Расійскі суд паслаў трымальніка беларускіх еўрааблігацый у Мінск

Падобна, што расійскія суды не хочуць звязвацца з прэтэнзіямі шматлікіх суайчыннікаў — трымальнікаў неаплачаных еўрааблігацый Мінфіна Беларусі. У жніўні аднаму з іх пазоў быў вернуты: яму рэкамендавалі судзіцца ў Мінску або Лондане.

_hroszy___deficyt___infljacyja___fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Пазоўнікам выступіў кемераўскі індывідуальны прадпрымальнік Ігар Пракудзін. Ён вядомы тым, што ў 1991-1995 гадах быў першым намеснікам кіраўніка Кемераўскай вобласці, а потым, да 2019-га, валодаў кантрольным пакетам Кузбаскай паліўнай кампаніі, піша «Беларусы і рынак».

Пракудзін хацеў судзіцца не з беларускім Мінфінам, а з «Беларусбанкам» і яго былым плацежным агентам — лонданскім аддзяленнем Citibank. Пазоўнік палічыў, што Мінфін свае абавязкі ў выплаце купоннага даходу выканаў, бо залічыў сродкі на асобны банкаўскі рахунак у «Беларусбанку». І менавіта апошні і Citibank нясуць адказнасць за тое, што належны Пракудзіну аб'ём сродкаў усё яшчэ не пералічаны пазоўніку на яго рахунак у Расіі.

Як вынікае з матэрыялаў справы, Пракудзін з'яўляецца ўладальнікам 5200 бездакументарных працэнтных аблігацый Мінфіна BLR-2026 (стаўка купона 5,875%). У пазове інвестар патрабаваў спагнання з гэтых банкаў пералічанага яму купона ў памеры 429,6 тысяч рублёў і набеглай да моманту падачы пазову пені на суму амаль 14 тысяч рублёў. Усяго, такім чынам, каля 150 тысяч долараў у эквіваленце.

Кемераўскі суд адхіліў матывіроўкі пазоўніка пра тое, што яму не з рукі судзіцца ў «недружалюбнай» Вялікабрытаніі, дзе супраць расійцаў дзейнічаюць «абмежавальныя меры», якія ствараюць «перашкоды ў абароне яго правоў», і пра тое, што парушаны яго правы як уласніка «ў сувязі з аблігацыямі, улік якіх ажыццяўляецца ў банку на тэрыторыі РФ». І парэкамендаваў судзіцца ў адпаведнасці з праспектам каштоўных папер — альбо ў Лондане, альбо ў Мінску.

Гэтага, дарэчы, дамагаецца і Мінфін Беларусі. Яго прадстаўнік настойваў на гэтым па справе іншага незадаволенага расійскага інвестара Аляксандра Марчанкі. Пазоў апошняга, які нядаўна актыўна абмяркоўваўся ў СМІ, усё ж такі быў прыняты ў вытворчасць і па сутнасці будзе разгледжаны ў Маскоўскім гарадскім судзе ў пачатку верасня.

Глядзіце таксама

Нагадаем, што беларускі Мінфін, пачынаючы з мінулага года, упарта працягвае выплачваць знешнія даўгі і працэнты па іх у беларускіх рублях на рахунак у «Беларусбанку», тлумачачы гэта ўведзенымі супраць краіны санкцыямі. Напрыклад, у жніўні гэтага года Міністэрства фінансаў адсправаздачылася аб выплаце працэнтаў па еўрабондах Belarus-2026 і Belarus-2031 у памеры 38,6 млн долараў. Але, замест указаных у дакументах долараў, грошы ў беларускіх рублях перавялі на спецыяльны рахунак у «Беларусбанку», доступ да якога адкрыты для плацежнага агента Citibank N.A. London Branch, які, са свайго боку, яшчэ летам 2022 года адмовіўся быць плацежным агентам, што абслугоўвае Беларускія еўрабонды.

Паколькі выплата ажыццяўлялася ў беларускіх рублях, грошы так і не пакінулі меж краіны.

Найбуйнейшыя рэйтынгавыя агенцтвы свету палічылі выплату па еўрабондах у валюце, адрознай ад намінаванай у аблігацыях (беларускімі рублямі замест долараў ЗША) дэфолтам Беларусі па еўрааблігацыях.

Сёлета стала вядома, што расійскія трымальнікі еўрааблігацый, якія набылі папер на $500 млн, не могуць забраць свае грошы нават у беларускіх рублях, у сувязі з чым падавалі ў расійскія суды пазовы на Міністэрства фінансаў Беларусі.

«Расія чакае ад Беларусі выплат па еўрабондах расійскім інвестарам. Банк Расіі праводзіць кансультацыі з Мінфінам Беларусі, каб забяспечыць атрыманне выплат па беларускіх еўрабондах трымальнікамі, чые правы ўлічваюцца расійскімі дэпазітарыямі», — заяўляла на прэс-канферэнцыі ў чэрвені старшыня расійскага Цэнтрабанка Эльвіра Набіуліна.