Ці залежыць «экскурсія» вагнераўцаў на Жэшуў ад меркавання Лукашэнкі?
Лукашэнка відавочна не хоча трапляць пад раздачу праз вагнераўцаў. Але пытанне ў тым, хто іх кантралюе. І калі вагнераўцы будуць задзейнічаныя ў нейкіх правакацыях у бок Польшчы і Літвы, ці будзе гэта вядома самому Лукашэнку, разважае палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.
Аляксандр Лукашэнка, які раней пужануў палякаў «Вагнерам», вырашыў трохі здаць назад. Ён падкрэсліў, што прыгожынскія байцы ў Беларусі пад кантролем, і заявіў, што Сувалкскі калідор Мінску «тысячу гадоў не патрэбны», піша Класкоўскі ў «Позірку».
Новая порцыя адкрыццяў прагучала 1 жніўня на сустрэчы кіраўніка з жыхарамі аграгарадка Белавежскі Камянецкага раёна. Пры гэтым Лукашэнка ўсё ж такі не ўтрымаўся ад пагроз, у тым ліку і тымі ж вагнераўцамі, і ядзернай зброяй, і нават «мірным атамам» — верагодным падрывам БелАЭС.
Беларускага правадыра могуць зрабіць крайнім
На сустрэчы з Пуціным 23 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу Лукашэнка ўзбударажыў шырокую публіку, а асабліва Польшчу і Літву, заявай, што яго «пачалі напружваць» вагнераўцы, якія пераехалі ў Беларусь, якія ірвуцца «на экскурсію ў Варшаву і Жешуў» (у Жешуве — буйны хаб для перакідання ваенных грузаў ва Украіну).
Зразумела, што беларускі госць стараўся падыграць «старэйшаму брату», які развярнуў псіхалагічную атаку на ненавісную яму Варшаву, актыўна дапамагае Кіеву. Але палякі не спалохаліся, а прыгразілі, што дамовяцца з літоўцамі і латышамі канчаткова закрыць мяжу з Беларуссю. Што небяспечна для рэжыму немалымі эканамічнымі выдаткамі.
Тым часам незалежныя аналітыкі, а таксама палітыкі і вайскоўцы ў краінах NATO пусціліся ў развагі, як Пуцін пры дапамозе хітра перакінутага ў Беларусь «Вагнера» можа зладзіць Еўропе калі не поўнамаштабную, то гібрыдную вайну. Пры гэтым, маўляў, у сваім чэкісцкім стылі ўмые рукі. Скажа з нявінным выглядам: так гэтыя «дзікія гусі» мне не падпарадкоўваюцца, нават бунт вунь нядаўна задумалі, на кантракт да міністра абароны Сяргея Шайгу пайсці не захацелі. Таму і былі сплаўленыя «малодшаму брату». А зброю для паходу на Жешуў, напэўна, купілі ў беларускім ваенторгу.
Так, але каню зразумела, што ў Беларусі ніякіх непадкантрольных ваенгандляў няма і быць не можа, усё пад каўпаком Лукашэнкі. Так што ўжо яму ў выпадку паходу вагнераўцаў на суседнія краіны NATO умыць рукі ну ніяк не атрымаецца.
Ён жа ўжо спрабаваў у 2021-м зрабіць выгляд, што недатычны да вар'яцкага наплыву мігрантаў на межы Беларусі з краінамі ЕС, але гэта не выратавала ад санкцый. Калі ж цяпер дыверсійна-выведвальныя групы вагнераўцаў пачнуць адсюль заходзіць на польскую або літоўскую тэрыторыю, адказ апынецца напэўна больш жорсткім.
Бо суседзям і ўсяму Захаду будзе абсалютна зразумела, што гэтыя ДРГ атрымалі ўзбраенне па адмашцы беларускага галоўнакамандуючага, што гэта беларускія вайскоўцы, памежнікі і спецслужбы дапамаглі прыгожынцам пратачыцца на чужую тэрыторыю ў самых уразлівых месцах. Рабіць выгляд, што ты не пры справах, тут будзе бескарысна. Больш за тое, менавіта Лукашэнка апынецца крайнім, а вось Пуцін і сапраўды можа прыкінуцца валёнкам.
