Педагог: Калі дзіця прымушаюць любіць сцяг і выконваць гімн — гэта сітуацыя гвалту

Прарасійскія прапагандысты чапляюцца да любых праяў беларушчыны і нават крытыкуюць міністра адукацыі за тое, што кожны пяты выпускнік выбірае для здачы дзяржэкзамену беларускую мову. Яны лічаць гэта нават «пранацысцкай рыторыкай». Як захаваць сваё дзіця ад прапаганды ў школе?

fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg_logo.webp

Днямі міністр адукацыі РБ Андрэй Іванец заявіў: 40% школ у краіне беларускамоўныя і кожны пяты выпускнік выбірае для здачы дзяржэкзамену беларускую мову, але гэта не азначае, што «мы не павінны надаваць асаблівую ўвагу вывучэнню нашай культуры і нашай мовы».

Словамі міністра абурылася вядомая праўладная прапагандыстка, угледзеўшы ў іх «дыскрэдытацыю» расійскай мовы і нават, ні многа ні мала, «пранацысцкую рыторыку». І — заклікала «бацькоў і грамадзянскую супольнасць» адказаць як след.

Гэта ўжо дно або варта чакаць яшчэ большай прапаганды? Да чаго прывядзе «дашліфоўка адукацыі», якую даручыў правесці беларускі кіраўнік?

— Самае жудаснае з таго, што адбываецца ў цяперашняй школе — з дзецьмі, на думку чыноўнікаў і «наватараў», можна рабіць што заўгодна, дзеці ж не людзі, — кажа педагог, заснавальнік Інстытута нефармальнай адукацыі, педагог Дзіма Зіцэр у эфіры «Звычайнага ранку».

— Сітуацыя, калі дзіця прымушаюць любіць сцяг, выконваць гімн пад пагрозай — насамрэч, сітуацыя гвалту. І горшае, што могуць зрабіць бацькі — сказаць, маўляў, дзетка, пацярпі, мы потым дома соплі табе памыем. Гэта рэакцыя зусім нечалавечая. Сказалі б вы падобнае сваёй жонцы, якую штодня «харасяць» на яе працы?

У Расіі, дадае педагог, у бацькоў у такой сітуацыі пакуль яшчэ ёсць выйсце — сямейная форма адукацыі. У Беларусі ж, на жаль, для навучання дома недастаткова жадання бацькоў або самога дзіцяці — гаворка заўсёды аб медыцынскіх паказаннях, пералік якіх вызначае Міністэрства аховы здароўя, а важкасць ацэньваюць чыноўнікі.

— Я ведаю, што ўсе па-сапраўднаму прыватныя школы ў Беларусі ліквідаваны, так што, на жаль, гэты выхад для беларускіх бацькоў ужо закрыты, — кажа педагог. — І што рабіць, калі сямейнай адукацыі няма, купіць даведку не варыянт, а бацькам пагражаюць рэпрэсіямі за тое, што дзіця не ходзіць у дзяржаўную школу? Давайце так: нават у нацысцкай Германіі былі настаўнікі, якія сумленна працавалі: гэта апісана, ёсць кнігі, успаміны.

Скажу за сябе. Тое, з чаго пачаў бы я — не здавольваўся прынцыпам «ва ўсіх школах так», а перакапаў носам усю Беларусь, уключаючы малыя вёскі, слухаў чуткі і плёткі і шукаў настаўніка, які паводзіць сябе не так, як усе.

І калі б я жыў у Мінску, а даведаўся, што дзесьці ў Віцебску ці ў вёсцы пад Віцебскам ёсць такая школа, сядаў і прымаў бы сям'ёй цяжкае рашэнне аб пераездзе, разумеючы, што мы рызыкуем узроўнем жыцця. Пытанне ў тым, што мы ратуем. Што гэта маральны выбар.

Абсалютна ўпэўнены і гатовы падпісацца: у Беларусі ёсць прыстойныя настаўнікі, сумленныя, якія знаходзяць спосабы абысці прапаганду, рызыкуючы, магчыма, уласнай свабодай. І ўсе пярэчанні, што складана абшукаць усю Беларусь, складана знайсці такіх і гэтак далей — проста адмазкі, нежаданне займацца чымсьці вельмі непрыемным і нязручным.

У крайнім выпадку, калі наогул ніяк і дзіця вымушана хадзіць у тую школу, дзе патрабуюць любіць лукашэнкаўскі сцяг, уліваюць у вушы ідэалогію, падманваюць, маніпулююць — трэба арганізаваць дома такую абстаноўку, у якой хатняя культура будзе мацнейшая за школьную.

Вядома, гэтыя дзеці жывуць тады трошкі ў падвале Ганны Франк, яны разумеюць, што нельга ні пра што, што адбываецца дома, распавядаць у школе, і я калі перабольшваю, то самую драбніцу. І зрабіць гэта, стварыць такую абстаноўку ў сям'і, складаней, чым кудысьці пераехаць. Але магчыма. Таму абсалютна дакладна я нікому не дам параду проста змірыцца, цалаваць сцяг, тое-сёе, абы былі жывыя — не пойдзе.

Дзіма Зіцэр нагадаў, як Калумбійскі ўніверсітэт правёў маштабнае даследаванне ўплыву індактрынацыі на дзяцей і выкладчыкаў: аказалася, што найбольш схільнымі ўплыву прапаганды аказаліся вучні малодшых класаў, у той час як дарослыя маглі шчасна забыцца праз час пра спробы «прамыць мазгі».

— Таму, на жаль, самыя няўдачлівыя — тыя, хто менавіта цяпер адпраўляе дзяцей у школу. Калі чалавек у гэтым годзе выпускаецца, то даволі высокая верагоднасць, што ён захаваў сямейныя каштоўнасці, якія яму транслявалі.

Любыя дзяржавы, асабліва таталітарныя, зацікаўлены ў спрашчэнні: каб мы з вамі былі простымі і чорна-белымі, каб усё было жорстка і зразумела і па гісторыі, і па літаратуры. Гэта вельмі брыдка, жудасна, ідзе разбурэнне маральнасці.

На нашых вачах апошнія некалькі гадоў перапісваецца гісторыя, гаворыцца, што вось гэтага не было, а было вось так. Тое, што ўчора было белым, сёння аб'яўляецца чорным, а тое, што сёння было чорным, назаўтра будзе абвешчана чырвоным. І калі дарослыя яшчэ могуць з гэтым неяк справіцца, дзецям вельмі цяжка.

Наша задача, на мой погляд — ускладняцца і ўскладняць уласных дзяцей. Незалежна ад таго, што адбываецца ў школе, можна дапамагаць дзецям. Не даваць ім прамых адказаў; можна сказаць, я не ведаю ці мне трэба падумаць, ці давай разам пашукаем. Чым больш мы гэта робім, тым больш разгойдваем, у прамым сэнсе слова, крытычнае мысленне. І прышчэпка ад падобнага віруса можа быць вельмі магутнай.

Паводле «Салідарнасці», пераклад «НЧ»