«Кладзі дыплом». Лукашэнка мае намер змагацца са збеглымі медыкамі?

Лукашэнка прызнаў недахоп кадраў у ахове здароўя і паабяцаў вырашыць гэтую праблему. Якім чынам, не ўдакладніў, але можна не сумнявацца: у ход пойдуць традыцыйныя метады прымусу, забаронаў і пакаранняў.

_medycyna___kavid__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

27 кастрычніка падчас рабочай паездкі ў Мінскі раён Лукашэнка выгаварыўся ў многіх пытаннях. Пасля трох тыдняў маўчання ён нарэшце пракаментаваў вайну на Блізкім Усходзе. Сенсацыі не адбылося — у «гэтай усёй каніцелі» вінаватыя, як выказаўся кіраўнік, «амерыкосы», піша Вячаслаў Карасцень у «Позірку».

Выказаўся пра міграцыйны крызіс, выбары ў Польшчы, падзеі ва Украіне. У чарговы раз заявіў, што гатовы «працягнуць руку» суседнім краінам ЕС, калі яны не будуць «наступаць нам на грудзі каленам». Зноў павесіў усіх мажлівых сабак на ЗША, бо амерыканцы, маўляў, «распальваюць хаос» не толькі ў Сектары Газа, але і на постсавецкай прасторы, у Афрыцы і на Тайвані, а таксама «душаць Еўропу».

Нічога асабліва новага па пытаннях знешнепалітычнага парадку не прагучала. За выключэннем хіба што сігналаў Захаду пра гатоўнасць дамаўляцца. «Чакаем прапаноў», — так было сказана, у прыватнасці, у адрас Польшчы, дзе па выніках парламенцкіх выбараў чакаецца змена ўлады.

Што стаіць за гэтымі сігналамі, застаецца толькі здагадвацца. Магчыма, абыходзіць санкцыі стала настолькі цяжка і дорага, што Мінск і сапраўды гатовы гандлявацца. А, можа, гэта спроба выклікаць палітычную рэўнасць у Крамлі, які апошнім часам надае «малодшаму брату» недастаткова ўвагі. Ва Уладзіміра Пуціна не знаходзіцца часу для двухбаковай сустрэчы з хаўруснікам у Бішкеку.

Куды больш зразумела ў пятніцу Лукашэнка выказаўся па ўнутранай беларускай тэматыцы.

Пра які «парадачак» гаворка?

Багата ў пятніцу Лукашэнка казаў пра ахову здароўя, якую трэба «прыводзіць у пачуццё».

Ён канстатаваў відавочнае — востры дэфіцыт кадраў у галіне. Сказаў: «Так, у нас дзесьці не хапае лекараў. Некаторыя лекары збеглі са сваёй прафесіі і чорт ведае чым займаюцца». Паабяцаў, што «з часам мы і гэтую праблему вырашым», і запэўніў: «Ёсць у мяне варыянты».

Што за варыянты, кіраўнік не патлумачыў, але ўдакладніў, што «падобным чынам у Беларусі нядаўна страсянулі сістэму адукацыі». «Калі я не прыняў даклад міністра, заварушыліся таксама і парадачак навялі», — заявіў Лукашэнка.

Даклад кіраўніка міністэрства адукацыі Андрэя Іванца ён загарнуў на профільнай нарадзе 18 жніўня. Па якой прычыне, да канца не зразумела. Мяркуючы па паведамленнях дзяржСМІ, напярэдадні новага навучальнага года абмяркоўваліся гатоўнасць школ, уступныя кампаніі, харчаванне, падручнікі і «падвоз навучэнцаў да ўстаноў адукацыі». Здавалася б, руціна, тым не менш у выніку Лукашэнка даручыў сістэме адукацыі правесці «працу над памылкамі», адклікаў дзеля такой справы з адпачынку прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанку і прызначыў новую нараду.

У наступны раз сабраліся 21 верасня ў пашыраным — больш за паўсотні асоб — складзе. І вось тады, хоць казалі аб розным, цвіком праграмы стала праблема масавага ад'езду маладых спецыялістаў за мяжу.

«Вы не сказалі пра галоўнае, — папракнуў Лукашэнка міністра Іванца, які выступіў са шматпакутным дакладам. — Што хвалюе сёння дзяржаву. Мяне інфармуюць, што самыя-самыя прасунутыя, класныя спецыялісты з краіны з'язджаюць. Больш за тое, нейкая ў нас сістэма: скончыў ВНУ, не адпрацаваў і сышоў. Мы ж навучаем і рыхтуем у ССНУ, ВНУ спецыялістаў для сябе».

Што было далей — вядома. Кіраўнік Мінадукацыі анансаваў нашумелыя папраўкі ў заканадаўства, паабяцаўшы ўвесці абавязковую адпрацоўку па размеркаванні для студэнтаў-платнікаў, а для бюджэтнікаў павялічыць яе тэрміны. З двух да пяці гадоў, запатрабаваў Лукашэнка.

