Хронікі рэпрэсій за 4 верасня

Навіны з жыцця палітвязняў — затрыманні, ператрусы і суды. Галоўныя навіны дня знутры краіны.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

Сілавікі затрымалі сталічнага таксіста, які адмовіўся везці супрацоўніцу міліцыі. Набліжаны да ГУБАЗіКа тэлеграм-канал апублікаваў сёння адпаведнае відэа, піша «Люстэрка».

Мужчына працуе ў службе «Яндэкс.Таксі». На камеру яго прымусілі прызнацца ва «ўдзеле ў пратэстах», «перакрыцці дарог "сваім транспартным сродкам"».

— Вывозіў людзей з ачагоў, калі ім патрэбна была дапамога, каб схавацца ад органаў правапарадку, — вымусілі сказаць затрыманага.

Мужчына таксама растлумачыў, што нядаўна атрымаў заказ ад лейтэнанта міліцыі.

— Я з ёю размаўляў груба, цынічна, абразіў яе і адмовіўся весці... За гэтыя дзеянні я затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, — прымусілі сказаць на камеру мужчыну.

Набліжаны да ГУБАЗіКа тэлеграм-канал удакладніў, што ў тэлефоне затрыманага «выяўленыя сляды злачыннай дзейнасці (арт.342 Крымінальнага кодэкса), дзе ён на сваёй машыне перакрываў рух і дапамагаў» пратэстоўцам, развозячы іх па бяспечных месцах.

***

Музыкаў «Tor Band» Дзмітрыя Галавача, Яўгена Бурло і Андрэя Ярэмчыка абвінавачваюць у «распальванні варожасці» (ч.3 арт.130 КК), «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (ч.1 і 3 арт.361-1 КК), «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт.369-1 КК) і «абразе Аляксандра Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК). Гэта вынікае з раскладу на сайце «Электроннага судаводства».

Судзіць іх пачнуць у Гомельскім абласным судзе 14 верасня, заўважыла выданне «Флагшток».

Удзельнікаў «Top Band» затрымалі ў Рагачове 28 кастрычніка. Іх арыштавалі на 15 сутак па артыкуле аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП). Пазней іх адпраўлялі на «суткі» яшчэ некалькі разоў, піша «Медыязона».

Напрыканцы жніўня 2022 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сацсеткі гурта і песні «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мацi», «Мы — не народец», «Без вайны», «Беларус беларусу беларус», «Dead Мороз», «Мы станем сильней!» і «Родная Зямля».

20 студзеня гурт прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

***

Стала вядома, што 29 жніўня сілавікі правялі ператрус у Магілёве ў кватэры прадпрымальніцы Іны Царовай. Яе мужа-ўкраінца, які мае від на жыхарства, хутчэй за ўсё, рыхтуюць да дэпартацыі — ён не выйшаў з ІЧУ, піша «Вясна».

Іна — вядомая ў горадзе прадпрымальніца, якая займаецца развіццём цырульняў. Паводле інфармацыі ад яе былых калег, сілавікі апазналі жанчыну на відэа з пратэстаў 2020 года, дзе яна ішла ў калоне з бел-чырвона-белым сцягам. Па месцы яе пражывання быў праведзены ператрус, сцяг канфіскаваны.

Вядома, што ў дадзенай кватэры яна пражывала з другім мужам, ураджэнцам Украіны, які меў від на жыхарства ў Беларусі. Іх дваіх павезлі на допыт, пасля чаго Іна вярнулася дадому, а яе муж — не. У выніку жанчына на мінулым тыдні атрымала штраф у памеры 100 базавых велічынь (3700 рублёў). Абедзве яе цырульні на дадзены момант не працуюць.

***

У Віцебскую калонію, дзе ўтрымліваюцца 99 палітвязняў, прыехала камісія, піша «Салідарнасць».

Камісія ад Мінюста не знайшла аніякіх парушэнняў у калоніі №3 горада Віцебска.

«Віцебская Вясна» піша, што камісія з 11 чалавек нібыта праверыла ўмовы ўтрымання зняволеных. Сярод правяраючых былі прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры, Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, абласной пракуратуры, члены Віцебскай абласной назіральнай камісіі пры Галоўным упраўленні юстыцыі Віцебскага аблвыканкама і Міністэрства юстыцыі.

Члены выязной групы азнаёміліся з умовамі ўтрымання асуджаных, іх харчаваннем, медыцынскім і санітарным абслугоўваннем, арганізацыяй навучання, вольнага часу, маральным і культурным выхаваннем, наведалі памяшканні для доўгатэрміновых спатканняў і кароткатэрміновых спатканняў. Інспектары ацанілі ўмовы жыцця і працы як «здавальняючыя».

Паведамляецца, што інспектарам не паступіла аніводнай скаргі на ўмовы ўтрымання ў калоніі ні ад радавых, ні ад палітвязняў. Апошніх у калоніі налічваецца 99 чалавек.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак пра самых вядомых палітвязняў: Марыю Калеснікаву — 202 дні, Максіма Знака — 207 дзён, Мікалая Статкевіча — 208 дзён, Ігара Лосіка — 197 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 179 дзён, Віктара Бабарыку — 130 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у Беларусі налічваецца 1502 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1746 чалавек. Сярод іх — 197 жанчын і 8 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.