Зяленскі ўвёў санкцыі супраць беларускага паралімпійца Талая і яго фонда

Вядомы беларускі паралімпіец Аляксей Талай з'яўляецца генеральным дырэктарам расійскага дабрачыннага фонду «Павер у сябе». Гэтая арганізацыя займаецца незаконным вывазам украінскіх дзяцей у Беларусь.

dzeci_ukraina_1_1_logo.jpg.webp

Беларускі паралімпіец Аляксей Талай унесены ў санкцыйны спіс Украіны, вынікае з указа, падпісанага 18 лістапада прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, піша «Позірк».

Санкцыі будуць дзейнічаць пяць гадоў і ўключаюць 10 пунктаў, у тым ліку блакаванне актываў, спыненне гандлёвых аперацый, забарону на ўдзел у прыватызацыі, набыццё зямельных участкаў, перадачу тэхналогій, правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці.

Абмежавальныя меры закранулі таксама дабрачынны фонд імя Талая. Санкцыі дзейнічаюць тыя ж пяць гадоў і складаюцца з 14 пунктаў: блакаванне актываў, забарона на вывад капіталу з Украіны, аперацый з каштоўнымі паперамі, культурных абменаў, навуковага супрацоўніцтва, адукацыйных і спартыўных кантактаў, дзейнасці на тэрыторыі Украіны ў цэлым і інш.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) абвінавачвае паралімпійца ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.

У чэрвені НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд (МУС) дакументы з «доказамі ваенных злачынстваў» рэжыму ў Мінску, у тым ліку па перамяшчэнні дзяцей. У іх акрамя Талая фігуруюць Аляксандр Лукашэнка, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, кіраўнік «Беларуськалія» і член Савета Рэспублікі Іван Галаваты, а таксама дырэктар Данецкай грамадскай арганізацыі для дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў «Дэльфіны» Вольга Волкава.

Паводле матэрыялаў НАУ, гэтыя асобы «ўчынілі ваенныя злачынствы», якія выказаліся ў «незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь і іх пераадукацыі».

4 кастрычніка кіраўнік НАУ Павел Латушка заявіў, што «толькі з верасня 2022 года па травень 2023-га ў лагер «Дубрава» было дастаўлена не менш за 2.100 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў з 15 гарадоў Украіны».

Глядзіце таксама

У сакавіку 2023 года МУС выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна і расійскага дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай у сувязі з незаконным перамяшчэннем дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго, каб суд на тых жа падставах выдаў аналагічны ордэр на згаданых прадстаўнікоў Беларусі.

8 лістапада Пуцін падпісаў указ аб узнагароджанні Талая ордэнам Дружбы «за заслугі ва ўмацаванні дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі, плённую дзейнасць па збліжэнні і ўзаемаўзбагачэнні культур нацый і народнасцяў».

Беларускія ўлады заяўляюць, што прывозяць украінскіх дзяцей на аздараўленне.

Цікава, што раней Талай неаднаразова наведваў акупаваныя тэрыторыі Украіны, чым выхваляўся ў сваіх сацыяльных сетках, і адкрыта падтрымліваў агрэсію супраць Украіны. Але ў санкцыйныя спісы ён унесены толькі цяпер.

Глядзіце таксама