«У аўтарытарнай краіне, дзе душыцца свабода, немагчыма ствараць якаснае мастацтва»

Пры дыктатуры любое мастацтва ў краіне абмежаванае цэнзурай, і кіно — не выключэнне. Вось чаму доўгія гады ў «Беларусьфільма» не атрымліваецца поспеху.

Кінатэатр «Мір». Ілюстрацыйнае фота НЧ

Кінатэатр «Мір». Ілюстрацыйнае фота НЧ

У канцы чэрвеня адбылася ключавая падзея ў жыцці дзяржаўнага кіно — змяніўся кіраўнік «Беларусьфільма». Замест Уладзіміра Карачэўскага, які на сваёй пасадзе пратрымаўся трохі больш за пяць гадоў, прыйшоў былы кіраўнік сеткі дзяржаўных кінатэатраў «Гроднааблкінавідэапракат» Юрый Аляксей.

Вось толькі ці ёсць сэнс у ратацыі топ-менеджменту нацстудыі? Чым запомніцца перыяд Уладзіміра Карачэўскага? І чаго чакаць ад Юрыя Аляксея? 

Тарас Тарналіцкі на budzma.org спрабуе даць разгорнуты адказ на кожнае з гэтых пытанняў.

Хаджэнне па коле

Калі паспрабаваць падлічыць, то больш чым за тры дзесяцігоддзі праз «Беларусьфільм» прайшло каля дзесяці кіраўнікоў. Бачна, што чыноўнікі ў кіраўніцкім крэсле доўга не заседжваліся. Справядлівае пытанне — а ці адбілася бодрая ратацыя кіруючых кадраў на эфектыўнасці працы студыі, якасці і аб’ёме яе кантэнту? Адказ вам не спадабаецца: не, ніяк не адбілася, стала толькі горш. А змена кіраўніцтва ператварылася ў сапраўдны рытуал з чаканымі словамі і куцымі вынікамі. У ім улада ўскладвае на чарговага функцыянера місію па вяртанні былой велічы кінафабрыкі, а потым з расчараваннем змяняе яго на новага кандыдата. І так па новым коле.

Таму казаць, што пасля звальнення Уладзіміра Карачэўскага сышла пэўная эпоха і беларускае дзяржаўнае кіно стаіць на парозе новых неспадзяваных перамен, не выпадае. Перыядычная ратацыя менеджараў у крэслах дзяржстудыі роўным лікам ні да чаго не вядзе, што б ні казаў Лукашэнка пра недастатковую якасць менеджарскіх кадраў. Асаблівых вынікаў не было бачна раней, не варта чакаць іх і цяпер.

У чым жа справа? Як кажуць людзі, ад асіны не народзяцца апельсіны. У аўтарытарнай краіне, дзе пануе цэнзура і душыцца любая праява свабоды — слова, самавыяўлення, прадпрымальніцтва — проста немагчыма ствараць якаснае і запатрабаванае ў гледача мастацтва. Ці хаця б проста забаўляльны кантэнт.

Цікавыя сцэнары, якія б задаволілі сваім зместам улады і простага гледача, не пішуцца, а рэжысёраў, здольных рэалізоўваць на прафесійным узроўні дзяржзамову і пры гэтым лаяльных да ўлады, застаюцца адзінкі.

Адсутнасць творчага складніка і прасторы для мастацкай самарэалізацыі не вырашыць ні развітая тэхнічная база «Беларусьфільма», ні грошы з дзяржбюджэту. Крэатыўны клас проста пазбягае мець справу з уладамі і дзяржавай. І яго перасцярогі цалкам апраўданыя.


Глядзіце таксама

Пачаў з адкрытасці, скончыў у ізаляцыі

Сёння Уладзіміра Карачэўскага ўспрымаюць як бязвольнага функцыянера, аматара публічных спеваў пад гітару і скаргаў на хейтараў студыі, пры якім на «Беларусьфільме» спачатку разагналі супрацоўнікаў, а ўсіх, хто застаўся, чакалі рэпрэсіі, цэнзура і праца на зусім ужо прапагандысцкіх праектах. Але так было не заўсёды. 

Трэба разумець, што рэнамэ любога кіраўніка дзяржстудыі залежыць ад аднаго фактара: у які перыяд лукашэнкаўскай улады ён працаваў. Бо асноўная функцыя беларускага дзяржменеджара, як мы ўжо ведаем, гэта не праява ініцыятывы, а дакладнае выкананне пададзеных «зверху» планаў. Менавіта іх і выконваў Карачэўскі, якому выпаў лёс трапіць на студыю на зломе эпох.

Першы перыяд — гэта самы сыход лагоднага аўтарытарызму, канец 2010-х гадоў. Тады рэжым на фоне гібрыднай вайны ва Украіне спрабаваў дыстанцыявацца ад агрэсіўнай Расіі, якая распачала палітычнае паглынанне Беларусі, атрымаўшы падтрымку на ўмоўным Захадзе. Тады краіна гатова была адкрывацца свету, а ўлады спрабавалі фліртаваць з нацыянальнай свядомасцю беларусаў, каб адмежавацца ад небяспечнага расійскага ўплыву.