Між тым расхлёбваць наступствы боесутыкненняў сваіх агрэсіўных гасцей з натаўцамі беларускаму кіраўніку напэўна не хочацца. Гэта ў Крамля фантомныя імперскія болі і глабальныя амбіцыі. А для Лукашэнкі галоўнае — каб не чапалі яго самадзяржаўе на «шматку зямлі», як ён называе Беларусь.
Так што правадыр спрабуе некалькі разрадзіць атмасферу (у сваім, вядома, духу) і паказаць уласную палітычную суб'ектнасць.
«Яны прывыклі выконваць загад». Чый?
Аказваецца, ён — вялікі гумарыст. 1 жніўня ў Камянецкім раёне Лукашэнка заявіў: «Я пажартаваў, што вагнераўцы паміж сабой шушукаюцца: на экскурсію ў Жэшуў сходзім».
Зрэшты, у сваім фірмовым стылі ўзаемавыключальных сцвярджэнняў прамоўца тут жа даў зразумець, што прыгожынцы сапраўды настроены ваяўніча, точаць зубы на Польшчу. І хай, маўляў, там «моляцца, што мы трымаем іх, яшчэ неяк забяспечваем. У адваротным выпадку яны без нас бы пратачыліся туды і ўламалі б так гэтаму Жэшуву і Варшаве, што мала б не падалося».
Дзівосная логіка: я перацягнуў гэтую, як вы яе называеце, тэрарыстычную арганізацыю да вашых межаў, але вы яшчэ мне павінны быць удзячныя.
Адначасна Лукашэнка не прамінуў казырнуць ядзернай зброяй, сказаўшы, што больш за палову той яго колькасці, якую дае Расія, ужо завезена і разгрупавана па краіне (ідзі правер). У дадатак і Астравецкая АЭС, маўляў, «вельмі моцны фактар бяспекі: калі ірване, не дай бог, то мала не падасца і там [у суседніх краінах NATO] у тым ліку».
Карацей, пагроз Лукашэнка зноў не пазбег, але акцэнты расставіў ужо інакш. Гэта хутчэй абарончыя заявы, чым наступальныя: «Мы ні да каго ў агарод не лезем, але і да нас, калі ласка, не лезьце». Іншымі словамі: не чапайце мой рэжым!
Гэтым разам кіраўнік не стаў залішне дэманізаваць заходніх суседзяў: «Палякі не дурні, там народ падобны на нас, яны ўзялі ў абарачэнне цяперашняе кіраўніцтва...» Перамяшчэнне часткі польскіх войскаў да мяжы з Беларуссю было грэбліва названае «мышкаваннем». Падумаеш, маўляў, «500 чалавек там перакінулі, 500 чалавек тут <...> Я не веру, што яны спрабуюць нас запалохаць».
Пагадзіцеся, вельмі кантрастуе з рэфрэнамі беларускіх генералаў пра ўзмацненне пагроз з боку NATO і ранейшымі заявамі самога Лукашэнкі, што польскія мілітарысты ляскаюць гусеніцамі і хочуць адхапіць палову Беларусі.
Пры гэтым у сюжэце з вагнераўцамі кіраўнік абмаляваў сябе ўжо поўным гаспадаром становішча, падкрэсліў, што кантралюе сітуацыю: «Знаходзячыся пад Асіповічамі, у цэнтры Беларусі, гэтыя хлопцы нікуды не імкнуцца. Яны прывыклі выконваць загад».
Пытанне, аднак, у тым, па чыім загадзе яны рушаць у гадзіну «Ч».
Наколькі суб'ектныя Прыгожын і Лукашэнка?
Нагадаю: пра тое, што місіяй перакінутых у Беларусь вагнераўцаў з'яўляецца прарыў у патрэбны момант Сувалкскага калідора (які ў Маскве прывыклі лічыць ахілесавай пятай NATO), заявіў не хто іншы, як кіраўнік камітэта Дзярждумы РФ па абароне, адстаўны генерал Андрэй Картаполаў.
