Топ-10 фільмаў Інгрыд Бэргман, акторкі, якая нарадзілася і памерла ў адзін дзень
Шыкоўная Інгрыд Бэргман стварае непаўторную атмасфэру ледзьве не ў кожнай сваёй стужцы. Цудоўная швэдка нарадзілася і памерла 29 жніўня, таму нашая сёньняшняя падборка фільмаў прысьвечаная ёй. Абірайце на свой густ, і прыемнага вам прагляду!
Нумар 10. Жанчына з імём Голда (A Woman Called Golda). 1982
Фільм, які паставіў Алан Гібсан — пра дзяўчынку Голду, якая правяла дзяцінства ў беларускім Пінску, наведвала старажытную вялікую сінагогу, а потым вырасла і стала чацьвертым прэм’ер-міністрам Ізраіля. Увесь сьвет ведае яе як Голда Мэір, а дзявочае прозьвішча ў прыхаджанкі пінскай сінагогі — Мабовіч.
Бацька-заснавальнік дзяржавы Ізраіль Давыд Бэн-Гурыён сказаў пра яе: «У адзін цудоўны дзень, калі будзе напісана гісторыя, у ёй будзе пазначана, што адна габрэйка дастала грошы, якія забясьпечылі існаваньне нашай дзяржавы». Стужка адметная яскравым выкананьнем галоўнай ролі Інгрыд Бэргман. Для акторкі гэтая праца стала апошняй у жыцьці, менш чым праз год яна памерла. Няшмат прыхільнікаў «залатога стагодзьдзя Галівуду» бачылі яе ролі ў сталым узросьце. Паверце, гэта вартае таго.
Нумар 9. Эўропа 51 (Europa '51). 1952
Стужку зьняў Рабэрта Расэліні, зь якім у Інгрыд быў не толькі творчы саюз. Пара нарадзіла некалькі дзяцей, у тым ліку знакамітую акторку Ізабэлу Расэліні.
У стужцы гледачы трапляюць у пасьляваенны Рым, які рэжысэр, ужо прасякнуты духам нэарэалізму, паказвае без барочных прыгажосьцяў. Інгрыд Бэргман грае складаную і шчымлівую ролю маці, якая застаецца сам-насам з уласнымі перажываньнямі пасьля верагоднага суіцыду сына. Яна імкнецца прынесьці карысьць іншым, але сутыкаецца з магутным адпорам усярэдзіне сям’і.
Праз сустрэчы галоўнай гераіні са зьбяднелымі і хворымі, фільм ставіць пад сумнеў грамадзкія каштоўнасьці. Расэліні паказвае рэзкі кантраст паміж прывілеяванымі і маргіналізаванымі.
Нумар 8. Жанна Д’Арк (Joan of Arc). 1948
Гэтая стужка не ідзе ў параўнаньне з аднайменнай геніяльнай працай Дрэйера 1928 года. Але разам з тым адмаўляць сабе ў задавальненьні паглядзець вельмі неблагі фільм не варта.
Віктар Флемінг стварыў моцную стужку з Інгрыд Бэргман у галоўнай ролі. Жанна ў яе выкананьні зьяўляецца вельмі зразумелай нам сёньня ў сваёй стойкасьці, наіўнасьці і чароўнай перакананасьці ў сваёй вялікай мэце. Мы пройдзем разам зь ёю шлях пачынаючы ад яе боскіх візіяў і сканчваючы судом, які прывёў маладую дзяўчыну ў апошні шлях.
Веліч фільма, асабліва бітвы, дэманструе бачаньне Флемінга і яго амбіцыі аднавіць вырашальныя моманты ў гісторыі чалавецтва.
Нумар 7. Забойства ўва Ўсходнім Экспрэсе (Murder on the Orient Express). 1974
Экранізацыя знакавага рамана Агаты Крысьці Сідні Люмэта — гэта шыкоўна пастаўленая гісторыя, якая запрашае гледачоў на борт знакамітага цягніка ў захапляльнае падарожжа.
Сярод зорнага акторскага складу сапраўды можна вылучыць гераіню нясьмелай швэдскай місыянэркі, выкананая Інгрыд Бэргман. Акторка напаўняе сваю гераіню такой глыбінёй, што гэта прынесла ёй прэмію «Оскар» за лепшую акторку другога пляну. Кожная сцэна становіцца майстар-клясай тонкай, эмацыйнай акторскай гульні.
Моц фільма заключаная ў яго акторскім ансамблі. Ад харызматычнага палкоўніка ў выкананьні Шона Конэры да самаўпэненай пані, якую грае Ларэн Бэкол, кожны герой адрозьніваецца і па-майстэрску рэалізаваны на экране.
Нумар 6. Зачараваны (Spellbound). 1945
Альфрэд Хічкок дрэнна здымаць не ўмеў, таму можна з упэўненасьцю ўзяць гэты фільм дзеля вечаровага прагляду ў найбліжэйшы ўікэнд. Тым больш што разам з Грэгары Пэкам там зьзяе Інгрыд Бэргман. Хічкок займаецца пагружэньнем у малазнаёмую на той час тэрыторыю псіхааналізу.
У адной са сваіх першых роляў Пэк выконвае ролю псіхіятра, які прыяжджае ў псіхіятрычную ўстанову, каб заняць пасаду яе новага дырэктара. Аднак неўзабаве праблемы пачынаюць праяўляцца, калі ў яго зьяўляюцца прыступы амнэзіі і невытлумачальны жах перад паралельнымі лініямі на белым фоне.
