Аляксандр Фрыдман: Арменія ў АДКБ выбрала стратэгію ўнутранага сабатажу
Арменія не збіраецца сыходзіць з АДКБ, але і не збіраецца ўдзельнічаць у працы блока. Тым самым яна прадэманстравала Захаду сваю пазіцыю і жадае заахвоціць Захад да больш шчыльнага супрацоўніцтва.
Гадавое старшынёўства Лукашэнкі ў АДКБ магло б завяршыцца куды больш прыемна, калі б Арменія не падкінула вельмі горкі сюрпрыз. Афіцыйны Ерэван адмовіўся прымаць удзел у саміце, бо АДКБ не дапамог Арменіі падчас вайны ў Нагорным Карабаху.
Лукашэнка і ягоныя госці пастараліся не акцэнтаваць увагу на дэмаршы Арменіі. Але ў Ерэване вырашылі паказаць сваё стаўленне да саюза: не трэба ворагаў, калі ў цябе падобныя саюзнікі.
Што паўплывае дэмарш Арменіі на будучыню АДКБ? Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Лукашэнка як гаспадар саміту, які кіраваў АДКБ цэлы год, паспрабаваў зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Хаця менавіта за яго старшынёўствам узнік крызіс, звязаны з Арменіяй, а ў Мінск завітаў уласнай персонай нячасты госць — Пуцін. Цяпер прапаганда закідвае публічную прастору пустымі здымкамі, якія, дарэчы, паказваюць саміт не ў лепшым выглядзе. А здымкі падчас кулуарных сустрэчаў і размоваў паказваюць, што Такаеў адсутнічае: усе яшчэ заставаліся ў Мінску, фармальна-нефармальна размаўлялі, а Такаеў ужо з’ехаў, і з’ехаў першым. І прыехаў за некалькі гадзін да саміту. А галоўная персона ўчорашняга саміту, на мой погляд, менавіта Такаеў.
Для Лукашэнкі саміт пачаўся яшчэ 22 лістапада: два госці прыехалі менавіта пазаўчора, Лукашэнка сустракаўся і размаўляў з прэзідэнтам Кыргызстана Жапаравым і сваім старым сябрам Рахмонам. Дарэчы, Рахмон узначальвае Таджыкістан з 1992 года — гэта адзіны кіраўнік на постсавецкай прасторы, які пераўзыходзіць Лукашэнку па працягласці ўтрымання ўлады.
Але ж ні Кыргызстан, ні Таджыкістан не граюць першую скрыпку ў АДКБ. Такаеў прыляцеў 23 лістапада, і ў той жа дзень першым і з’ехаў. Пуцін таксама прыляцеў 23 лістапада. Ні Такаеў, ні Пуцін не мелі асабістых сустрэч з Лукашэнкам.
Нават з тых відэаўрыўкаў, якія распаўсюдзіў «Пул першага», відаць, што ніякія лёсавызначальныя падзеі не абмяркоўваліся. Лукашэнка, зразумела, адрапартаваў, што ўсю праграму выканалі — ахвочых пярэчыць яму не знайшлося. Дэмарш Арменіі ўдзельнікі сустрэчы вынеслі за дужкі, вырашылі пра гэта ўвогуле не гаварыць. Сцяг Арменіі быў, а прадстаўнікоў Арменіі не было, як не прагучала тлумачэнняў наконт таго, чаму Арменія не ўдзельнічае ў саміце.
Выступ Лукашэнкі быў пабудаваны па традыцыйным узоры: канфлікт на Блізкім Усходзе, рыторыка, якая пераклікаецца з выказваннямі Пуціна на гэтым тыдні. Праўда былі і адрозненні: калі Пуцін казаў пра жудасныя падзеі ў Газе і рэзка крытыкаваў Ізраіль, то Лукашэнка не дазволіў сабе прамых нападаў на Ізраіль. Затое Лукашэнка абрынуўся на Злучаныя Штаты і Еўропу: ворагі вакол, трэба абараняцца, гуртуймася разам, нас у спакоі не пакінуць.
Дарэчы, адносіны да агрэсіўнай рыторыкі Лукашэнкі дэманструюць выразныя паводзіны Такаева, які падчас гэта спіча глядзеў у стол. А пазней кіраўнік Казахстана выказаўся на адрас Лукашэнкі і Пуціна прама: хопіць ужо пужаць пагрозамі. Канешне, Такаеў дыпламат, таму акуратна і без перабольшанняў, без персанальных нападак на Лукашэнку выказаў сваё стаўленне да гэтай сустрэчы. А ягонае знікненне амаль адразу пасля сустрэчы, не палічыўшы нават патрэбным сустрэцца з Лукашэнкам, гаворыць не на карысць Лукашэнкі.