У той перыяд Уладзімір Карачэўскі выглядаў добрым выбарам на пасаду кіраўніка дзяржстудыі. Ён паказаў эфектыўнасць у кіраванні Тэатрам беларускай драматургіі на гастрольным і прыбытковым напрамках, улады чакалі, што ён падцягне на адпаведны ўзровень і «Беларусьфільм», які на той момант перажываў не лепшыя часы праз шэраг іміджавых скандалаў і фінансавых праблем. 

Менавіта ў гэты перыяд запусцілі ў вытворчасць праекты з беларускім каларытам: біяграфічную драму «Купала» Уладзіміра Янкоўскага, экранізацыю прыгодніцкага рамана Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча», стваралі дакументальныя стужкі, прысвечаныя беларускай культуры і дасавецкай гісторыі, запрашалі маладых рэжысёраў з незалежнага кіно працаваць на студыі. Канешне, гаварыць пра паўнавартасную мастацкую свабоду было нельга, але магчымасцей для мастацтва нацстудыя тады давала даволі шмат. Карачэўскі заяўляў тады, што ўвесь гэты кантэнт трапіць на самыя прэстыжныя фестывальныя пляцоўкі, але хутка стала зразумела, што ўсе амбітныя стужкі чакала толькі паліца архіву студыі.

Спрабавала кіраўніцтва «Беларусьфільма» працаваць і са сваім сапсаваным публічным іміджам. Нацстудыя рабіла калабарацыі з незалежнымі фестывалямі (напрыклад, «Паўночным ззяннем»), запрашала актывістаў з грамадскага асяродку рабіць кінаклубы і праводзіла іх самастойна. Але галоўным трэкам у гэтай справе стала барацьба за прэмію Амерыканскай кінаакадэміі. Пры Карачэўскім аднавіў працу Оскараўскі камітэт на студыі, які апошні раз працаваў у сярэдзіне 1990-х гадоў. Новая інстытуцыя, нягледзячы на ўвесь недавер да яе, высоўвала на прэмію незалежныя, а часам і «беларусьфільмаўскія» капрадукцыйныя стужкі. Праўда, не заўжды тое адбывалася па правілах, а часам выглядала цалкам як ганебны міжнародны скандал.

Былі шырокія планы і на далейшую мадэрнізацыю толькі-толькі адрамантаванай студыі. Каб «Беларусьфільм» не ўпадаў у чарговае банкруцтва і быў больш мабільным, вырашылі зрабіць ноў-хаў — асноўную частку супрацоўнікаў вывелі па-за штат. То-бок фактычна звольнілі, але з магчымасцю працы па дамовах падраду, па прынцыпе «ёсць праект — ёсць праца, няма праекта — зарабляй дзе можаш». Таксама ўзнікла цвярозая ідэя наладзіць механізм па вяртанні часткі грошай замежным фільммейкерам, калі яны будуць здымаць у Беларусі, але заканадаўча гэта так і не было аформлена. А прыязджалі працаваць у краіну кінематаграфісты не толькі з краін СНД, але і з Індыі — і здымалі тут відовішчныя баевікі.

А потым настаў 2020 год — спачатку пандэмія, а за ёй — палітычны крызіс у краіне. Супрацоўнікі «Беларусьфільма» адкрыта не падтрымалі антыўладны пратэст, але гэта іх не ўратавала ад катка рэпрэсій. 

Захістаўшыся, рэжым знайшоў кропку апоры у Крамлі — і трапіў пад яго шматвектарны ўплыў, што аказаўся як ніколі раней моцным. Дыстанцыянаванне ад «рускага свету» імгненна знікла, запрацавалі старыя наратывы пра «брацкія народы» і «адзіную Радзіму — СССР». 


Глядзіце таксама

Праз гэта «беларусьфільмаўскае» кіно пра нацыянальную свядомасць з фармальна агучаных прычын так і не выйшла па-за межы студыі (паўнавартасна прасачыўся толькі фільм «Купала», некалькі версій у рознай якасці цягам трох галоў выкладвалі ў сеціва ў пірацкім выглядзе). Супрацоўнікаў нацстудыі, якія засталіся ў штаце, пачалі натуральным чынам фільтраваць на лаяльнасць, арыштоўваць, звальняць і выганяць з працоўных інтэрнатаў. 

Апафеозам рэакцыйнай дынамікі стала назначэнне былога супрацоўніка КДБ Альберта Сідаровіча па мянушцы «Адольф» на пасаду галоўнага ідэолага студыі. Праз яго пачалі праходзіць усе адміністрацыйныя пытанні прадпрыемства, у тым ліку зацвярджэнне акцёраў на праекты. 

