду ў Беларусі», а аўтар артыкула, журналіст Генадзь Мажэйка, трапіў у турму. Яму прысудзілі тры гады калоніі за «распальванне варожасці» і «абразу Лукашэнкі».
На мітынг (ці, хутчэй, пікет, бо з прамовамі ніхто не выступаў), што адбыўся насупраць будынка беларускай амбасады, прыйшло каля трох дзясяткаў чалавек.