Пуцін аддаў уладам Масквы друкарні «Amedia», якія сама кампанія хацела перадаць Дзмітрыю Муратаву
Пуцін перадаў уладам Масквы сетку друкарняў нарвежскага холдынга «Amedia». Кампанія планавала перадаць іх Дзмітрыю Муратаву, галоўнаму рэдактару «Новай газеты», лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін перадаў у часовае кіраванне ўрада Масквы сетку друкарняў «Прайм прынт», якая належыць нарвежскаму холдынгу «Amedia». Адпаведны ўказ апублікаваны на партале прававой інфармацыі.
У верасні долі ў пяці з шасці друкарняў «Прайм прынт» перайшлі пад кіраванне «Росимущества».
У красавіку 2022 года холдынг абвясціў, што сыдзе з Расіі і перадасць поўны кантроль над сваімі друкарнямі на той момант галоўнаму рэдактару «Новай газеты», лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Дзмітрыю Муратаву, які ў пачатку верасня быў прызнаны Мінюстам РФ замежным агентам.
Паведамлялася, што Муратаў атрымае поўны кантроль над дзейнасцю чатырох друкарняў у Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Екацярынбургу і Чалябінску. Лёс яшчэ двух друкарняў, у якіх холдынг не валодаў 100% доляй, планавалася вырашыць сумесна з расійскімі мінарытарнымі акцыянерамі.
«Больш мы не можам несці адказнасць за гэты выдатны актыў. Нашы планы былі іншыя: ажыццявіць продаж друкарняў з дысконтам і растэрміноўкай на пяць гадоў стваральнікам друкарняў — кіраўнікам і рабочым калектывам з умовай захавання профілю прадпрыемстваў і працоўных месцаў. Ніякага ўплыву на друкарні (што і каму друкаваць) мы не маем», — пракаментаваў перадачу друкарняў прадстаўнік «Новай газеты».
Таксама нарвежская кампанія паведаміла тады ж, у красавіку 2022 года, што спісала балансавы кошт бізнесу ў памеры 38 мільёнаў нарвежскіх крон (4,3 мільёна долараў) да нуля. «Сродкі ад магчымага будучага продажу [друкарняў] будуць накіраваны на падтрымку працы незалежных СМІ ў Расіі», — гаварылася ў рэлізе «Amedia».
«Amedia» — другая па велічыні медыякампанія ў Нарвегіі. Яна валодае ў тым ліку некалькімі дзясяткамі мясцовых газет, друкарнямі і навінавым агенцтвам.
Мінюст прызнаў Муратава замежным агентам 1 верасня. Па версіі ведамства, журналіст удзельнічаў у «стварэнні і распаўсюджванні матэрыялаў замежных агентаў, а таксама распаўсюджваў на замежных пляцоўках меркаванні, накіраваныя на фарміраванне негатыўнага стаўлення да знешняй і ўнутранай палітыкі Расіі». Муратаў мае намер аспрэчыць статус замежнага агента ў судзе, на час разглядаў ён пакінуў пасаду галоўнага рэдактара «Новай газеты», яго абавязкі выконвае Сяргей Сакалоў.
Указ, які дазваляе расійскім уладам фактычна нацыяналізаваць актывы замежных кампаній у РФ, быў падпісаны Уладзімірам Пуціным у красавіку 2023 года. Гэтую пастанову патлумачылі адабраннем расійскіх актываў за мяжой.
У ліпені ўлады РФ перадалі ў часовае кіраванне «Росимуществу» долі замежных акцыянераў піваварнай кампаніі «Балтыка» і канцэрна «Danone». Гендырэктарам ТАА «Данон Расія» стаў пляменнік кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава Якуб Закрыеў, які ўзначальвае Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі. ТАА «Піваварная кампанія «Балтыка» ўзначаліў Таймураз Балоеў, які кіраваў «Балтыкай» з 1991 па 2004 год.
Паводле www.forbes.ru, meduza.io