«Калі стрэльба вісіць на сцяне, яна можа стрэліць незалежна ад волі генерала Муравейкі»

Генерал беларускай арміі надоечы заявіў, што разглядае магчымасць «прасекчы сілай зброі» жыццёва важны для Беларусі калідор праз Літву. Чаго ў гэтай заяве больш: глупства ці жадання дагадзіць Расіі? Разбіраўся палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__16__logo.jpg

Лукашэнка хоць і прывязаў краіну да імперыі са страшнай сілай, але спрабуе і ў гэтых умовах весці сваю гульню. Аднак так можна і дагуляцца, адзначае Класкоўскі ў «Позірку».

Тады ўжо лепш адразу бамбіць Вашынгтон

30 кастрычніка Літоўскае МЗС выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі Яраслава Хмыля. Яму ўручаная нота з рашучым пратэстам «супраць выступу першага намесніка Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Паўла Муравейкі, апублікаванага ў выданні “Вячэрні Мінск” 24 кастрычніка».

Гэтае выказванне генерала, якое прагучала на ідэалагічным семінары і потым было надрукаванае дзяржаўнай газетай, абляцела многія СМІ. Муравейка заявіў, што паколькі «Літва фактычна забараніла нам перамяшчаць свае тавары праз мяжу», Беларусь «мае ўсе падставы, каб прасекчы жыццёва важны для нас калідор сілай зброі».

Які калідор маецца на ўвазе, можна толькі гадаць. Так, пасля падаўлення рэжымам Лукашэнкі мірнага паўстання 2020 года Літва адмовілася перавальваць беларускі калій праз сваю Клайпеду. Можа, Муравейка хоча прарвацца туды?

Але тады мала толькі ўехаць на танках у раён партовага тэрмінала. Трэба яшчэ неяк прымусіць упартых літоўцаў перавозіць па чыгунцы і грузіць на судны гэтыя чортавы ўгнаенні. Гэта значыць, па вялікім рахунку, змяніць тамтэйшую ўладу, нейкім чынам звесці на нішто дзейныя супраць Мінска заходнія санкцыі, у тым ліку амерыканскія. Тады ўжо, па ідэі, адразу трэба бамбіць Вашынгтон.

Падпаліць дом, каб засмажыць яечню?

Можна таксама выказаць здагадку, што Муравейка меў на ўвазе прасяканне калідора з беларускай тэрыторыі ў Калінінградскую вобласць Расіі. Вільня ж у 2022-м у кантэксце санкцый ЕС забараніла транзіт большасці тавараў у гэтую вобласць, які ішоў з «вялікай зямлі» праз Беларусь.

У такім выпадку гаворка ідзе фактычна аб праславутым Сувалкскім калідоры — палосцы польскай і літоўскай тэрыторыі паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю. Маскоўскія стратэгі прывыклі называць гэта месца Ахілесавай пятай NATO. Але пята ці не пята — гаворка ідзе, на хвілінку, пра NATO. Гэты альянс валодае несумненна большай моцай, чым Беларусь і Расія разам узятыя.

Тут можна ўспомніць, што ў ліпені Андрэй Картаполаў, кіраўнік камітэта Дзярждумы РФ па абароне (таксама, дарэчы, генерал), нарабіў шуму, заявіўшы, што перакінутыя ў Беларусь вагнераўцы — гэта «ўдарны кулак», здольны захапіць «за лічаныя гадзіны» Сувалкскі калідор.

Муравейка, між іншым, скончыў з залатым медалём Ваенную акадэмію генштаба Узброеных Сіл Расіі. Можа, яго цяперашняя заява — рэха той вучобы?

Але натаўцы апошнім часам узмоцнена працуюць над умацаваннем сваёй абароны ў раёне гэтай «ахілесавай пяты». І яна, магчыма, ужо не так уразлівая. А галоўнае — у любым выпадку гаворка ідзе пра вайну супраць Паўночнаатлантычнага альянсу. Гэта называецца падпаліць дом, каб засмажыць яечню.

Глядзіце таксама

Сувалкскі калідор «тысячу гадоў не патрэбны»

Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным 23 ліпеня таксама спрабаваў паказытаць нервы натаўцам, заявіўшы, што размешчаныя ў Беларусі «вагнераўцы», маўляў, ірвуцца на «экскурсію» ў Варшаву або Жешуў. Гэтая была нязграбная спроба падыграць «старэйшаму брату», які некалькімі днямі раней абрынуўся на Польшчу з абвінавачаннямі ў намеры адхапіць шэраг украінскіх і беларускіх зямель (вядомая кружэлка).

