«Які геастратэг, такія ў яго і элітныя верталётныя войскі»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» прызнаецца, што неяк згубіўся ў сённяшняй геапалітычнай сітуацыі. Але, па вялікім рахунку, згадвае пра закон Мэрфі, вядомы як «брытва Хэнлана»: «Не прыпісвайце злому намеру тое, што цалкам можна патлумачыць глупствам».

Фота з  bigpicture.ru

Фота з  bigpicture.ru

Ведаеш, вымушаны табе шчыра прызнацца: нешта я не разумею, што наогул адбываецца. Неяк геапалітычная сітуацыя моцна заблыталася.

Не, калі сёй-той распавядаў пра экскурсію наймітаў у Жэшуў і Варшаву, гэта было ўсё зразумела. Таму што дзе сёй-той, а дзе тая Польшча? Сёй-той ужо ўявіў сябе вялікай ядзернай дзяржавай. Што яму тая Варшава, калі ён у сябе ў тэлевізары мог ужо і Парыж узяць? Добра пагражаць чым-небудзь у бок NATO, пакуль NATO цябе не бачыць. Пагрозы ў бок NATO (пакуль NATO не бачыць) рэзка павышаюць самаацэнку свайго знешнепалітычнага статусу.

І калі сёй-той учора сказаў, што гэта ён так пажартаваў пра Варшаву і Жешуў, мне таксама ўсё адразу было зразумела. Гэта ж вялікая дыпламатыя і тонкая знешнепалітычная гульня. Таму што жарт меў занадта вялікі поспех, на які ніхто не разлічваў. Палякі для пачатку прыгразілі закрыць мяжу цалкам. Потым адправілі на гэтую мяжу дзве лішнія вайсковыя брыгады, каб было каму ацаніць пачуццё гумару. А яшчэ выставілі на мяжы снайпераў.

Але вы ведаеце, што сёй-той нічога не баіцца. Ні брыгад, ні снайпераў, ні палётаць на верталёце пасля таго, як дэманстранты сышлі. Таму пра вагнераўцаў, якія хочуць пагуляць у Варшаву, ён насамрэч пажартаваў. Ніхто нікуды гуляць не збіраўся. Але ён іх стрымлівае з апошніх сіл. Таму не чапайце мяне калі ласка, а то магу не ўтрымаць. Жалезная ж логіка.

А каб дакладна ніхто не крануў, нагадаў пра свой вялікі ядзерны статус. Таму што ядзерная ж дзяржава, блін. На ядзерную дзяржаву ніхто ніколі не нападаў. І цяпер ніхто не нападзе. Ты што? Хто ж будзе нападаць на ядзерную дзяржаву. Дакладна ніхто нападзе. Ну ядзерная ж дзяржава. Ну не могуць жа яны напасці.

Тыя, якія дакладна не могуць напасці, могуць, вядома, усумніцца ў актуальнасці новаздабытага ядзернага статусу. Дык на гэты выпадак у кагосьці ёсць сапраўдная атамная станцыя. Якая, калі што раптам, то мала не падасца. Усё роўна, улічваючы яе насычанае ўнутранае жыццё, карысць ад гэтай станцыі ёсць толькі ў сэнсе ядзернага стрымлівання.

Карацей, жарт я зразумеў. Не тупы. Потым, праўда, у Польшчу заляцелі два беларускія вайсковыя верталёты і мне зноў стала трошкі незразумела. Калі ты тлумачыш усім пра сваё тонкае пачуццё гумару, то навошта лётаць у Польшчу вайсковымі верталётамі?

Але потым асобныя экстрэмісты мне патлумачылі, што верталёты туды заляцелі незнарок. І мне зноў усё стала цалкам зразумела.

Таму што верталёты былі не проста так верталёты. Гэта былі элітныя верталётныя войскі, якія ахоўваюць вялікага геастратэга. А які геастратэг, такія ў яго і элітныя верталётныя войскі. Ну, заблукалі пацаны. З кім не бывае. Усё ж зразумела.

Але вось чаго я дакладна не магу зразумець, дык гэта чаму тыя трыста вагнераўцаў, якія хаваюцца ў беларускіх лясах з ліпеня дваццатага года, дагэтуль не выйшлі да людзей. Зусім ужо здзічэлі, ці што?