Банк Расіі абараняе Мінфін Беларусі ад расійскіх трымальнікаў еўрааблігацый

Банк Расіі распрацаваў механізм, які дазволіць расійскім інвестарам атрымаць даход па намінаваных у доларах еўрааблігацыях Беларусі ў беларускіх рублях праз нацыянальны разліковы дэпазітарый. Але адна з умоў — вельмі дзіўная.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1_logo.jpg

«Небанкаўская крэдытная арганізацыя — акцыянернае таварыства “Нацыянальны разліковы дэпазітарый” для гэтага складзе спіс уладальнікаў еўрааблігацый, якія пагашаюцца, і накіруе яго ў цэнтральны дэпазітарый Рэспублікі Беларусь. Інвестару са свайго боку неабходна падаць у гэты дэпазітарый заяву, якая ў тым ліку павінна ўтрымліваць адмову ад прэтэнзій да эмітэнта», — паведаміў рэгулятар.

Для атрымання выплаты расійскі інвестар павінен пацвердзіць свой дружалюбны статус і факт валодання каштоўнай паперай на 6 верасня 2022 года і на дату яе пагашэння.

«Гэта дасць магчымасць Мінфіну Рэспублікі Беларусь пасля праверкі дакументаў накіраваць грашовыя сродкі ў НКА АТ НРД для наступнай перадачы іх інвестарам праз ланцужок расійскіх дэпазітарыяў», — сказана ў паведамленні.

Праўда, у паведамленні не сказана, што будзе, калі Мінфін РБ у чарговы раз адмовіцца ад гэтых выплат ці зробіць працэдуру настолькі забюракратызаванай, што яе выкананне будзе немагчымае. Пры гэтым «адмова ад прэтэнзій да эмітэнта» будзе ўжо падпісаная.

Глядзіце таксама

Нагадаем, летась урад Беларусі прыняў рашэнне рабіць выплаты па еўрабондах у беларускіх рублях на рахункі ў «Беларусбанку», бо праз санкцыі плацяжы перасталі праходзіць праз заходнюю інфраструктуру. Найбуйнейшыя міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы прыраўнялі такое рашэнне да дэфолту па гэтых выпусках еўрааблігацый.

Многія расійскія інвестары сутыкнуліся з праблемамі пры атрыманні выплат у новым парадку. Адной з асноўных стала пацвярджэнне правоў трымальнікаў аблігацый. У верасні гэтага года ў парадак былі ўнесены змены, аднак пакуль яны не пачалі працаваць у поўнай меры.

У кастрычніку ініцыятыўная група расійскіх трымальнікаў еўрабондаў накіравала ў дзяржорганы Расіі ліст з просьбай перагледзець падыходы да міждзяржаўнага крэдытавання Беларусі, а таксама закрыць для яе доступ да расійскага рынку капіталу да выканання ўсіх абавязацельстваў па еўрааблігацыях. У ініцыятыўную групу, паводле звестак расейскіх СМІ, уваходзяць 200 чалавек і 30 арганізацый, якім належаць аблігацыі на 200 млн долараў.

Да гэтага некалькі інвестараў спрабавалі судзіцца з беларускім Мінфінам у расійскім судзе, але ім было адмоўлена ў разглядзе справы па сутнасці з-за непадведамаснасці беларускага Мінфіна расійскаму суду.

Ініцыятыўная група таксама гатова звярнуцца з пазовам з нагоды беларускіх еўрабондаў у Лонданскі міжнародны арбітраж.

Паводле АФН

Глядзіце таксама