Гэта значыць Лукашэнка, падкрэсліваючы цяпер, што яму гэты калідор тысячу гадоў не патрэбны, па сутнасці, уступае ў ўтоеную палеміку з маскоўскімі ястрабамі, хоча паказаць сваю палітычную суб'ектнасць. Заўважце: аўтары версій пра антынатаўскую місію прыгожынцаў у Беларусі гэтую суб'ектнасць Лукашэнкі ў разлік практычна не бяруць.
Наогул, у гэтых гіпотэзах ёсць шэраг уразлівых або спрэчных момантаў. Па-першае, сумнеўна, што сам бунт Яўгена Прыгожына быў тонкай інсцэніроўкай, каб перакінуць «Вагнер» у Беларусь для наступнай агрэсіі або дыверсій супраць краін NATO. Як гаворыцца ў старым анекдоце, гэта занадта складана для нашага цырка.
Цэлы шэраг фактаў, сімптомаў і ўцечак інфармацыі кажа пра тое, што расійскі прэзідэнт у момант бунту быў рэальна напалоханы і разгублены. У выніку ён панёс каласальныя іміджавыя страты. Нічога сабе тонкая інсцэніроўка!
Далей, Крэмль у адплату і, каб пазбегнуць рэцыдыву відавочна аслабляе, адціскае бізнес-імперыю Прыгожына. І вялікае пытанне, наколькі Пуцін цяпер можа загадваць свайму «былому кухару». Суб'ектнасць апошняга, мабыць, рана скідаць з рахункаў.
Так, ён і расійскі кіраўнік нібыта спрабуюць разруліць канфлікт па паняццях, але, хутчэй за ўсё, застаюцца ворагамі. І якая цікавасць Прыгожыну пасылаць сваіх байцоў на вар'яцкі штурм Сувалкскага калідора або ў смяротны паход на Варшаву, Жешуў? У выпадку такога глыбокага ўварвання няпрошаных гасцей даволі хутка ператвораць у фарш.
Хутчэй магчымыя хуткія гібрыдныя аперацыі ў чужым памежжы (пакашмарыць умоўны Цярэспаль) з верагоднасцю ацалець, уцячы назад, але ці будзе ад іх навар? Гаворка ж ідзе пра наймітаў, якія прывыклі рабіць сваю спецыфічную працу за вельмі добрыя грошы.
Дый сам Прыгожын — перш за ўсё бізнесмен. І ўжо ніяк не камікадзэ. Яму, мабыць, больш выгадна захаваць сваіх арлоў для праектаў у Афрыцы (ахова ўсялякіх там капален, алмазы, золата і іншае). Пра прыярытэт афрыканскага напрамку ён, уласна, і гаварыў у вядомай прамове ў лагеры пад Асіповічамі.
Лукашэнка ж сёння заявіў, што частку «гэтых хлопцаў» хоча пакінуць ва Узброеных Сілах Беларусі і, «адштурхваючыся ад іх, больш актыўна ствараць кантрактнае войска». Аднак беларуская казна наўрад ці настолькі багатая, каб аплачваць службу вагнераўцаў па звыклых ім стаўках.
Добра, дапусцім, наскрабуць па сусеках, каб некаторыя з гэтага кантынгенту сталі прафесіяналамі ў беларускім войску. Але вось разводзіць махноўшчыну, ператвараць ПВК у котку, якая гуляе па Беларусі сама па сабе, а тым больш аплачваць прарыў Сувалкскага калідора (і расплачвацца за гэтую авантуру постфактум) Лукашэнку дакладна не зацікаўлены. Між тым Пуцін даў зразумець, што ў Расіі прыгожынская ПВК знятая з забеспячэння. Дак за чый кошт мяркуецца банкет?
Увогуле, калі вагнераўцы сапраўды палезуць на Польшчу ці Літву, гэта будзе азначаць, што Крэмль а) можа імі безумоўна загадваць б) праплаціў іх дзеянні ў) сапраўды ператварыў Лукашэнку ў прыслужніка, які нічога не вызначае.
Інтрыга закручваецца.