Увага! Звяртацца ў беларускае консульства за мяжой небяспечна
Актывісты з беларускай дыяспары ў Германіі просяць нямецкі ўрад пазбавіць беларусаў неабходнасці хадзіць у беларускае консульства для падаўжэння або замены сваіх пашпартоў. Чаму эмігрантам-беларусам сёння небяспечна наведваць консульствы РБ і якая можа быць альтэрнатыва, "Новаму Часу" патлумачыў прадстаўнік дыяспары Антон Малкін.
Могуць завесці крыміналку, ціснуць на сваякоў
У Германіі ўжо некалькі тысяч рэлакантаў з Беларусі, шмат з іх пакінулі краіну праз рэпрэсіі пасля 2020 года. Некаторым трэба памяняць, падоўжыць пашпарт, а для гэтага неабходна наведаць консульства Беларусі. Але ў сённяшніх рэаліях гэта небяспечна, кажа Антон Малкін:
— Пры звароце ў консульства па пытаннях пашпартоў трэба падаць асабістыя дадзеныя: адрас, падставы для знаходжання ў Германіі, звесткі аб членах сям'і, працы і г.д.. Гэтыя асабістыя дадзеныя ўзгадняюцца з МУС Беларусі, якое выдае пашпарты. Адпаведна дадзеныя апрацоўваюцца і могуць выкарыстоўвацца для рэпрэсій. Быў выпадак, калі чалавек звярнуўся ў консульства і яму прыйшоў адказ, што паколькі стала вядома, што вы хаваецеся за мяжой, вас абвясцілі яшчэ і ў міжнародны вышук. І калі чалавек паедзе, напрыклад, у Турцыю, ёсць верагоднасць, што там яго могуць арыштаваць і выдаць у Беларусь.
Яшчэ могуць завесці крымінальную справу, працягвае Антон Малкін:
— Адной дзяўчыне на яе зварот у консульства за прадаўжэннем пашпарта адказалі, што паколькі вас знайшлі на фотаздымках з пратэсных маршаў, на вас адкрылі крымінальную справу, таму вам трэба зʼявіцца ў МУС РБ. То бок, умоўна, едзьце спачатку ў Беларусь, там вас асудзяць, а потым вырашым пытанне з пашпартам. Магчыма, крымінальная справа была б адкрытая і так, калі ў сілавікоў дайшлі б рукі, але звароты ў консульствы відавочна паскараюць працэс.
Некаторыя беларусы атрымалі ў Германіі міжнародную абарону ў спрошчаным парадку на падставе параграфа 22. Як правіла, гэта вядомыя журналісты, праваабаронцы, публічныя палітычныя актывісты, тлумачыць Антон Малкін:
— І калі органы ў Беларусі пра іх пакуль не ведаюць, на іх не заведзеныя крымінальныя справы, то паход у консульства, калі давядзецца паказаць параграф 22, гэта ўсё роўна што адразу здацца: Добры дзень, я актывіст, вось мой адрас, мае сваякі…
Антон Малкін ведае беларусаў, якія жывуць у Германіі наогул без дакументаў: без паходу ў консульства іх атрымаць нельга, але пайсці туды людзі не могуць, бо асцерагаюцца, што сілавікі тады будуць ціснуць на сваякоў, якія засталіся ў Беларусі.
Увогуле, па падліках эксперта, праблема замены пашпарта актуальна для 2-2,5 тысяч чалавек, ці для 200-250 на год, улічваючы, што пашпарт выдаецца на 10 год.
Альтэрнатыва — праязны дакумент замежніка
Актывіст дыяспары бачыць рашэнне праблемы ў выдачы «шэрых пашпартоў»:
— Шэры пашпарт — гэта праязны дакумент замежніка, які можна атрымаць без візіту ў беларускае консульства. Такі дакумент выдаецца, калі атрыманне пашпарта немагчыма або спалучана з вялікімі складанасцямі. Цяпер шэрыя пашпарты выдаюцца ў індывідуальным парадку, кожны выпадак разглядаецца асобна, таму вынік можа быць як станоўчы, так і адмоўны. Мае сэнс зрабіць агульнае рашэнне для ўсіх. Пытанне можна вырашыць без вялікіх намаганняў і без змены заканадаўства — рассылкай адной інструкцыі па ўжыванні закона, дзе б пазначалася, што Беларусь зʼяўляецца дзяржавай, у якой зварот у консульства спалучаны з небяспекай.
З гэтай прапановай Антон Малкін нядаўна звярнуўся ў Бундэстаг, падмацаваўшы зварот заявамі 39 беларусаў, якія пацвердзілі, што праблема актуальная. Са слоў актывіста, ім абяцалі разгледзець гэтае пытанне ў мэтавай камісіі. Паводле інфармацыі Антона Малкіна, паралельна гэтую праблему ўздымаюць таксама згуртаванне беларусаў у Германіі «Разам» і Народныя амбасады.
— Злоўжыванняў у атрыманні шэрага пашпарта мы не чакаем, бо гэты дакумент прызнаны толькі ў палове краін свету, з ім складаней атрымаць візы. То бок, людзі за гэтым дакументам без рэальнай неабходнасці звяртацца не будуць, — удакладняе эксперт.
Калі будзе рашэнне па гэтым звароце, пакуль невядома. Тым рэлакантам у Германіі, для каго актуальная праблема замены пашпартоў, Антон Малкін раіць загадзя, да заканчэння дакументу, пісаць у міграцыйную службу абгрунтаванні, чаму ў іх няма магчымасці звяртацца ў консульства, прыводзіць доказы сваёй палітычнай актыўнасці, даваць спасылкі на праваабарончыя маніторынгі аб сітуацыі ў Беларусі — пераследах, катаваннях, ціску на сваякоў.