Выжыць на студэнцкую стыпендыю
Якія стыпендыі чакаюць першакурснікаў у новым навучальным годзе?
Ад чаго залежыць памер стыпендыі? Аказваецца на гэта ўпдывае шмат фактараў, а не толькі памер бюджэту пражытачнага мінімуму.
Калі вам пашчасціла трапіць на бюджэтнае навучанне ў вну, то вам прызначаць і будуць плаціць стыпендыю. На якія сумы могуць разлічваць першакурснікі беларускіх ВНУ і ад чаго залежыць памер стыпендыі?
З 2020 года стыпендыі навучэнцаў залежаць ад бюджэту пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва. З 1 жніўня 2023-га ён складае 403,9 рубля. Але гэта зусім не значыць, што стыпендыя студэнтаў будзе роўная БПМ, а значыць хоць неяк, але можна будзе на яе пражыць.
Да першай сесіі стыпендыя першакурснікаў мінімальная. Яе разлічваюць так: бюджэт пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва памнажаюць на каэфіцыент 0,3. Атрымліваецца 121,18 рубля. Кажуць, што гэьа на цэлых 11 рублёў больш, чым ў мінулым верасні.
Стыпендыя таксама залежыць ад універсітэта, дзе вучыцца першакурснік. Да прыкладу, у БДУ і Акадэміі кіравання выплаты павялічваюцца ў 1,3 разы. Выходзіць 157,53 рубля. У БНТУ, БДЭУ, БДПУ ім. М. Танка, БДАМ, БДУКМ, БДСГА — у 1,15 раза. Атрымліваецца 139,36 рубля.
Акрамя таго, у 1,5 разы стыпендыі вышэйшыя, напрыклад, у студэнтаў-інвалідаў I і II групы. Выплаты складуць 181,77 рубля. Замежным студэнтам і асобам без грамадзянства, якія навучаюцца ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі, выплата павялічваецца і складае 363,54 руб.
Як бачыце, можна “ні ў чым сабе не адмаўляць”. Прынамсі, відаць так лічаць чыноўнікі, што ўсталёўваюць такія нормы.
Асаблівыя ўмовы для студэнтаў, якія займаюцца па спецыяльнасцях «хімія высокіх энергій», «ядзерныя фізіка і тэхналогіі», «ядзерная і радыяцыйная бяспека», «праектаванне і эксплуатацыя атамных электрычных станцый» і «інфармацыйныя і кіраўнікі сістэмы фізічных установак». Іх мінімальная стыпендыя — 0,34 БПМ, або 137,34 рубля.
З другога семестра памер стыпендыі будзе залежыць галоўным чынам ад паспяховасці чалавека і заахвочвальных каэфіцыентаў. Іх ўсталёўвае навучальная ўстанова. Звычайна каэфіцыенты для студэнтаў, якія вучацца на гуманітарных спецыяльнасцях, трохі ніжэй, чым у тых, хто вывучае дакладныя дысцыпліны. Больш падрабязна іх можна даведацца тут.
Ну, а тыя першакурснікі, хто заваліць экзамен або залік, у другім семестры могуць і зусім застацца без стыпендыі мінімум да наступнай сесіі.
Такім чынам, калі ў студэнта няма сваякоў, якія падкінуць бульбу ці хатнія нарыхтоўкі, а лепш дапамогуць грашыма, варта разлічваць на тое, што харчавацца даядзецца на 5-7 рублёў на дзень. Можна, канечне, ужо з першага курсу пашукаць падпрацоўку. А можна паспрабаваць выжыць на гэтыя грошы.