Разам з гераіняй Бэргман іх чакае захапляльнае падарожжа ў пошуках праўды і ў каханьні.
Дадамо, што мастаком фільма зьяўляецца Сальвадор Далі.
Нумар 5. Газавае сьвятло (Gaslight). 1944
Стужка Джорджа К'юкара — гэта жахлівае, атмасфэрнае пагружэньне ў пакутлівы сьвет псыхалягічных маніпуляцыяў. Дзеяньне фільма разгортваецца ў лёнданскім доме, дзе разблытваецца і заблытваецца сюжэт, у якім успаміны ставяцца пад сумнеў, і нават розум ставіцца пад сумнеў. І толькі мігценьне газавага сьвятла становіцца шанцам для разгадкі псыхікі жанчыны.
Інгрыд Бэргман у адной са сваіх самых лепшых роляў грае кабету, якая змагаецца з траўмай забойства сваёй цёткі і наступных маніпуляцыяў з боку яе мужа. Муж, у сваю чаргу, робіць захады па тым, каб яго жонка звар’яцела.
Дзеля чаго? І ці можа быць усё зьяўляецца толькі мрояй, якая зьнікне ў паветры, як газ, калі яго не падпальваць?
Нумар 4. Дрэнная слава (Notorious). 1946
Чарговы шэдэўр ад Альфрэда Хічкока. Гледачы трапяць у майстэрскае спалучэньне рамантыкі, інтрыгі і напружаньня, якое накрытае атмасфэрай палітычнага шпіянажу пасьля Другой сусьветнай вайны.
Інгрыд Бэргман выконвае ролю вельмі складанай жанчыны з заплямленай рэпутацыяй, якая завэрбаваная ўрадам ЗША, каб пракрасьціся ў нацысцкае кола ў Бразыліі. Акторка паказвае шлях сваёй гераіні ад геданістычнай дачкі нацысцкага шпіёна да закаханай кабеты, якая трапіла ў пастку небясьпечнай місіі.
Яе партнэр па здымках – знакаміты Кэры Грант. Усім прыйдзецца рабіць выбар паміж пачуцьцямі і перакананьнямі.
Нумар 3. Па кім звоніць звон (For Whom the Bell Tolls). 1943
Рэжысэр Сэм Вуд нібы пераўвасобіўся ў аўтара раману Эрнэста Хэмінгуэя ў гэтай экранізацыі. У яго атрымалася перанесьці словы ў малюнак з такой лёгкасьцю, з такой дакладнасьцю. “Па кім звоніць звон” выйшаў у самае пекла Другой сусьветнай і распавядае пра драму, якая разгортваецца на фоне грамадзянскай вайны ў Гішпаніі.
Гары Купэр і Інгрыд Бэргман паказваюць праз сваіх герояў складанасьці вайны, каханьня і непазьбежных ахвяраў. Іх раман, напоўнены скрадзенымі момантамі сярод ценю вайны, якая ўсё набліжаецца, адначасова гарачы і трагічны. Ён нібы паўтарае цэнтральныя тэмы гісторыі кароткіх і летуценных радасьцей і няўмольнай плыні часу.
Нумар 2. Восеньская саната (Höstsonaten). 1978
Калі вы марыце пра тое, каб сядзець у халодным доме і перабіраць уласныя думкі — гэтая праца Інгмара Бэргмана прыйдзецца даспадобы. Складаныя адносіны дарослай дачкі і яе маці ў цэнтры стужкі. Маці, якую грае Інгрыд Бэргман, знакамітая піяністка, якая і ў свае прыблізна 60 знаходзіць попыт на свой талент.
Нядаўна памірае яе муж, і яна прыяжджае пагасьціць да сваёй дачкі ў выкананьні легенды швэдзкага кіно Ліў Ульман. Фільм апавядае пра крыўды, якія праносяцца праз шматлікія дзесяцігодзьдзі, пра памылкі ў выхаваньні дзяцей. Ліў Ульман грае самадастатковую, але не такую зорную кабету, як яе маці. Доўгія восеньскія дыялёгі запаўняюць стужку Інгмара Бэргмана.
Ня будзе лішнім нагадаць, што паміж Інгмарам і акторкай Інгрыд Бэргман няма ніякіх сямейных сувязяў.
Нумар 1. Касабланка (Casablanca). 1942
Стужка Майкла Кёрціса – гэта адна з галоўных цаглінаў у гісторыі кіно. Такіх геніяльных і прыгожых фільмаў надзвычай мала, і вам проста абавязкова неабходна азнаёміцца з гэтым шэдэўрам кінематографу.
Дзеяньне адбываецца ў бурлівым мараканскім горадзе падчас Другой Сусьветнай вайны, калі, здавалася б нэйтральная тэрыторыя становіцца арэнай схаваных інтрыгаў і падрыхтоўкі шпіёнскіх апэрацыяў.
Інгрыд Бэргман і Хамфры Богарт граюць былых каханкаў, што выпадкова становяцца ўцягнутыя ў вір нечаканых падзеяў.
У сёньняшнім сьвеце, дзе фільмы прыходзяць і сыходзяць праз некалькі месяцаў, «Касабланка» зьяўляецца яскравым сьведчаньнем залатога веку Галівуду. Менавіта такія стужкі нагадваюць нам пра магію, якую фільмы могуць стварыць.
Прыемнага прагляду!
Астатнія аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.