Беларуска ў Берліне: «Калі я ступлю на беларускую зямлю, буду плакаць наўзрыд»

Гісторыя дзяўчыны, якая шукала свабоду ў роднай краіне, але знайшла яе па-за межамі Беларусі.

Potsdamer-Plaz у Берліне. Фота: «НЧ»

Potsdamer-Plaz у Берліне. Фота: «НЧ»

Да 2020 года Яна Казюля не вельмі любіла расказваць, што яна з Беларусі: многія не ведалі, дзе знаходзіцца яе краіна, пачыналі пытацца, ці не Расія гэта, — такія пытанні моцна стамлялі. Хоць Яне заўсёды было што расказаць пра сябе, сваю сям'ю, краіну: яе дзядуля Яўген Казюля — класік беларускай фатаграфіі, у памяць пра яго родных названая вуліца ў Лошыцы (завулак Чыжэўскіх. Заўв. рэд.). Ды і яна сама магла падзяліцца сотняй гісторый пра сябе: пра сваё мінскае панк-юнацтва канца 2000-х, вымушанае сталенне пасля смерці бацькі і спробы знайсці сябе, якія прывялі яе ў Германію. 

Апошнія два гады Яна працуе гідам у Берліне. «З нашай першай сустрэчы мне спадабалася і прыцягнула яго свабода, што для мяне заўсёды было адной з галоўных каштоўнасцяў у жыцці», — расказвае дзяўчына у інтэрв'ю «Deutsche Welle».

На яе экскурсіях можна даведацца пра адраджэнне горада пасля вайны, яго яўрэйскую гісторыю, культуру пратэсту, беларускія месцы, сквоты, тэхна-клубы, лепшыя галерэі і многае іншае. Пра тое, як дзяўчынка-панк стала аўтарам уласных тураў, і прычым тут 2020 год — у DW.

Першую ноч у Берліне правяла ў сквоце

У Берліне Яна Казюля ўжо восем гадоў. Сюды яна пераехала з Мінска, дзе жылі чатыры пакаленні яе сям'і па бацькавай лініі. Дзядуля Яны — вядомы беларускі фатограф Яўген Казюля. У дзяцінстве яна праводзіла шмат часу ў фоталабараторыях, хадзіла на выставы, была знаёмая з многімі легендамі беларускай фатаграфіі.

«Пры гэтым у мяне ніколі не было стаўлення да гэтага як да нечага звышнатуральнага. Вось дзядуля, вось яго сябры, — расказвае Яна. — Захапленне фатаграфіяй прыйшло да мяне ўжо пасля пераезду ў Берлін. На жаль, дзядуля не стаў настаўнікам для мяне, але навучыў адрозніваць добры фотаздымак ад дрэннага».

Упершыню ў Берліне Яна пабывала ў 2009 годзе. Тады разам з сябрамі з панк-гурта яна адправілася ў турнэ па Еўропе. Кожны дзень музыкі выступалі ў новым горадзе, у Берліне іх канцэрт прайшоў у адным з самых вядомых сквотаў — «Köpi».


Глядзіце таксама

«Магчыма, тады я насіла ружовыя акуляры, паколькі гэта было маё першае самастойнае падарожжа ў Еўропу, але мяне ўразіла, што так у прынцыпе магчыма: людзі захапілі дом і жывуць там, могуць свабодна ладзіць канцэрты. Для мяне гэта быў моцны культурны шок».

З панк-тусоўкі ў БРСМ

Нягледзячы на тое, што, здавалася, усе дарогі вялі яе да свабоднай творчай прафесіі, Яна выбрала эканамічную спецыяльнасць у БНТУ. Праўда, паступіць атрымалася толькі на платнае аддзяленне.

«Нягледзячы на актыўнае панк-жыццё, я вельмі добра вучылася. Была ўпэўненая, што зраблю і ўсё будзе класна, але аказалася занадта самаўпэўненай і ЦТ здала даволі сярэдне. Бацькі, асабліва тата — ён ужо тады сур'ёзна хварэў — вельмі перажывалі і хацелі, каб у мяне была добрая перспектыўная спецыяльнасць і я магла сябе забяспечваць».

