«Заробкі настаўнікаў на траціну ніжэйшыя, чым сярэдняя заработная плата па краіне»

На сферу адукацыі ў 2023 годзе дзяржава выдаткоўвае 16% ад кансалідаванага бюджэту. Гэта вельмі шмат — больш за 10 млрд рублёў. Але заробкі настаўнікаў традыцыйна плятуцца ў самым нізе топаў па галінах і ніжэйшыя на траціну, чым сярэдняя заработная плата па краіне.

imgl0337__1__logo_1_logo.jpg_logo_1_logo.webp

На пачатку навучальнага года праект «Нашы грошы» вырашыў паглядзець, што цяпер адбываецца ў краіне з вышэйшымі, сярэднімі і дашкольнымі ўстановамі адукацыі. На жаль, радавацца няма чаму. Адукацыя цяпер — адна з самых дэпрэсіўных сфер, і прасвету наперадзе не відаць.

Для пачатку давайце паспрабуем акінуць поглядам усю галіну. У першую чаргу варта адзначыць, што яна — адна з самых шматлюдных. Ва ўстановах адукацыі вучацца прыблізна 1,87 млн чалавек, а гэта — 20% насельніцтва краіны.

Пры гэтым школьнікаў у краіне больш за мільён, 378 тысяч дзяцей ходзяць у дзіцячыя сады, 228 тысяч студэнтаў вучацца ў ВНУ, 108 тысяч вучняў у ССНУ і 60 тысяч маладых людзей атрымліваюць новую спецыяльнасць у ПТВ.

Для таго каб забяспечыць усіх адукацыяй, задзейнічана 437 тысяч чалавек.

Толькі задумайцеся — кожны дзясяты чалавек, які працуе ў Беларусі, заняты менавіта ў сістэме адукацыі!

Пры гэтым важна разумець, што непасрэдна выхавальнікі дзіцячых садкоў, настаўнікі школ і прафесарска-выкладчыцкі склад разам узятыя складаюць усяго прыкладна 190 тысяч чалавек, усе астатнія людзі дапамагаюць гэтай велізарнай адукацыйнай машыне адносна стабільна працаваць — ад кухара ў школьнай сталовай і вартаўніка ў дзіцячым садзе да міністра адукацыі.

Глядзіце таксама

Пры гэтым, калі паглядзець дэталёва, мы даведаемся, што ў школах цяпер занята 105 тысяч настаўнікаў, у дзіцячых садках — 55 тысяч выхавальнікаў, ва ўніверсітэтах усяго па краіне 18 тысяч выкладчыкаў, і яшчэ 15 тысяч педагогаў занята ў ПТВ і ССНУ.

А цяпер давайце ўспомнім, чым з'яўляецца беларуская сістэма адукацыі для ўлады і як яна падаецца насельніцтву прапагандай. Па сутнасці, яны глядзяць на яе як на «фамільнае срэбра», якое захавалася з савецкіх часоў, і, мяркуючы па ўсім, адчуваюць пэўны гонар з гэтай нагоды.

З такім жа гонарам кіраўніцтва краіны, якое не змагло стварыць ніводнай буйной вытворчасці за без малога трыццаць гадоў, заяўляе, што здолела захаваць МАЗ і Трактарны завод і лічыць, што такія дасягненні хтосьці можа палічыць заслугай.

Што б ні казалі, у момант развалу Савецкага Саюза сістэму адукацыі, якая дасталася Беларусі, сапраўды многія лічаць каштоўным актывам. Так, можна шмат казаць пра закрытасць гэтай сістэмы, шмат у чым закасцянеласць, але пры гэтым яна стаяла на моцным базісе асноўных дысцыплін у некаторых (у першую чаргу — дакладных) навуках, і пры правільным падыходзе, разумных рэформах усё гэта можна было выдатна развіць і прымножыць.

Але давайце прызнаемся шчыра — нічога не атрымалася. Верагодна, праблема заключалася ў тым, што на змену савецкім функцыянерам, што кіравалі адукацыяй у краіне, падладжваючыся пад ідэалогію несвабоднай дзяржавы, прыйшлі тыя ж савецкія функцыянеры, якія працягнулі «захоўваць» і падладжвацца.

У адукацыі «Саўка» засталося больш, чым у любой іншай сферы.

Удвая трагічна, што адбывалася гэта ў перыяд, калі ўвесь свет пачаў імкліва мяняцца, і толькі гнуткасць, чуласць і здольнасць засвойваць новае дазвалялі заставацца ў трэндзе. А гэтыя якасці ніколі не былі «фішкай» савецкай адукацыі.

