Прыгоды аднаго палаца

Не паспелі адбудаваць Берлінскі палац — адзін з гістарычных сімвалаў нямецкай сталіцы, як архітэктурны помнік стаў аб’ектам жорсткай крытыкі. 

Форум Гумбальта, 2020. Фота Ernstol

Форум Гумбальта, 2020. Фота Ernstol

Гісторыкі сцвярджаюць, што назва Берліна ўзыходзіць да старапалабскага слова Birlin, Берлін, што азначае «месца ў балоцістай мясцовасці». З часам на тым балоце з’явіліся людзі. Яны пачалі адбудоўваць горад, які з часам стаў сталіцай Прусіі.

А якая сталіца без палаца? У 1443 годзе прускі курфюрст Фрыдрых II пачаў будаўніцтва палаца, які знешне, праўда, хутчэй нагадваў крэпасць. У цудоўную каралеўскую рэзідэнцыю палац ператварыў курфюрст Фрыдрых III, які стаў у 1701 годзе каралём Прусіі Фрыдрыхам I. Комплекс заставаўся рэзідэнцыяй дынастыі Гогенцолераў да лістападаўскай рэвалюцыі 1918-га. У часы Веймара тут знаходзіўся музей і шэраг навуковых цэнтраў.

Другая сусветная мела для палаца самыя негатыўныя наступствы. У выніку маштабных бамбардзіровак Берліна амерыканцамі і брытанцамі ў лютым 1945-га будынак моцна пацярпеў ад разбурэнняў і пажару. Дарэчы, наглядчыца палаца заяўляла, што 31 студзеня 1945 года — за тры дні да разбуральнай бамбардзіроўкі, бачыла славуты прывід «Белай жанчыны». Па легендзе, «Белая жанчына» сваім з'яўленнем паведамляла аб хуткай трагічнай падзеі.

Пасля вайны палац уяўляў сабой маляўнічую і драматычную панараму руін, на што тут жа паклалі вока кінематаграфісты. Падчас здымак фільма «Падзенне Берліна» разваліны палаца выкарыстоўваліся як дэкарацыі, па якіх стралялі баявымі снарадамі для стварэння большага кінематаграфічнага рэалізму.

Так ці інакш, з палацавымі руінамі, якія знаходзіліся ў самым цэнтры сталіцы ГДР, трэба было нешта рабіць. У выніку кіраўніцтва рэспублікі адмовілася ад ідэі дарагога аднаўлення разбуранага будынка. У канцы 1950 года па загадзе Вальтэра Ульбрыхта — тагачаснага кіраўніка ГДР, каралеўскі палац быў узарваны, а на яго месцы з часам пабудаваны Палац Рэспублікі.

У Палацы Рэспублікі праводзіліся пасяджэнні Народнай палаты ГДР, акрамя гэтага будынак выконваў функцыі адкрытага для грамадскасці Палаца культуры, што вельмі падабалася бюргерам. 

Аднак пасля аб'яднання Германіі Палац Рэспублікі быў закрыты для наведвальнікаў. Справа ў тым, што пры яго будаўніцтве ў бетон дадавалі шкодны для арганізма абсест, які выклікае рак. Доўгі час пустуючы будынак быў нямым помнікам эксперыменту пад назвай ГДР, які пайшоў у гісторыю.

Прыкладна ў 2000 годзе ў ФРГ пачаліся дэбаты наконт аднаўлення палаца. Прыхільнікі ініцыятывы сцвярджалі, што палац адновіць звыклы вобраз Берліна, дапоўніць гістарычны цэнтр, аздаровіць гарадскі пейзаж і г. д. Нягледзячы на крытыку з боку апанентаў (ім у асноўным не падабаўся каштарыс праекта памерам у 500 мільёнаў еўра), у 2004-м рашэннем Бундэстага рэканструкцыі далі зялёнае святло.

На сённяшні дзень Палац, які названы Форум Гумбальта, практычна адноўлены. Часткова ў будынку ўжо пачынаюць працаваць выставы. Здавалася б, на гэтым няпростая гісторыя палаца скончылася. Насамрэч, зараз усё толькі і пачалося. Справа ў тым, што тыя, хто 20 гадоў таму заклікаў да аднаўлення палаца, наўрад меркавалі, што праз дзве дэкады еўрапейскае грамадства ахопіць павальная мода на крытыку свайго каланіяльнага мінулага.

Як вынік, не паспеў адбудаваны палац адчыніць дзверы наведвальнікам, як на яго абрынулася цунамі  крытыкі. Па меркаванні некаторых грамадскіх актывістаў, палац як месца рэзідэнцыі манархіі з'яўляецца сімвалам прускага і нямецкага імперыялізму. Але гэта яшчэ дробязь. Падкрэсліваецца роля палаца як месца прыняцця фатальных рашэнняў для лёсаў каланізаваных народаў. Напрыклад, менавіта тут зацвердзілі план знішчэння племя Герэра ў Намібіі напрыканцы 19 стагоддзя.

Каб выратаваць імідж, Форум Гумбальта аператыўна аб'явіў аб правядзенні рознага роду антыкаланіяльных ініцыятыў. Многія з экспазіцый прысвечаны барацьбе народаў супраць каланіялізму або рухам за дэмакратыю. Але і тут выйшла кур'ёзная асечка. Выстава ў гонар юбілею рэвалюцыі 1848-га ў Германіі абярнулася скандалам. Гісторыкі згадалі, што лідары нямецкай рэвалюцыі 125-гадовай даўніны падтрымалі рэпрэсіі супраць польскага нацыянальнага паўстання ў Познані.

І гэта яшчэ не ўсё. Усё тыя ж актывісты звярнулі ўвагу на адноўлены надпіс на галоўным купале Палаца. Гэта біблейская цытата, якую любіў адзін з прускіх каралёў. Паводле надпісу, «усе павінны схіліць калені перад Ісусам». Грамадскасць выявіла ў гэтым надпісе «этнарэлігійны каланіялізм». Дасталася і крыжу на суседнім купале. Сцвярджаецца, што «хрысціянскі сімвал — гэта інструмент каланіяльнага панавання Еўропы».

Рэагуючы на крытыку, каля ўваходу ў экс-Палац паставілі інфармацыйнае табло, прысвечанае гісторыі купала і крыжа. Таксама плануецца ў начны час праецыраваць з дапамогай пражэктараў на надпіс на купале іншыя тэксты — напрыклад, цытаты з Асноўнага закона ФРГ.

Музей відавочна хоча дыстанцыявацца ад спрэчнага біблейскага верша, але, падобна, крытыкам гэтага мала. Яны патрабуюць зняць з купала крыж і выдаліць спрэчны надпіс. Аднак для гэтага патрэбна новае рашэнне Бундэстага. Як жартуюць у прэсе, можа, заадно ўжо прыняць рашэнне аб зносе Палаца і аднаўленні Палаца Рэспублікі. У ГДР як мінімум не было калоній.