Але не толькі кадэбісты наведваліся на «Беларусьфільм». Сюды прыходзіў і Следчы камітэт на экскурсію, а з Генпракуратурай кіраўніцтва кінафабрыкі нават заключыла дамову на супрацу па асвятленні «генацыду беларусаў падчас Другой сусветнай вайны» і жыцця ў Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў 1920-я — 1930-я гады.

І працэс пайшоў. Студыя занялася непрыкрытай прапагандай ужо не дазавана, як раней, а ў прамысловых масштабах. Пачалі здымаць фільмы пра тое, як расквітнела Беларусь пры Лукашэнку («Беларусь. Адзінства» Уладзіміра Мароза, «Мінская элегія» Аляксандра Анісімава), пра «генацыд беларусаў» падчас вайны і дрэнных палякаў з Заходняй Беларусі («Перазвон» і «Максім Танк. Натуральны, як лінія небасхілу» Яўгена Сяцько, «На іншым беразе» Андрэя Хрулёва), пра патрыятызм медыкаў («Ліст чакання» Аляксандра Ефрэмава). Праз нястачу працоўных кадраў студыя пачала імкліва русіфікавацца — фільмы «На другім беразе», «Аліўе», «Чорны замак» паводле Уладзіміра Караткевіча і г. д. пачалі здымаць нанятыя ў Расіі малавядомыя фільммейкеры.

Менавіта «Беларусьфільму» Мінкульт даручыў кіраваць і праводзіць Міжнародны кінафестываль «Лістапад», які за два гады ператварыўся ў пляцоўку расійскай прапаганды і вітрыну для рэкламы яе арганізатара (так, гран-пры ў 2021 годзе атрымаў узбекска-беларускі фільм «Ілхак», які здымаўся ў калабарацыі з «Беларусьфільмам»). 

Але гэтага рэжыму было недастакова. «Беларусьфільм» крытыкаваў і ўласна Лукашэнка, і яго кішэнная прапаганда, якая вінаваціла студыю ў нежаданні ствараць кіно пра тое, як краіну ледзь-ледзь уратавалі ад перавароту.


Глядзіце таксама

Зразумела, што ўсе пералічаныя ганебныя ўчынкі здзейснены пад непасрэдным кантролем Уладзіміра Карачэўскага, які добра разумеў, чым ён займаецца і ў які бок пад яго кіраўніцтвам студыя рушыць. Ці была ў яго магчымасць рабіць нешта іншае? Хутчэй за ўсё, не, тым больш, што ён сядзеў на кручку матэрыяльнай адказнасці за студыю, якая пагражала крымінальнай справай і турмой. Такі лёс карупцыйных спраў напаткаў амаль што ўсіх кіраўнікоў студыі. Звольніцца па ўласным жаданні Карачэўскі дакладна мог, але паміж няславай і звальненнем выбраў першае. А другое напаткала яго само ўжо праз пару гадоў.

Першаразрадная прапаганда

Цяпер мяккацелага Карачэўскага ўлады замянілі на адданага камісара — Юрыя Аляксея, які апошнія 11 гадоў узначальваў «Гроднааблкінавідэапракат».

Пры гэтым пра кіно Аляксей мала што ведае, хоць і настойвае на сваёй прафесійнай абазнанасці. Яго асноўная стыхія — гэта ідэалагічнае выхаванне моладзі і публічныя праявы любові да дзеючага рэжыму. У нулявыя чыноўнік працаваў на розных пасадах у гродзенскім філіяле БПСМ, а пасля яго трансфармацыі — у БРСМ, адказваў на пасадзе намесніка кіраўніка за гродзенскую філію «Белай Русі». У пераломныя 2020-я ўдзельнічаў практычна ва ўсіх мясцовых акцыях «За Бацьку!», як піша Hpravy.org. 

Як бачна, Аляксей — бездакорны прадстаўнік беларускага рэжыму, які дайшоў да рэспубліканскага ўзроўню кіравання і рвецца ў бой.

Ён ужо заявіў, што хоча ствараць на студыі мультфільмы пра гісторыю беларускага герба і сцяга, здымаць негламурныя серыялы пра сапраўднае жыццё беларусаў і дакументальныя фільмы пра Другую сусветную вайну. 


Глядзіце таксама

У якасці творчых рэферэнсаў ён згадвае савецкае кіно:

«Вядома, касавыя зборы, колькасць гледачоў і творчыя амбіцыі таксама былі важныя, але на першым месцы стаяла звышзадача зрабіць карціну, ад якой камяк да горла падыходзіць. І дагэтуль для мяне адны з самых улюбёных — гэта савецкія кінашэдэўры», — расказваў Аляксей у размове з «БелТА».

Акрамя патрыятычна зараджанага кантэнту, Аляксей павінен наладзіць супрацу з дзяржаўнымі тэлеканаламі, сфарміраваць на студыі прафесійную каманду і заняцца стратэгіяй імпартазамяшчэння, то-бок тым самым, чым апошнім часам займаўся Уладзімір Карачэўскі.

Як бачна, вялікага сэнсу ў змене кіраўніцтва «Беларусьфільма» не было. Чарговае шыла замянілі на чарговае мыла.