У ВНУ пачаў дзейнічаць «пашпартны ўказ» Лукашэнкі

Цяпер дакументы з ВНУ нельга атрымаць без беларускай даверанасці. Усім прапануюць прыехаць у Беларусь і забраць паперы асабіста.

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo.jpg

Навучальныя ўстановы перасталі выдаваць дублікаты дакументаў аб адукацыі, спасылаючыся на нормы ўказа Лукашэнкі. Пад абмежаванні трапілі выпускнікі і былыя навучэнцы, якія пакінулі краіну. Ім прапануецца вярнуцца і самім забраць патрэбнае, піша «Наша Ніва».

У такой сітуацыі аказалася былая студэнтка аднаго з мінскіх універсітэтаў. Дзяўчына адвучылася тры курсы і вымушаная была разам з бацькамі ратавацца ад пераследу на радзіме.


Глядзіце таксама

Сёлета яна вырашыла працягнуць навучанне за мяжой. Для паступлення патрэбны атэстат «Аб агульнай сярэдняй адукацыі» і выпіска з ацэначнай ведамасці, як пацвярджэнне таго, што яна вучылася ва ўніверсітэце.

Гэтых дакументаў не аддалі сваячцы дзяўчыны, аргументуючы адмову ўказам Лукашэнкі №278 «Аб парадку выдачы дакументаў і выкананні дзеянняў».

Даверанасць, якую зрабіла за мяжой былая студэнтка, у беларускай ВНУ назвалі несапраўднай. Супрацоўнікі адміністрацыі прапанавалі дзяўчыне самой прыехаць па неабходнае ёй.

Бацькі перакананыя, што дачка з Беларусі не вернецца.


Глядзіце таксама

Пра тое, што дакументы аб адукацыі нельга атрымаць па даверанасці, аформленай за мяжою, пацвердзілі ў БДУ. Там заявілі, што «на сёння крыху змянілася заканадаўства». Па такія дакументы трэба прыязджаць самому былому студэнту альбо іх аддадуць іншай асобе па даверанасці, аформленай натарыяльна ў Беларусі, патлумачылі ў навучальнай установе.

У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце спачатку супрацоўніца аддзела кадраў сказала, што атрымаць дакументы па замежнай даверанасці, перакладзенай на рускую мову, можна, а потым пасля падказкі калег заявіла, што нельга. Аргументаваць чаму не стала.

У БДУІР не бачаць перашкод у тым, каб выдаць дакументы аб адукацыі па даверанасці, аформленай за мяжою. Галоўнае, каб яна была перакладзеная на рускую мову. На згадку пра ўказ Лукашэнкі супрацоўніца ўніверсітэта адрэагавала:

«Ён не тычыцца нас. Яшчэ раз паўтараю: у нас можна атрымаць дакументы. Нам так сказалі юрысты».

У «пашпартным» указе Лукашэнкі пералічваюцца натарыяльныя функцыі, якіх пазбавіліся консульствы.

Адукацыя значыцца ў дадатку да ўказа пад сёмым нумарам. З тлумачэння вынікае, што па дакументы аб адукацыі, дадаткі да іх і іх дублікаты трэба звяртацца асабіста ці з аформленай у Беларусі даверанасцю.


Глядзіце таксама

Указ Лукашэнкі набыў моц 7 верасня і істотна ўскладніў жыццё грамадзянам Беларусі за мяжою. Асноўны яго пункт — забарона на выдачу і замену пашпартоў у беларускіх консульствах за мяжой. Указ называюць крокам у кірунку пазбаўлення беларускіх эмігрантаў беларускага грамадзянства.