У 18 гадоў Яне давялося рэзка пасталець: памёр яе бацька, які быў для яе сцяной і абаронай ва ўсім. Каб дапамагчы маме аплачваць вучобу, яна стала падпрацоўваць: па выхадных малявала дзецям аквагрым у парках забавак.

«У пэўным сэнсе, мне давялося змірыцца з сістэмай, якая была мне ненавісная, бо інакш я не змагла б выжыць. Калі таты не стала, маме — выкладчыцы БНТУ — давялося спраўляцца адной. Падняць на выкладчыцкую зарплату двух дзяцей і аплаціць вучобу аднаго з іх было нерэальна, таму ўсе гады вучобы я працавала на тое, каб атрымаць 60-працэнтную зніжку на вучобу. Для гэтага мне давялося пераступіць праз сябе: напрыклад, вучыцца толькі на 9-10, удзельнічаць у грамадскіх мерапрыемствах, пісаць навуковыя працы і пры гэтым стаць сябрам БРСМ. Апошняе было для мяне асабліва складаным, хоць я разумела, што дзеля мамы павінна была пайсці на гэты крок».

Праз шмат гадоў гэты досвед у нейкай меры дапамог ёй зразумець людзей, якія ў 2020 годзе засталіся ў сістэме і палічылі за лепшае прамаўчаць пра тое, што адбывалася ў краіне.


Глядзіце таксама

Доўгая дарога да свабоды

Пасля заканчэння ўніверсітэта Яна ўладкавалася на працу ў банк. Спачатку працавала ў кол-цэнтры, вельмі хутка яе перавялі на менеджарскую пазіцыю. Яшчэ крыху — і ёй маглі прапанаваць кіруючую пасаду. «У той момант я спытала сябе: "І што далей?" Я дасягнула магчымага піку кар'еры ў краіне праз пару гадоў пасля ўніверсітэта. Пасля гэтага замужжа, сям'я, іпатэка? Я не была да гэтага гатовая».

І зноў з пратэсту Яна вырашыла кардынальна змяніць сваё жыццё.

У 2015-м яна прыехала ў Германію па праграме «Au-pair» — на працягу года дзяўчына жыла ў германскай сям'і, дзе была няняй для траіх дзяцей. Праца і адаптацыя аказаліся не з лёгкіх: у Мінску Яна жыла самастойна, прыстойна зарабляла, на новым месцы ёй давялося падладжвацца пад лад жыцця чужой сям'і. На выхадных — звычайна гэта былі субота і нядзеля — яна з'язджала ў Берлін. Дзякуючы каўчсёрферам, у якіх дзяўчына начавала, яна змагла пазнаёміцца і ўбачыць горад вачыма дзясяткаў людзей.

Год жыцця ў сям'і скончыўся, і перад Янай паўстаў выбар: вярнуцца ў Беларусь або паспрабаваць паступіць у германскі ўніверсітэт. Яна вырашыла застацца, паступіла і пачала вывучаць інавацыйны менеджмент у Вышэйшай школе тэхнікі і эканомікі Берліна (HTW Berlin).


Глядзіце таксама

Паралельна з вучобай дзяўчына працавала, каб забяспечваць сваё жыццё. Падпрацоўку асістэнткай у прафесара яна згадвае як адну з лепшых прац у сваім жыцці. А вось паўтарыць досвед супрацоўніцтва з рускамоўнай кампаніяй ні за што б не вырашылася: спачатку з ёй доўга не заключалі кантракт, а пасля проста не заплацілі за некалькі месяцаў працы.