Гісторыя з Пуціным таксама адметная: прыляцеў 23 лістапада і ў той жа дзень паляцеў. Відавочна, спяшаўся. У афіцыйных беларускіх паведамленнях не было нічога пра двухбаковую сустрэчу. А прылёт Пуціна ў любую краіну, у Беларусь тым больш, падзея надзвычайная — пасля выдачы ордара на арышт. А тут — прыляцеў у Мінск, на саміце пасядзеў, а на Лукашэнку часу не знайшоў. І прыйшлося Лукашэнку паказваць, хто ў хаце гаспадар: з Жапаравым, Рахмонам развіталіся, яны з’ехалі з мерапрыемства. А Лукашэнка скочыў у машыну Пуціна сам, каб правесці трохі часу сам-насам.
Не думаю, што Пуцін радаваўся кампаніі Лукашэнкі, хутчэй, Лукашэнка як гаспадар вырашыў удзяліць яму асаблівую ўвагу. А можа, заадно і выцягнуць нешта з яго, скажам, яшчэ адзін крэдыт. Лукашэнку не напружвае, што такія паводзіны не маюць нічога агульнага з дыпламатычным пратаколам. І хоць прапаганда падае гэтае відэа як пацвярджэнне асаблівага даверу, насамрэч гісторыя для Лукашэнкі дрэнна папахвае: не знайшоў Пуцін часу на Лукашэнку, не застаўся пачаёўнічаць. Сам Лукашэнка, калі яго выклікае Пуцін, па першым патрабаванні нясецца ў Расію і знаходзіцца там столькі, колькі патрэбна. А калі ў наступным месяцы Пуцін выкліча Лукашэнку да сябе, гэта будзе выглядаць вельмі смешна: была магчымасць паразмаўляць у Мінску, «павырашаць» праблемы, але Пуціну было не да таго.
Было многа паказнога і пафаснага, але па сут насці нічога мы не ўбачылі і не пачулі. У наступным годзе старшыняваць у АДКБ будзе Казахстан, думаю, гэтая структура будзе паводзіць сябе яшчэ больш ціха.
Арменія не збіраецца сыходзіць з АДКБ, але і не збіраецца ўдзельнічаць у працы блока. То бок Арменія выбрала стратэгію ўнутранага сабатажу.
— Чым выкліканы спешны ад’езд удзельнікаў саміту АДКБ: бессэнсоўнасцю самога мерапрыемства ці таксічнасцю фігуры Лукашэнкі?
— Трэба ўлічваць неасавецкі сімвалізм. Раней сустракаліся ў межах Варшаўскай дамовы, у рамках іншых фарматаў, размаўлялі, рабілі прыгожыя здымкі. А самі сустрэчы насілі чыста фармальны характар, на якіх нічога сур’ёзнага не адбывалася. Але вось сустрэліся — і прадэманстравалі ўсяму свету сваё адзінства. А калі не сустрэнемся, то зноў пачуем на свой адрас, што ўсё дрэнна, што паўсюль разлад, што мы не ладзім паміж сабой, што паміж намі канфлікты. Сустрэцца неабходна, але такі фармат нічога не дае: абсалютна мёртвы фармат, ад якога ніводзін бок не выйграе.
Бачна, што супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй ідзе ў рамках «саюзнай дзяржавы», а не ў межах АДКБ. А фармат АДКБ іншых удзельнікаў не цікавіць: АДКБ не спрацавала падчас вайны ў нагорным Карабаху, і толькі трошкі спрацавала ў Казахстане. Цяпер жа Казахстан, пераймаючы старшынёўства, кажа: будзем змагацца з крыміналам, з наркатрафікам — бліжэйшы год для АДКБ гэта галоўныя заяўленыя мэты. А гэта зусім не тое, чаго чакаюць Лукашэнка і Пуцін.
Таму сустрэліся, адбылі нумар, паціснулі адзін другому рукі, зрабілі адносна прыгожыя фотаздымкі — і раз’ехаліся. А навошта час марнаваць? Думаю, Пуцін меў зусім іншую праграму, не хацелася яму бавіць час у кампаніі з Лукашэнкам. Акрамя таго, думаю, Пуцін і жадае спыняцца, тым больш начаваць у чужой краіне — для яго гэта рызыкоўная гісторыя.
Астатнія прыляцелі ў Мінск, паўдзельнічалі ў форуме і сустрэліся з Лукашэнкам. Калі ўжо дыктатары сустрэліся, то чаму б не пагаварыць пар свае дыктатарскія справы? А Такаеў адназначна паказаў, што яго АДКБ не цікавіць.
Таксічнасць Лукашэнкі… Не думаю, што Такаеў моцна перажывае за тое, што на Захадзе не так успрымуць сумесны здымак з Лукашэнкам. Тут абсалютна прагматычны падыход: а навошта марнаваць час?
— Ці атрымае працяг дэмарш Арменіі?
— Арменія будзе паводзіць сябе так, як і паводзіць: яна не будзе радыкальна разрываць адносіны (пакуль няма сэнсу ў тым), а будзе займацца лёгкім сабатажам. Арменія прадэманстравала Захаду сваю пазіцыю і тым самым жадае заахвоціць Захад да больш шчыльнага супрацоўніцтва. Таму Арменія і надалей будзе займацца такім лёгкім сабатажам, калі не адбудзецца нейкі форс-мажор.