Глядзіце таксама

Яшчэ адна бяда заключаецца ў тым, што цесная сувязь адукацыі з ідэалогіяй у савецкі час плаўна перацякла і ў эпоху незалежнай Беларусі. У такіх умовах у школах, ВНУ і дзіцячых садках запусціўся поўным ходам адмоўны адбор, пры якім наверх традыцыйна ўсплывалі прыстасаванцы, стукачы і лізаблюды, а ініцыятыўных, сумленных і захопленых людзей гэтая сістэма выціскала.

У выніку практычна ўся гісторыя беларускай адукацыі — гэта бясконцая чарга факапаў, правальных рэформаў і паўцвёрдых праектаў, якія апускалі рэйтынгі нашых ВНУ ўсё ніжэй і ніжэй.

Напрыклад, сёлета БДУ апусціўся ў прэстыжным сусветным рэйтынгу QS World University Rankings на 99 пазіцый і заняў 387 месца. А гэта адзіная айчынная ВНУ, якая ўвайшла ў топ-500.

Але давайце не будзем мераць усе аднымі рэйтынгамі. Мы можам убачыць цалкам матэрыяльныя вынікі рэформаў, якія адбываліся.

З 2012 года ў Беларусі стала на 362 дзіцячыя садкі менш (цяпер іх засталося 3702), скарацілася колькасць і ўсіх астатніх устаноў адукацыі. Усіх без выключэння: мінус 4 ВНУ (засталося 50), мінус 4 ССНУ (засталося 221), мінус 56 ПТВ (засталося 170), а асабліва ўражвае скарачэнне колькасці школ — мінус 642 (засталося 2900).

Толькі задумайцеся — за дзесяць гадоў было закрыта практычна 20% школ у краіне!

Дзеля справядлівасці адзначым, што нярэдка закрыццё навучальных устаноў звязана з аб'ектыўнымі прычынамі: насельніцтва ў краіне скарачаецца, старэе, з'язджае з сельскай мясцовасці, а ў апошні час — і зусім з краіны.

Вялікая колькасць школ была закрыта менавіта ў абязлюдзелых вёсках, але называлася гэта заўсёды прыгожым словам «аптымізацыя». Па логіцы рэчаў, за кошт міграцыі з сельскай мясцовасці і малых гарадоў у вялікія там павінна было з'явіцца значна больш школ, але гэтага чамусьці не адбылося.

Глядзіце таксама

А цяпер — пра грошы. Усяго на сферу адукацыі ў 2023 годзе дзяржава выдаткоўвае 16% ад кансалідаванага бюджэту. Гэта вельмі шмат — больш за 10 млрд рублёў. Але нават гэтых грошай відавочна не хапае, адукацыя ў Беларусі страшна недафінансаваная — зайдзіце ў большасць беларускіх школ, і максімум, што вы там убачыце, гэта «чысценька, але сціпленька».

Да гэтага часу ёсць школы, якія выкарыстоўваюць для навучання абсталяванне, на якім стаіць таўро «зроблена ў СССР». Мы нават не будзем казаць пра стан лабараторый, спартыўнага інвентару і класаў, дзе павінны выкладаць высокія тэхналогіі.

Умоўна кажучы, грошай, якія выдаюцца, з цяжкасцю, але хапае на падтрыманне, але ўжо ніяк недастаткова для развіцця, а гэта значыць, што адставанне ад іншых краін з кожным годам павялічваецца.

І нарэшце, галоўны боль беларускай сістэмы адукацыі — заробкі. Яны традыцыйна плятуцца ў самым нізе топаў па галінах і ніжэйшыя на траціну, чым сярэдняя заработная плата па краіне.

Гучыць страшнавата, але галоўны канкурэнт педагогаў — працаўнікі вёскі, і нават яны вельмі часта аказваюцца на галаву вышэй за настаўнікаў па даходах. Відавочна, што такое становішча рэчаў дадае галіне дэпрэсіўнасці.

Бо пра высокую фінансавую матывацыю педагогаў казаць у прынцыпе не прыходзіцца. Можна было разлічваць на ідэю, але па апісаных намі вышэй прычынах сумленныя, захопленыя і прагрэсіўныя спецыялісты з адукацыі сыходзяць (а сёння — іх часцей выштурхваюць).

Як можна ахарактарызаваць сістэму адукацыі, у якой проста быць сумленным выкладчыкам — подзвіг? Мы, вядома, не забываем, што ў школах, ВНУ, дзіцячых садках працягваюць працаваць захопленыя і годныя павагі спецыялісты. Але таксама мы бачым, што іх становіцца ўсё менш і менш.