Лепш на вайне, чым на радзіме. Беларусы адмаўляюцца эвакуявацца ў РБ нават з сектара Газа
Не менш чым шэсць грамадзян Беларусі адмовіліся ад эвакуацыі з сектара Газа па розных прычынах, паведаміў у эфіры беларускага ТБ чалавек у балаклаве, які быў падпісаны як «супрацоўнік КДБ Беларусі, удзельнік місіі выратавання».
«Там засталося каля шасці беларусаў, якія не выказалі жадання выходзіць з тэрыторыі сектара Газа па розных прычынах», — сказаў прадстаўнік КДБ.
Раней улады Беларусі паведамілі пра эвакуацыю 43 чалавек — грамадзян РБ і членаў іх сем'яў — з сектара Газа праз КПП «Рафах» у Егіпет пры ўдзеле КДБ.
Каля 25 чалавек былі затым дастаўлены ў Мінск эвакуацыйным рэйсам дзяржкампаніі «Белавія». Астатнія пасажыры — медыкі і псіхолагі з атрада МНС «Зубр», прапагандысты, і той самы невядомы мужчына ў балаклаве.
У самалёце, які быў адпраўлены на эвакуацыю — 189 месцаў.
«Вы гэта самастойна можаце праверыць — проста палічыце людзей на фота і відэа прапаганды. Іншымі словамі, блізу 18 чалавек, якія выбраліся з Газы ў Егіпет, не захацелі вяртацца ў Беларусь», — піша тэлеграм-канал «MotolkoHelp».
Варта адзначыць, раней пасольства Беларусі ў Ізраілі паведамляла, што па дапамогу звярнуліся каля 500 грамадзян Беларусі. Ізраіль узгадніў для Беларусі дазвол на палёт самалёта «Белавія», на якім з Ізраіля 6 лістапада на платнай аснове былі вывезены толькі 117 беларускіх грамадзян.