Будуць забіваць? Кныровіч — пра новы ўказ Лукашэнкі і рызыкі дэмакратычных лідараў за мяжой

Лукашэнка ўказам №344 ад 2 лістапада ўнёс змены ва ўказ №116 ад 25.03.2003 г. «Аб пытаннях знешняй разведкі». Цяпер у яе задачы ўваходзіць і «рэалізацыя папераджальных захадаў па недапушчэнні шкоды нацыянальным інтарэсам і бяспецы Рэспублікі Беларусь з боку спецыяльных службаў і арганізацый замежных дзяржаў, тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый, арганізаваных злачынных групаў і асобных асобаў». Якімі метадамі? Ды фактычна любымі, піша на «Белсаце» прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч.

marsz_adzinstva_6__9__log__logo.jpg.webp

Далейшыя пункты ўказу ўтрымліваюць настолькі расплывістыя фармулёўкі, што прыдумаць можна ўсё што заўгодна і гэта што заўгодна ўлезе ў рамкі заканадаўства. Пры чытанні дакумента ў галаве ўсплываюць карцінкі не такога ўжо далёка мінулага: ледасек, які тырчыць з галавы Льва Троцкага (Мексіка, 1940 год), або страляе цыяністым каліем пісталет, з якога быў забіты Сцяпан Бандэра (Нямеччына, 1959 год). Гэта эпізоды барацьбы з «экстрэмістамі і тэрарыстамі», якімі ганарацца спецслужбы краінаў, якія не разарвалі сувязь з савецкім мінулым, у тым ліку і чырвона-зялёнай Беларусі.

Ці магчыма такое сёння? Вядома! Што ж іх спыніць… Страх, які адчулі гэтыя хлопцы ў 2020 годзе, нікуды не знік. Яны на чале з грамадзянінам Лукашэнкам ведаюць, што яны ў меншасці і што ўтрымліваюць уладу выключна з дапамогай АМАПу і ГУБАЗіК. Ведаюць. А былі ж спадзевы, што ўсё будзе як раней — як пасля 2006-га, 2010-га, 2015-га. Ну, пабузяць месяц-другі пасля выбараў, а далей усё само неяк наладзіцца. Realpolitik. Не наладзілася, не рассмакталася.

На носе выбары ў як бы парламент, а супраць рэжыму гуляюць дзясяткі тысяч беларусаў, якія зрабілі гэта сваёй прафесійнай дзейнасцю — палітыкі, НДА, СМІ. У спісе экстрэмісцкіх рэсурсаў ужо тысячы найменняў і працэс не сканчаецца. І Захад, той самы мяккацелы і на ўсе згодны Захад, пакуль не зрушыўся ні на сантыметр у справе прызнання легітымнасці самай справядлівай і самай народнай улады ў свеце. Таму вось гэткія ўказы.

Ці атрымаецца нешта ў іх? Ёсць тут дзве акалічнасці.

Глядзіце таксама

Першая. Сённяшняя афіцыйная Беларусь не Савецкі Саюз. Гэта імітацыя, ва ўсіх галінах, уключаючы барацьбу са знешнімі ворагамі. І КДБ, і разведка — такія ж ведамствы, як былі тады, але толькі па назве. Унутры ўсё тое ж самае, што ў беларускіх калгасах, на МАЗе ці БТ. Труха і ашуканства, імітацыя бурнай дзейнасці. І асобныя поспехі, накшталт кейсу «Чорнай кнігі Беларусі» або арыштаў пасля выхаду фільма пра беларускія пратэсты, сведчаць не пра сілу спецслужбаў, а пра негатоўнасць «экстрэмістаў і тэрарыстаў» да такога ўзроўню — дна. Не больш.

Другая. Сама філасофія сённяшняга рэжыму будуецца вакол асобы. У іх ёсць Лукашэнка, і яго смерць або любы іншы сыход са сцэны азначае канец іх свету. І менавіта гэтую логіку яны пераносяць на ворага, на суперніка. Маўляў, трэба ліквідаваць асобныя фігуры — Ціханоўскую, Латушку або Пазняка і іхні жах, іхні страх скончыцца. Гэта, вядома, перанос, так не працуе. Менавіта таму, што пытанне сёння не ў асобе. У гэтым і слабасць дэмакратычнага руху, і яго моц.

Таму спробы зладзіць «паказальныя мерапрыемствы», безумоўна, будуць і разлічваць, што ў Лукашэнкі дзесьці ўнутры заляжаліся маральныя арыенціры, не даводзіцца, там цемра і толькі адно імкненне захаваць уладу, для яго гэта пытанне фізічнага выжывання. Будуць спробы і ў іх; памятаючы пра кейс ЧКБ, трэба быць гатовым і паклапаціцца пра бяспеку лідараў дэмакратычнага руху ўсур’ёз.

Але ў цэлым шанцаў у іх — нуль. Гэтыя хлопцы змагаюцца не з «экстрэмістамі і тэрарыстамі», а з часам, спрабуюць пакінуць Беларусь у мінулым, у тым ліку і цалкам варварскімі метадамі.

Яны дакладна прайграюць. А нам трэба проста добра рабіць сваю працу.