Нож у спіну. Расійскія інвестары просяць улады РФ абмежаваць крэдытаванне Беларусі
Група расійскіх інвестараў у беларускія еўрааблігацыі накіравала ў дзяржаўныя органы і банкі РФ звароты з просьбай прызнаць Мінфін Беларусі нядобрасумленным пазычальнікам і абмежаваць доступ Беларусі да міждзяржаўных крэдытаў і расійскага рынку капіталу.
Прычына такога кроку — нявыплата Беларуссю грошай па еўрабондах.
Аўтарам звароту РБК называе Аляксандра Марчанкова, які раней спрабаваў судзіцца з беларускім Мінфінам праз нявыплату грошай па еўрааблігацыях. Ён выступае ў якасці прадстаўніка ініцыятыўнай групы з 200 чалавек і 30 арганізацый, якім належаць еўрааблігацыі на суму больш за 200 млн долараў. У лісце ўтрымліваецца просьба «прыняць меры для хутчэйшага выканання Беларуссю сваіх абавязацельстваў перад усімі расійскімі інвестарамі».
Да выканання абавязацельстваў прапануецца прызнаць Мінфін Беларусі нядобрасумленным пазычальнікам і абмежаваць яго доступ на рынак расійскага капіталу, а таксама разгледзець магчымасць абмежавання міждзяржаўнага крэдытавання.
Звароты былі накіраваныя ў Мінэканамразвіцця Расіі, Мінфіны Беларусі і Расіі, а таксама ў Банк Расіі. Акрамя таго, у ініцыятыўнай групе заявілі, што інвестары збіраюцца звярнуцца з пазовам з нагоды нявыплат у Лонданскі міжнародны арбітраж.
Нагадаем, летась урад Беларусі ў сувязі з санкцыямі прыняў рашэнне выплачваць купоны і пагашаць еўрааблігацыі ў беларускіх рублях на рахункі ў «Беларусбанку». Але інвестары сутыкнуліся з немагчымасцю атрымаць свае грошы нават у беларускіх рублях. Для іх атрымання трэба адкрыць рахунак у «Беларусбанку», падаць заяўку на выкананне абавязацельстваў, падаць выпіскі з рахунку ў сваім дэпазітарыі, заключыць дагаворы на выплаты ў беларускіх рублях, прайсці камплаенс (для фізічных асоб — копія пашпарта, для юрыдычных асоб — камплект устаноўчых дакументаў). Прычым адкрыццё рахунку ў беларускім банку магчыма толькі пры асабістым звароце.
Акрамя таго, калі прадстаўлены дакументы замежнага паходжання або ёсць сумневы ў правільнасці запаўнення якіх-небудзь радкоў, працэс можа завяршыцца адмовай у адкрыцці рахунку.
Асацыяцыі ўладальнікаў аблігацый Расіі вядомы выпадкі, калі інвестары цалкам выканалі ўмовы (падалі выпіскі, адкрылі рахунак у беларускім банку і гэтак далей), але выплат не атрымалі.
Расійскія СМІ пісалі, што на практыцы выплаты практычна не ажыццяўляюцца. Толькі некаторыя інвестары змаглі атрымаць сродкі ў мінулым годзе. У верасні гэтага года ў Беларусі адкарэктавалі парадак атрымання выплат, аднак, мяркуючы па ўсім, гэта не вырашыла праблем. «Пакуль невядома ні аб адным паспяховым кейсе атрымання выплат», — адзначыла РБК.
Аляксандр Марчанкоў раней спрабаваў судзіцца з беларускім Мінфінам у расійскім судзе. Першапачаткова яму адмовілі ў разглядзе пазову з-за падсуднасці, аднак інвестару ўдалося аспрэчыць рашэнне, і Маскоўскі гарадскі суд у выніку прыняў справу да разгляду. Адбыліся два пасяджэнні. На першым прадстаўнік Мінфіна Беларусі выступіў за разгляд пазову ў Маскве ці Лондане. На другім пасяджэнні Масгарсуд усё ж адмовіў у разглядзе пазову. Было прызнана, што справа выходзіць за межы яго юрысдыкцыі.