Але неўзабаве кіраўнік Беларусі зразумеў, што перагнуў палку. Ён заявіў, што наконт «экскурсійных» намераў «вагнераўцаў» проста пажартаваў, а Сувалкскі калідор Мінску «тысячу гадоў не патрэбны». У мінулую пятніцу Лукашэнка зрабіў цэлы каскад заяваў пра гатоўнасць наладжваць адносіны з Захадам, і перш за ўсё з Варшавай: «Паціскаць рукі я ніколі не адмаўляюся» і гэтак далей.

У цэлым і сам кіраўнік, і беларускі генералітэт, пачынаючы з міністра абароны Віктара Хрэніна, пры ўсім сваім антызаходнім настроі прытрымліваюцца выключна абарончай рыторыкі. Маўляў, чужой зямлі ні пядзі нам не трэба, але і сваёй вяршку не аддамо. Экстравагантная заява Муравейкі відавочна выпадае з гэтага шэрагу. Хутчэй за ўсё, ён ужо атрымаў нахлабучку.

Ідэал Лукашэнкі — быць царом на «кавалку зямлі». І каб ніхто не чапаў

Беларускія ваеначальнікі і на самай справе наўрад ці рвуцца ў бой супраць Украіны, а тым больш супраць NATO. Гэтыя генералы, у асноўным нават візуальна не выглядаюць аскетычнымі падцягнутымі спартанцамі, з большай верагоднасцю грэюцца думкамі пра стос каньячку ўвечары ды ціхага жыцця на добрай пенсіі.

Лукашэнка — нават больш жорсткі аўтакрат, чым Пуцін, але вось імперскія замашкі кіраўніку Беларусі, па вялікім рахунку, чужыя (пры тым, што ён паўтарае тыя ці іншыя вялікадзяржаўныя маскоўскія наратывы). Яго ідэал — гэта кіраваць на сваім «шматку зямлі», пакуль дазволіць здароўе, а потым перадаць уладу ў надзейныя рукі (чым чорт не жартуе — можа, і па спадчыне). І каб ніхто не наступаў «на грудзі каленам» — так прагучала ў мінулую пятніцу. Гэта значыць каб заходнікі не патрабавалі вызвалення палітвязняў, дэмакратызацыі, захавання правоў чалавека.

Пры гэтым беларуская ўладная вярхушка аддае сабе справаздачу ў тым, што сярод суграмадзян пануе антываенны кансэнсус. Нават ядро прыхільнікаў рэжыму не гарыць ідэяй адпраўкі беларускіх войскаў у бой супраць украінцаў. Тое ж можна экстрапаляваць і на ідэю прасякання нейкіх калідораў у духу Муравейкі.

Так, Лукашэнка з задавальненнем размясціў у сябе тактычную ядзерную зброю Расіі. Але напэўна не таму, што марыць згарэць за яе ў ядзерным апакаліпсісе. Наадварот, ён пераканана паўтарае, што на ядзерную краіну ніякай супастат не рызыкне напасці. Напэўна, натхняе прыклад паўночнакарэйскага правадыра, з якім вымушаны цацкацца нават Вашынгтон.

Магчыма, кіраўнік Беларусі трымае ў галаве і такую опцыю, як «прыватызацыя» размешчанага ў Беларусі ядзернага арсенала ў выпадку, калі ў Расіі пачнецца сур'ёзная смута і імперыя пасыплецца.

Прынамсі, нават некаторыя вядомыя ўкраінскія спікеры (галоўны вайсковы выведнік Кірыл Буданаў, Аляксей Арастовіч — былы дарадца офіса Уладзіміра Зяленскага) адзначаюць, што Лукашэнка фенаменальна выкрутлівы і сабе на розуме.

Глядзіце таксама

Калі стрэльба вісіць на сцэне

Беларускі кіраўнік яшчэ з 1990-х гадоў гуляе з імперыяй у авантурную гульню, імкнучыся адначасова і падыграць Крамлю, і сваю выгаду атрымаць. Але чым далей, тым больш рызыкоўная гэтая гульня.

У лютым 2022 года Лукашэнка воляй-няволяй быў вымушаны даць беларускую тэрыторыю для нападу расійскіх войскаў на Украіну. Рэжым зарабіў статус суагрэсара, пакутуе на сур'ёзныя санкцыі. Дарэчы, пагрозы Муравейкі, як лічыць дэпутат Еўрапарламента ад Літвы і пастаянны дакладчык па Беларусі Пятрас Аўштравічус, кажуць пра тое, што санкцыі «маюць уплыў на эканамічныя і фінансавыя вынікі дзяржаўнага бюджэту Беларусі».

Увогуле Крэмль у кантэксце агрэсіі супраць Украіны стрымана выкарыстаў «малодшага брата» ў сваіх інтарэсах. Сапраўды гэтак жа Масква выкарыстоўвае яго і ў сваёй глабальнай гульні супраць Захаду, уключаючы ядзерны шантаж. А калі стрэльба вісіць на сцяне, то яна можа стрэліць у любы момант незалежна ад волі генерала Муравейкі ці нават яго галоўнакамандуючага.