Klaipedos nafta: з лютага беларускую нафту і нафтапрадукты не плануюць экспартаваць праз Літву

Грузы з беларускай нафтай у лютым і наступных перыядах не выстаўленыя на экспарт праз нафтавыя тэрміналы, кіраваныя Klaipedos nafta, гаворыцца ў прэс-рэлізе літоўскай кампаніі.

klaipedosnafta_125803022021.jpg


Такім чынам, экспарт беларускай нафты і нафтапрадуктаў праз порт Клайпеды фактычна спынены, перадае naviny.online.

Дырэктар Klaipedos nafta Дарус Шыленскіс, чые словы прыводзіць прэс-служба арганізацыі, адзначыў, што 2021 год для кампаніі будзе няпростым. Паводле інфармацыі Літоўскага лагістычнага аператара, характар тэндэраў, абвешчаных беларускімі НПЗ у студзені, паказвае, што Клайпеда не згадваецца як магчымы варыянт для экспарту прадукцыі.

«У 2021 годзе мы не чакаем стабільнага патоку беларускіх нафтапрадуктаў праз тэрміналы Klaipedos nafta, а гэта непазбежна азначае далейшы ціск на вынікі дзейнасці кампаніі» — адзначыў яе кіраўнік.

Як паведамлялася, 28 жніўня, пасля прыняцця першага пакета санкцый ЕC, Лукашэнка заявіў, што даў даручэнне ўраду аб пераарыентацыі беларускіх гандлёвых плыняў з Літвы.

У снежні даччынае прадпрыемства Беларускай нафтавай кампаніі BNK (UK) Limited паведаміла аб часовым прыпыненні экспарту нафтапрадуктаў праз порт Клайпеды.

Аб тым, што Беларусь і Расія ў бліжэйшы час падпішуць міжурадавае пагадненне аб транспарціроўцы нафтапрадуктаў праз расейскія парты, паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка 26 студзеня ў Маскве па выніках перамоваў у расейскім урадзе.

Як чакаецца, прадукцыя беларускіх НПЗ будзе перавозіцца да партоў РФ чыгуначным транспартам. Тарыфы на чыгуначныя перавозкі будуць устаноўлены ў адпаведнасці з нацыянальнымі заканадаўствамі з улікам зніжак, якія прадстаўляюцца па рашэнні ААТ «РЖД» і Беларускай чыгункі. Бакі гарантуюць адсутнасць любога павышэння тарыфаў, за выключэннем штогадовай агульнай індэксацыі.

Сёння БЧ і РЖД падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Яно тычыцца арганізацыі руху цягнікоў, перадачы вагонаў, кантэйнераў, грузаў, выкарыстання інфраструктуры паміж перадаткавымі станцыямі.

Начальнік БЧ Уладзімір Марозаў і генеральны дырэктар ААТ «РЖД» Алег Белазёраў падпісалі дакумент падчас анлайн-сустрэчы, перадае REFORM.by.