Грамадства такая перспектыва, мякка кажучы, не ўзрадавала. Ідэю новага «прыгоннага права» прынялі ў штыкі, мабыць, нават прыхільнікі ўлады, таму праз пару тыдняў ведамства паспрабавала супакоіць навучэнцаў і іх бацькоў. Чыноўнікі заявілі, што размеркаванне не закране студэнтаў-платнікаў, якія ўжо навучаюцца, чым, па сутнасці, дэзавуявалі абвешчаныя намеры.

Са сказанага выходзіць, што ўпершыню выпускнікі платных аддзяленняў ВНУ будуць «размеркаваныя» толькі гадоў праз пяць, і бягучы кадравы дэфіцыт анансаваныя папраўкі не змякчаць.

Дык у чым жа тады заключаецца наведзены ў адукацыі «парадачак»? І пры чым тут медыцына?

Глядзіце таксама

Магчыма, рыхтуецца новы ўдар па «збеглых»

Строга кажучы, праблему недахопу работнікаў у ахове здароўя Лукашэнка прызнаў раней, яшчэ ў траўні: «Нібыта рыхтуем дастаткова лекараў і медсясцёр, а ў раёнах не затрымліваюцца нават мэтавікі. Шукаюць сабе месца ў сталіцы ці, што яшчэ горш, за мяжой».

І ўжо тады ён заяўляў пра неабходнасць пяцігадовага размеркавання для медыкаў-бюджэтнікаў.

На той момант у банку вакансій налічвалася каля 5 тысяч заявак на ўрачоў-спецыялістаў і больш за 4 тысяч — на медсясцёр. Праз пяць месяцаў сітуацыя не змянілася. Беларусы — у тым ліку медыкі — працягваюць з'язджаць за мяжу. Недахоп працоўных рук стаў сістэмнай праблемай беларускага рынку працы. Вырашыць яе ўладам не ўдаецца.

«Ты лекар — ідзі працуй. Не — пакладзі дыплом. Не хочуць: шэсць гадоў, і дыплом кінуць. Ніхто не хоча. Так калі ты не працуеш, які ты дыпламаваны лекар?» — заявіў Лукашэнка 27 кастрычніка.

Напрошваецца выснова, што ён задумаў адбіраць дыпломы ў медыкаў, калі тыя сышлі ў іншыя сферы. Але наўрад ці гэта падазрэнне мае пад сабой глебу. Бо тады давядзецца ануляваць медыцынскую адукацыю ў некаторых вядомых людзей сістэмы, накшталт кіраўніка Гарадзенскай вобласці Уладзіміра Караніка або набліжанага бізнесоўца Аляксандра Шакуціна. Не кажучы ўжо пра сумніўнасць ідэі як такой: калі дыпламаваны педыятр вырашыць перавучыцца на айцішніка, ён і так схавае свае медыцынскія «корачкі» у самы далёкі кут шафы.

Хутчэй, у Лукашэнкі на розуме іншае: адбіраць дыпломы ў тых лекараў і медсясцёр, якія працаўладкаваліся (ці збіраюцца гэта зрабіць) за мяжой. Іншымі словамі, у «збеглых».

Спроба ўвесці размеркаванне для платнікаў паказвае, што ўлады ўсё ж такі пабойваюцца прымаць зусім ужо непапулярныя рашэнні. Магчыма, па гэтай прычыне не толькі адкладзеныя папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі, але і павольна прасоўваецца працэс прыняцця законапраекта «Аб змене законаў па пытаннях аховы здароўя». Ён прадугледжвае абавязковае размеркаванне спецыялістаў пасля ардынатуры на тэрмін «не менш за пяць гадоў», і медыкі ад гэтага не ў захапленні.

Гэты законапраект рана ці позна прымуць — нядаўна яго ўхваліў Савет Рэспублікі. Таксама ўлады заяўляюць пра намер моцна павялічыць сумы кампенсацыі ў выпадку адмовы ад паслявузаўскай адпрацоўкі — у ахове здароўя называюцца сумы да 60 тысяч рублёў.

Але ўсё гэта — меры лакальнай уласцівасці, якія наўрад ці здольныя спыніць адток кадраў. А вось ударыць па эмігрантах, адмяняючы іх адукацыю, — гэта ход канём. Ідэалагічнае абгрунтаванне тут не прымусіць сябе чакаць: цябе Радзіма вучыла, а ты вырашыў прымяніць атрыманыя веды ў варожай Польшчы?

«Збеглых» Лукашэнку якраз і не шкада. Нават наадварот — на гэта паказвае даволі вядомы «пашпартны ўказ», у якім больш матываў банальнай помсты, чым практычнага сэнсу.

Які сэнс у ануляванні дыпломаў у эмігрантаў, сказаць цяжка, бо медыкі, якія з'ехалі, у краінах ЕС і так праходзяць працяглую працэдуру пацвярджэння кваліфікацыі, пачынаючы фактычна з нуля. Але іншых метадаў развязання праблем, акрамя забаронна-карных, ва ўладаў няма. Ствараць прывабныя ўмовы і павабныя стымулы рэжым даўно развучыўся.

Вярнуцца да пытання дэфіцыту медработнікаў Лукашэнка паабяцаў «дзесьці пасля Новага года». Да гэтага пра яго «варыянты» застаецца толькі варажыць.

Глядзіце таксама