У Лукашэнкі праблемы з Такаевым: той яго пастаянна троліць і прыніжае

Саміт АДКБ, які прайшоў 23 лістапада ў Мінску, прадэманстраваў, што ў Аляксандра Лукашэнкі няма дастатковага аўтарытэту не толькі ў вачах прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, які адмовіўся прылятаць у беларускую сталіцу праз тое, што хаўруснікі не дапамаглі Ерэвану ў канфлікце з Баку.

Скрыншот відэа СТВ

Скрыншот відэа СТВ


Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў не пасаромеўся публічна пакрытыкаваць Лукашэнку за ягоныя заклікі разам супрацьстаяць Захаду. «Пагрозы існавалі заўсёды. Такая сутнасць міжнароднай супольнасці. Частыя заявы на гэтую тэму спараджаюць ілюзію, быццам мы кагосьці баімся», — адзначыў Такаеў. На яго думку, «падобныя заявы могуць таксама атрымаць і, падобна, ужо атрымліваюць зусім няслушную інтэрпрэтацыю».

Крытычныя выказванні ў адрас Лукашэнкі з боку Такаева прагучалі не ўпершыню. UDF нагадвае пра няпростыя моманты ў іх адносінах.

Як Такаеў адмовіў Беларусі ў казахстанскай нафце

Такаеў стаў прэзідэнтам Казахстана ў 2019 годзе. З таго моманту Лукашэнка некалькі разоў спрабаваў наладзіць пастаўкі казахстанскай нафты ў Беларусь, жадаючы, каб на Расію, праз якую мог бы пайсці транзіт, ціснулі б і хаўруснікі.

Але Такаеў ідэю кіраўніка Беларусі не падтрымаў, не ўбачыўшы ў ёй перспектывы для сваёй краіны. Лукашэнка параілі дамаўляцца наўпрост з казахстанскімі кампаніямі і РФ — з гэтага, вядома, нічога не атрымалася.

Такаеў працягнуў выбудоўваць адносіны з Захадам, пакуль Лукашэнку каралі санкцыямі

Сур'ёзныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі сталі ўводзіць з сярэдзіны 2021 года пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску і штучна створанага міграцыйнага крызісу на межах Беларусі з ЕС.

У канцы таго года Лукашэнка ледзь не лямантаваў на анлайн-саміце ЕАЭС: «Вас будуць настройваць супраць Беларусі, каб вы падключыліся да гэтых санкцый супраць нашай краіны. Мая просьба, каб мы былі разам, таму што гэты ціск будзе нарастаць... Відавочна, што рэальная мэта Захаду палягае ў метадычным знішчэнні канкурэнтаў. Гэтая сітуацыя наглядна прадэманстравала, што сяброў у нас там няма. Таму мы павінны разлічваць толькі на свае сілы».

Гэтыя словы Лукашэнка Такаеў нібы прапусціў міма вушэй: прэзідэнт Казахстана рэгулярна сустракаецца з заходнімі лідарамі, не спрабуючы ўставіць слоўца за свайго саюзніка па ЕАЭС і АДКБ.

Глядзіце таксама

Жарт Такаева на адрас Лукашэнкі на саміце СНД

У кастрычніку 2022 года на саміце СНД адбыўся цікавы дыялог паміж кіраўнікамі Беларусі і Казахстана. Калі Такаеў прапанаваў прыступіць да працэдуры падпісання дакументаў, Лукашэнка на правах старажыла спытаў у яго, чаму той не абвясціў, што пасада выканаўчага сакратара СНД змяняецца на генеральнага сакратара СНД: «Касым-Жамарт Кемелевіч, а што вы не абвясцілі? Мы генеральнага сакратара абралі, а вы не абвясцілі».

Такаеў за словам у кішэню не палез, сказаўшы з усмешкай: «Аляксандр Рыгоравіч, у вас цяпер любімы занятак крытыкаваць старшыню?».

Спрэчкі на II Еўразійскім эканамічным форуме

Больш за ўсё прэзідэнт Казахстана дазволіў сабе ў дачыненні да кіраўніка Беларусі ў траўні бягучага года на II Еўразійскім эканамічным форуме. У сваім выступленні Такаеў акрэсліў праблему ў існаванні ў рамках ЕАЭС Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

«У сусветнай палітычнай гісторыі створаны ўнікальны прэцэдэнт або феномен, як хочаце. Стварэнне дзяржавы па формуле: дзве краіны — адна дзяржава, з адзінай палітычнай, юрыдычнай, ваеннай, эканамічнай, валютнай, культурнай, гуманітарнай прасторай, з адзіным саюзным урадам, з адзіным саюзным парламентам. Ну, я прашу прабачэння, і нават ядзерная зброя адна на дваіх цяпер... Таму ёсць іншы ўзровень інтэграцыі, прадстаўленай Казахстанам, Кыргызстанам, Арменіяй. І з гэтай рэальнасцю нам трэба лічыцца. Як мы будзем працаваць у гэтых умовах?» — сказаў Такаеў.

Глядзіце таксама

Мяркуючы па наступным выказванні прэс-сакратара прэзідэнта Казахстана, Такаеў меў на ўвазе наступнае: інтэграцыя ў рамках ЕАЭС можа і павінна ісці выключна па эканамічным трэку, а не па палітычным або ідэалагічным.

Але крыўдней за ўсё Лукашэнку павінна было быць у выступе калегі тое, што Такаеў, па сутнасці, адмовіў Беларусі ў палітычнай суб'ектнасці («дзве краіны — адна дзяржава»). Зрэшты, палітык зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў і прапанаваў Такаеву ўступіць у Саюзную дзяржаву, калі той хоча атрымаць ядзерную зброю.

«Я па вартасці ацаніў яго жарт», — адрэагаваў у каментары журналістам Такаеў, прыпячатаўшы калегу.

Агулам жа смелыя паводзіны Такаева ў дачыненні да Лукашэнкі не дзіўныя. Казахстану нашмат больш важныя адносіны з Захадам, чым з Беларуссю. І калі ўжо Такаеў не баіцца адстойваць свае пазіцыі ў адносінах з Уладзімірам Пуціным (напрыклад, не падтрымлівае яго вайну супраць Украіны, выступае ў прысутнасці прэзідэнта РФ на казахскай мове), то зразумела, што ў вачах Такаева аўтарытэт у Лукашэнкі невялікія, бо той усё больш выступае ў ролі марыянеткі прэзідэнта РФ.