Tor Band: музыкам прызначылі дату суда і агучылі артыкулы абвінавачання
Многія песні Tor Band былі хітамі пратэстаў 2020 года, сабралі мільёны праглядаў. Музыкаў трымаюць за кратамі ўжо амаль год, а гурт прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Цяпер стала вядома, калі і за што будуць судзіць музыкаў Tor Band.

Музыкаў Tor Band Дзмітрыя Галавача, Яўгена Бурло і Андрэя Ярэмчыка абвінавачваюць у распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (частка 1 і 3 артыкула 361-1 КК), дыскрэдытацыі Беларусі (369-1 КК) і абразе Аляксандра Лукашэнкі (частка 1 артыкула 368 КК). Гэта вынікае з раскладу на сайце «электроннага судаводства».
Судзіць музыкаў Tor Band пачнуць у Гомельскім абласным судзе 14 верасня, адзначае выданне «Флагшток».
Глядзіце таксама

Удзельнікі Tor Band былі да свайго затрымання ў Беларусі і нават не мелі планаў з'ехаць з краіны. За імі прыйшлі сілавікі 28 кастрычніка. Музыкаў арыштавалі ў Рагачове. Спачатку ім прысудзілі па 15 сутак па артыкуле аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 19.11 КаАП). Пазней іх адпраўлялі на суткі яшчэ некалькі разоў.
У канцы жніўня 2022 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сацсеткі гурта і песні «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мацi», «Мы — не народец», «Без вайны», «Беларус беларусу беларус», «Dead Мороз», «Мы станем сильней!» і «Родная Зямля». Да таго ж «экстрэмісцкімі матэрыяламі» назвалі інфармацыйную прадукцыю, сацыяльныя сеткі і лагатып гурта «Tor Band».
20 студзеня групу прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Нагадаем, як пісаў НЧ, адна з версіяў затрымання музыкаў — скарга раённага ідэолага ў Адміністрацыю прэзідэнта. Прынамсі пра гэта распавядала журналістам блізкая сяброўка гурта. Затрыманню нібыта папярэднічала звальненне Яўгена Бурло з раённага Дома культуры. У музыкі мог быць канфлікт з кіраўніцтвам, бо Яўген пасля звальненьня «знёс» з праграмнага забеспячэння Дома культуры тыя праграмы, якія ён сам напісаў, пакуль працаваў там: «Гэта магло абурыць раённага ідэолага Наталлю Прус — начальніцу аддзела ідэалагічнай працы, культуры справаў моладзі райвыканкаму. Яна, хутчэй за ўсё, вырашыла адпомсціць і напісала заяву ці скаргу ў Адміністрацыю прэзідэнта. Маўляў, у Рагачове «акапаліся экстрэмісты», а ўлада і міліцыя нічога не робяць. Але ўсё гэта не факт. Можа, проста «прыйшла чарга».
Падчас ператрусаў у музыкаў «сканфіскавалі гітары, барабаны, устаноўкі — некалькі дзясяткаў інструментаў і тэхнікі». Фактычна ва ўсіх музыкаў забралі ўсё канцэртнае абсталяванне.
Глядзіце таксама

Да 12 гадоў зняволення? У чым вінавацяць музыкаў «Tor Band»?
o «Распальванне сацыяльнай варожасці» (частка 3 артыкула 130). Да 12 гадоў калоніі.
o «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» (артыкул 361-1). Да 7 гадоў калоніі.
o «Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (частка 3 артыкула 361-1). Да 6 гадоў калоніі.
o «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (артыкул 369-1 Крымінальнага кодэкса). Да 4 гадоў калоніі.
o «Абраза Лукашэнкі» (артыкул 368). Да 4 гадоў калоніі