Першае працоўнае месца пасля заканчэння ўніверсітэта Яна знайшла даволі лёгка: яна ўладкавалася ў германскае дыджытал-агенцтва, якое аказалася даволі кансерватыўным і не зусім дыджытал. Праз час паспрабавала сябе ў ролі маркетолага. Каманда Яне вельмі падабалася, але з прыходам пандэміі фармат працы памяняўся: кожны дзень яна сядзела дома перад камп'ютарам і ўдзельнічала ў сазвонах. «У той момант да мяне прыйшло разуменне, што я ехала ў Берлін па свабоду, а аказалася, што я зноў сяджу перад камп'ютарам з 9 да 18 гадзін».

«Кожны маршрут, па якім я ваджу людзей, — гэта і мая асабістая гісторыя»

У пошуках свабоды беларуска Яна зноў адважылася на рызыку.

«Я заўсёды любіла паказваць Берлін сваім сябрам і знаёмым, якія сюды прыязджалі. Не раз чула пытанні: "Ты не думала вадзіць экскурсіі?" На што я заўсёды адказвала, што я не гісторык і шмат чаго не ведаю. А потым, калі ўсвядоміла, колькі я ўжо прафесій і заняткаў выпрабавала шмат, падумала: чаму б не вывучыць нешта яшчэ? Ліцэнзія для працы гідам у Германіі не патрэбная, таму я вырашыла паспрабаваць».

Падчас пандэміі Яна купляла шмат кніг, паколькі кнігарні былі тымі рэдкімі ўстановамі, якія працавалі падчас лакдаўна. «Я захлёбваючыся чытала пра Берлін, мне было цікава, гэта зацягвала, асабліва калі гісторыя тычылася мірнай рэвалюцыі, падзення сцяны. Я бачыла вельмі шмат паралеляў з Беларуссю, здавалася, што вось-вось — і наша сцяна таксама павінна ўпасці, і гэта дарыла надзею. Так я прыйшла да таго, што пачала вадзіць экскурсіі».

За два гады Яна распрацавала і напісала тры маршруты па горадзе, цяпер у распрацоўцы яшчэ адзін — аб падпольным руху і субкультурах ва Усходнім Берліне.


Глядзіце таксама

«Тэмы нараджаюцца выпадкова, нават спантанна. Дапусцім, я вырашаю для сябе, што хачу пісаць пра нейкі раён, таму што ён цікавы мне. Спачатку я шмат чытаю, збіраю і правяраю інфармацыю. Падзеі ў Беларусі, потым вайна ва Украіне даволі моцна паўплывалі на тое, пра што я хачу расказваць іншым. Напрыклад, у мяне ёсць маршрут па цэнтры горада, падчас якога расказваю пра яго яўрэйскую гісторыю. (...) Любы маршрут — гэта тое, што мне важна, пра што мне хочацца гаварыць. Я б нават сказала, што кожны маршрут для мяне — гэта асабістая гісторыя».

Чым Берлін падобны да Мінска?

У планах Яны — праводзіць экскурсіі на беларускай і англійскай мовах. На нямецкай, для носьбітаў мовы, яна пакуль не вырашаецца.

Таксама Яна вядзе блог у Instagram, дзе шчодра дзеліцца і расказвае пра любімыя ёю месцы Берліна. Ці ёсць у гэтым горадзе тыя, што нагадваюць ёй пра родны Мінск?


Глядзіце таксама

«Я заўважыла, што людзі з новай хвалі эміграцыі шукаюць нейкія сувязі з Мінскам. У Берліне ў мяне іх няма. Хоць такое здарылася са мной, калі я трапіла ў Рыгу: там многае нагадвала пра родную хату. Для мяне Берлін — гэта зусім не Мінск. Ён выдатны тым, што пад настрой ты можаш знайсці мільён месцаў, якія табе падабаюцца. Для пошуку спакою — адны, для дзвіжухі — іншыя».

Берлін Яна лічыць сваім горадам, але пры гэтым сумуе па сваёй сям'і і родных мясцінах у Беларусі. «Мне здаецца, калі ўвесь жах скончыцца, калі я ступлю сваёй нагой на беларускую зямлю, буду проста плакаць наўзрыд, — дзеліцца эмоцыямі Яна. — У Рызе я проста фізічна адчула боль ад немагчымасці трапіць у родныя мясціны».