«Калі засяваць поле насеннем нянавісці, ніколі не ведаеш, хто потым будзе збіраць ураджай»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» пачынае з жарту пра БелАЭС, але вельмі сур’ёзна непакоіцца за лёс Расіі. Таму што, на яго думку, першыя посвісты «расійскага бунту, бязлітаснага і бессэнсоўнага» мы ўжо пачулі ў падзеях на Каўказе.
Сёння, як ты разумееш, пачну з жарту. Нікуды не падзенешся. Беларускія ўлады збіраюцца запатрабаваць ад «Расатама» кампенсацыю за невыкананне тэрмінаў будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі.
Ну пажартаваў і хопіць. Цяпер сур'ёзна.
Усё ж такі майстэрства геапалітычнага прагнозу не прап’еш. Вось сказаў сёй-той у пятніцу, што Ізраіль не будзе рабіць у Газе наземную аперацыю, і Ізраіль у панядзелак пачаў рабіць у Газе наземную аперацыю. Трошкі не такую, як сабе думаў вялікі стратэг, але пачаў. Атрымалася нават лепш, чым з Трампам у Белым доме і Парашэнкам у прэзідэнтах Украіны.
Галоўнае ж — стратэг выразна патлумачыў Ізраілю, чаму Ізраілю не трэба рабіць наземную аперацыю. На пальцах літаральна патлумачыў. Таму што там жа ім будзе шалёны супраціў. Іх жа літаральна ўсіх пастраляюць. Ну, ніякай перспектывы ў наземнай аперацыі няма. Геастратэг сказаў. Геастратэг ведае. А ізраільская армія не ведае. Таму ачышчае паволі Газу ад ХАМАС.
І ведаеш, што я думаю? Я думаю, час ужо яму некаму напрарочыць што-небудзь грамадска карыснае. Ну, там, Пуціну здароўя і доўгіх гадоў жыцця. І сабе можна заадно. Многія потым сказалі б вялікае чалавечае дзякуй. Ну, можа не сказалі б, але дакладна падумалі. Таму што ў чым саюзнікі несумненна добрыя, дык гэта ва ўменні ствараць сабе нядобразычліўцаў.
Яшчэ, вядома, ва ўменні прадбачыць наступствы сваіх учынкаў. Ну, як з Кіевам за тры дні. Вось калі Пуцін прымаў у сябе ХАМАС, а расійскі тэлевізар альтэрнатыўна спачуваў Ізраілю, яны ж думалі, што расійскія грамадзяне будуць падзяляць падыходы сваёй улады да пытанняў блізкаўсходняга ўрэгулявання ў санкцыянаваных рамках. Ніхто ж не думаў, што расійскія грамадзяне на Каўказе пачнуць несанкцыянавана рэпеціраваць габрэйскія пагромы.
Вось што характэрна. У многіх краінах ёсць шмат людзей, часам карысных ідыётаў, часам проста ідыётаў, а часам зусім нават не ідыётаў, якія спачуваюць тэрарыстам. Але пры гэтым толькі ў Расіі справа дайшла да рэпетыцыі габрэйскіх пагромаў.
І вядома, расійская ўлада пасля гэтага апынулася ў некаторым... здзіўленні. Таму што людзі крыху больш адораныя, чым расійскі тэлевізар, яны ж разумеюць, што габрэйскія пагромы на Каўказе — гэта рэпетыцыя рускіх пагромаў на Каўказе.
Рускіх на Каўказе, зноў жа, і знайсці прасцей. Не трэба ў турбіны зазіраць. І прэтэнзій на Каўказе да рускіх, калі што, некалькі больш, чым да габрэяў. Ізраіль ад Дагестана далёка, а расійскае кіраўніцтва — блізка.
Калі засяваць поле насеннем нянавісці, ніколі не ведаеш, хто потым будзе збіраць ураджай.